Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІЛІЦЫЯНТЫ, ЯКІЯ ЎЧЫНІЛІ ЗЛАЧЫНСТВЫ


Любоў Лунёва, Менск

Пракуратура Маскоўскага раёну Менску распачала крымінальную справу супраць опэрупаўнаважаных упраўленьня ўнутраных справаў Маскоўскага раёну спадароў Хромава і Здольнікава. Гэтых супрацоўнікаў міліцыі абвінавачваюць у тым, што яны двойчы — замест каб адрэагаваць на выклік і выехаць на месца разбойнага нападу — засталіся ў сваіх кабінэтах і напісалі рапарты, што насамрэч выканалі свой прафэсійны абавязак. У выніку такога бязьдзеяньня пацярпелі людзі.

Крыху раней Маскоўская пракуратура праводзіла сьледзтва ў крымінальнай справе сэржанта міліцыі Сяргея Малашэнкі. Яго абвінавачвалі ў зьбіцьці супрацоўніка міжраённай менскай пракуратуры. Справу працягвае пракуратура Ленінскага раёну. У хуткім часе былы міліцыянт паўстане перад судом за перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

На супрацоўнікаў аддзелу крымінальнага вышуку Цэнтральнага ўпраўленьня міліцыі менская гарадзкая пракуратура завяла дзьве крымінальныя справы. Міліцыянтаў абвінавачваюць у жорсткім зьбіцьці падазраваных — ад іх дамагаліся, каб тыя прызналіся ў злачынстве.

Паказальна, што пасьля завядзеньня крымінальнай справы супраць двух міліцыянтаў практыка "выбіцьця" паказаньняў не спынілася. Другую крымінальную справу завялі празь месяц на яшчэ двух міліцыянтаў таго ж аддзелу.

У Ленінскай і Кастрычніцкай раённых пракуратурах таксама ёсьць распачатыя крымінальныя справы супраць міліцыянтаў. Іх абвінавачваюць у бязьдзеяньні, а дакладней, у невыкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў, што прывяло да рэзкага пагаршэньня здароўя аднаго з пацярпелых.

Не заўсёды такія справы трапляюць у суды, а калі трапляюць, то неабавязкова даходзіць да прысуду. Час ад часу крымінальныя справы на супрацоўнікаў міліцыі судзьдзі вяртаюць на правядзеньне новага сьледзтва, спасылаючыся на недахоп фактаў. Мы зьвярнуліся па камэнтар да Ўладзімера Дзюбы, які шмат часу займаецца гэтай праблемай:

(Дзюба: ) "На вялікі жаль, на працягу апошніх некалькіх гадоў мы назіраем карціну: людзі ў міліцэйскай форме, якія зьдзяйсьняюць злачынствы, застаюцца беспакаранымі. На маю думку, гэта таму, што людзі адчуваюць сваё беспакараньне зьверху і супрацоўнік міліцыі пераўтвараецца не ў абаронцу, а ў карніка. У гэтым я бачу вялікую праблему.

Баронячы гонар мундура, супрацоўнікі міліцыі ўхіляюцца ад крымінальнай адказнасьці. Яны пазьбягаюць гучных справаў і пакараньня за зьдзек над асобай. Гэта вельмі нездаровая зьява, якая можа прывесьці да вельмі балючых і складаных праблем у нашым грамадзтве".

Крымінальная справа намесьніка начальніка крымінальнага вышуку Першамайскага райаддзелу міліцыі маёра Віктара Крамсаева і чатырох ягоных падначаленых перадалі зь Першамайскага ў Фрунзенскі раённы суд. Гэтым міліцыянтам за зьбіцьцё і калецтва людзей пагражае пазбаўленьне волі на некалькі гадоў.

Фрунзенскі суд не сьпяшаецца з вынясеньнем прысуду — справу вярнулі ў пракуратуру на новае расьсьледаваньне. Гэткая ж сытуацыя і ў справе двух міліцыянтаў Андрэя Маляўкі і Леаніда Корабава ў Заводзкім судзе Менску. Гэтыя міліцыянты забілі ў мэдвыцьвярэзьніку начальніка зьмены гадзіньнікавага заводу Аляксандра Кулакова. Пракуратура давяла справу да суду толькі дзякуючы ўмяшальніцтву сына забітага — хакеіста, які йграе ў Нямеччыне ў "Бундэс лізе". Але невядома ці прагучаць прысуды ў гэтых справах напрыканцы году.
XS
SM
MD
LG