Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКІМ ГАРАДЗКІМ СУДЗЕ ЗАВОЧНА СУДЗЯЦЬ УДЗЕЛЬНІКАЎ МАРШУ СВАБОДЫ, ЯКІЯ АТРЫМАЛІ ПРЫТУЛАК У ЗАМЕЖЖЫ


Любоў Лунёва, Менск

Глеба Догіля, Германа Сушкевіча, Антона Лазарава і Андрэя Валабуева затрымалі пасьля Маршу Свабоды 17 кастрычніка 1999 году. Іх абвінавацілі ў тым, што яны падчас разгону дэманстрацыі нібыта кідалі камяні ў салдатаў унутраных войскаў.

Пракуратура распачала крымінальную справу. Хлопцаў арыштавалі й некалькі дзён трымалі пад вартай. Пасьля гэтага пракуратура задаволіла хадайніцтвы абароны, каб затрыманых студэнтаў выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

Глеб Догіль, Герман Сушкевіч, Антон Лазараў і Андрэй Валабуеў ня сталі чакаць суду. Яны зьехалі ў Польшчу і там атрымалі палітычны прытулак. Усе ўладкаваліся на вучобу і цяпер вучацца ў Варшаўскім, Беластоцкім і Кракаўскім унівэрсытэтах.

Сёньня пасьля апытаньня шасьці сьведкаў пракурор папрасіў суд арыштаваць хлопцаў на тры месяцы.

Мы зьвязаліся з Глебам Догілем:

(Догіль: ) "Я не лічу сябе злачынцам. Я выйшаў разам зь людзьмі, якія выйшлі выказаць сваё незадавальненьне палітыкай беларускіх уладаў. Улады абвінавацілі мяне ў тым, што я быў арганізатарам масавых беспарадкаў. Але гэта ня так. Тое, што мяне судзяць завочна, толькі паказвае дэмакратычнасьць беларускіх уладаў. Я не лічу сябе вінаватым".

Герман Сушкевіч дадаў:

(Сушкевіч: ) "Па-першае, зразумела, што вінаватым я сябе не лічу. Ну, калі віна ў тым, што я хачу, каб лепей было жыцьцё ў маім краі, — то я вінаваты. Па-другое, тое, што мяне судзяць завочна, мяне вельмі ўразіла. Я ня думаю, што ўсё скончыцца трыма месяцах арышту. Кожную хвіліну можна завесьці іншую крымінальную справу, якая будзе тычыцца, напрыклад, укрывальніцтва ад арміі. Тым больш, што мы ўсе зьехалі.

Мне ўжо прыходзілі дахаты нейкія позвы з ваенкамату. Калі мы вернемся ў Беларусь, гэта справа будзе працягнутая па нейкім іншым сцэнары. Цяпер, паколькі наша справа была даўно, уладам не карысна раздуваць яе й рабіць з нас новых ахвяраў рэжыму".

Бацькі кожны дзень ходзяць у суд. Яны абураюцца паказаньнямі сьведкаў і спадзяюцца, што прысуд ня будзе вельмі жорсткі. Гаворыць маці Глеба Догіля Яўгенія Паўлаўна:

(Яўгенія Паўлаўна: ) "Сапсавалі хлопцу жыцьцё. Перасьледавалі гэтых дзяцей. Цяпер, як суд ідзе, дык, як высьветлілася, няма за што іх судзіць. У мяне няма словаў. Кінулі інстытуты, кінулі ўсё. Дзеці два тыдні сядзелі ў вязьніцы. Хай бы хто-небудзь зь іх пасядзеў у СІЗА хаця б тыдзень сярод злачынцаў. А самому малодшаму не было яшчэ васямнаццаці. Ці можна так ставіцца да сваіх грамадзянаў? І яны яшчэ жадаюць, каб іх любілі і паважалі?"

Вынясеньне прысуду ў справе Глеба Догіля, Германа Сушкевіча, Антона Лазарава і Андрэя Валабуева плянуецца ў сярэдзіне наступнага тыдня.
XS
SM
MD
LG