Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЎЧЫНЕНЫ РАЗБОЙНЫ НАПАД НА КІРАЎНІКА ГРАМАДЗКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На другі дзень Раства, 26 сьнежня, у кватэру Сяргея Гвазьдзёва пазваніў невядомы. Гаспадар неабачліва адчыніў дзьверы, і ў кватэру ўварваліся трое рабаўнікоў. Яны пачалі зьбіваць спадара Гвазьдзёва, пасьля зьвязалі яго ды заляпілі рот. Бандыты патрабавалі аддаць грошы, якія спадар Гвазьдзёў атрымаў як грант ад адной з замежных арганізацыяў.

Паводле Сяргея Гвазьдзёва, рабаўнікі перавярнулі ўсё ў хаце дагары нагамі, аднак грошай не знайшлі. Тады яны прыхапілі куртку, дублёнку, дыктафон і партманэ Сяргея, а таксама паламалі кампутар, які належыць Інфармацыйна-мэтаваму калектыву.

Пасьля таго, як бандыты зьніклі, Сяргей Гвазьдзёў парваў дрот, якім быў зьвязаны, і пачаў клікаць дапамогу. Прыбег сусед, які выклікаў міліцыю й хуткую дапамогу. З адбітымі ныркамі й паламанымі рэбрамі пацярпелага завезьлі ў шпіталь, дзе ён знаходзіўся пяць дзён. Гаворыць Сяргей Гвазьдзёў:

(Гвазьдзёў: ) “Фармальна гэтыя людзі патрабавалі грошай. Але самае дзіўнае, што гэтыя грошы ляжалі навідавоку. У мяне такое ўражаньне, што ў кватэры ўзялі збольшага дзеля “адмазкі” — тое, што ляжала зьверху. Мне цяжка меркаваць, што гэта — ці гэта чысьцюткай вады крымінал, ці гэта зьвязана з маёй грамадзкай дзейнасьцю. Але я не выключаю гэтага. Зь іншага боку, нават калі гэта й чысты крымінал, усё роўна ў ім ёсьць палітычны момант”.

Кіраўнік Інфармацыйна-мэтавага калектыву перакананы, што рабаўнікі прыйшлі ў ягоную кватэру невыпадкова. Яны называлі ягонае імя, і дакладна ведалі, што ягоная арганізацыя атрымала грант.

Інфармацыйна-мэтавы калектыў, якім кіруе Сяргей Гвазьдзёў, выдае ангельскамоўны культурніцкі часопіс "Кантакты й дыялёгі", распрацоўвае праграмы для Народнага ўнівэрсытэту, а таксама наладжвае ў розных рэгіёнах Беларусі сетку школаў грамадзкай адукацыі. У часе прэзыдэнцкіх выбараў калектыў удзельнічаў у агітацыйнай кампаніі за адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Сяргей Гвазьдзёў гаворыць, што іхная дзейнасьць ня вельмі падабаецца ўладам, і зусім нядаўна яму тэлефанавалі невядомыя ды прапаноўвалі спыніць працу арганізацыі.

Паводле факту разбойнага нападу на Сяргея Гвазьдзёва завялі крымінальную справу.


XS
SM
MD
LG