Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ТРАСЬЦЯНЦЫ БУДУЦЬ УСТАЛЯВАНЫЯ КРЫЖЫ Й ЗНАК ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ФАШЫЗМУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатарамі сёньняшняга круглага стала, у якім удзельнічалі актывісты грамадзкіх арганізацыяў, супрацоўнікі Менскага гарвыканкаму, прадстаўнікі рэлігійных канфэсіяў і замежных амбасадаў выступіў кіраўнік гістарычнага таварыства "Трасьцянец" Яўген Цумараў і прэзыдэнт Саюзу габрэйскай арганізацыяў і габрэйскай грамады ў Беларусі Леанід Левін. Яўген Цумараў так вызначыў кола праблемаў у справе ўшанаваньня памяці ахвяраў Трасьцянца:

(Цумараў: ) "Мы павінны паставіць перад грамадзкасьцю некалькі пытаньняў. Ушанаваць 60 гадоў трасьцянецкага лягеру й менскага гета, і 60-годзьдзе прыбыцьця ў Менск першых эшалёнаў з краінаў Эўропы. Мы таксама павінны праінфармаваць грамадзкасьць пра парадак усталяваньня крыжоў і мэмарыяльнага камня на месцы пахаваньня ня менш як 150 тысяч чалавек розных нацыянальнасьцяў. У тым ліку й вядомых беларусаў, напрыклад вядомага грамадзкага й культурнага дзеяча ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які там быў расстраляны".

Паводле кіраўніка гістарычнага фонду "Трасьцянец", арганізацыям, якія займаюцца ўшанаваньнем памяці ахвяраў нацызму, трэба больш шчыльна супрацоўнічаць паміж сабой, а таксама зь міжнароднымі арганізацыямі ў справе пашырэньня базы зьвестак пра лягер "Трасьцянец".

У наступным годзе ў Менску й Нямеччыне пройдуць дзьве канфэрэнцыі, прысьвечаныя памяці ахвяраў нацысцкіх канцэнтрацыйных лягераў. Але, галоўная задача на бліжэйшы час — пабудаваць у Трасьцянцы часовы помнік ахвярам — два васьмімэтровыя крыжы (каталіцкі й праваслаўны), а таксама памятны камень ад юдэйскай рэлігійнай грамады.

Гаворыць сябра аргкамітэту ў справе ўшанаваньня ахвяраў Трасьцянца, пробашч менскага касьцёлу сьв. Сымона й Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк:

(Завальнюк: ) "Калі ў Трасьцянцы спачывае больш за 546 тысяч ахвяраў — там павінны стаяць крыжы. Да сёньняшняга дня, на жаль, ніякіх зрухаў няма, хаця й было ўзьнятае гэтае пытаньне, але нічога ня зроблена. І — вось нашыя ня толькі прапановы, але й намеры паставіць крыжы".

(Карэспандэнт: ) "Крыжы плянавалі паставіць на Дзень задушны, на Дзяды. Чаму гэтага не адбылося?"

(Завальнюк: ) "Не адбылося толькі таму, што мы чакалі адказу (не дазволу, але адказу) на такое мерапрыемства ад Менгарвыканкаму. І да сёньня мы яго не атрымалі".

Пробашч менскага Чырвонага касьцёлу лічыць, што калі чыноўнікі гарвыканкаму да 12 лістапада не дадуць ніякага адказу на зварот грамадзкасьці прыняць удзел у цырымоніі ўсталяваньня крыжоў і знаку, гэта трэба рабіць бязь іх. На думку ксяндза Завальнюка, хопіць і таго, што ўсталяваньне помніка ў Трасьцянцы блаславілі мітрапаліт Філарэт, кардынал Сьвёнтэк і кіраўнікі юдэйскай грамады.

Ксёндз Завальнюк сказаў, што разам зь іншымі сьвятарамі асьвеціць гэты помнік, а таксама будзе маліцца за тысячы ахвяраў бальшавіцкага тэрору, расстраляных у Трасьцянцы перад Другой усясьветнай вайной. У выніку, удзельнікі круглага стала вырашылі, што крыжы ў Трасьцянцы будуць усталяваныя да канца гэтага месяца.

У часе круглага стала, шмат гаварылася пра тое, што ўлады нічога ня робяць дзеля выкананьня пастановы Савету Міністраў ад 1994 году, паводле якой у Трасьцянцы мусіў паўстаць сапраўдны мэмарыял. Кіраўнік габрэйскіх арганізацыяў Леанід Левін сказаў, што актывісты ўжо ня раз зьвярталіся да ўладаў у гэтай справе, але безвынікова.

Іншыя ж удзельнікі круглага стала вырашылі працягваць перамовы з уладамі, каб дамагчыся выкананьня рашэньня ўраду. Адначасова прадстаўнікі грамадзкасьці будуць зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці з просьбаю дапамагчы ў пабудове мэмарылу.

Альгерд Невяроўскі, Менск

ДАВЕДКА ПРА ТРАСЬЦЯНЕЦ

Канцэнтрацыйны лягер "Трасьцянец" быў заснаваны нямецкімі нацыстамі ва ўрочышчы пад Менскам восеньню 1941 году на тэрыторыі калгасу імя К.Маркса, які належаў НКВД БССР.

У 1930-я ды ў 1940-я гады мінулага стагодзьдзя НКВД праводзіў у Трасьцянцы масавыя расcтрэлы людзей. З прыходам нацыстаў на тэрыторыі ўрочышча былі пабудаваныя баракі, абнесеныя калючым дротам. Першымі вязьнямі канцлягеру сталі савецкія ваеннапалонныя.

Паводле высноваў дзяржаўнай камісіі, у склад якой уваходзілі пісьменьнікі Міхась Лынькоў і Кандрат Крапіва, што ў 1946 годзе расьсьледавала злачынствы нацыстаў на тэрыторыі Беларусі, ад восені 1941 да ліпеня 1944 году ў Трасьцянцы было зьнішчана 546 тысяч грамадзянаў Беларусі (у тым ліку большасьць вязьняў менскага гета), а таксама грамадзяне Ўкраіны, Расеі, іншых краінаў былога СССР, Нямеччыны, Аўстрыі, Францыі, Галяндыі, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі й Славаччыны.

Трасьцянец быў трэцім па велічыні лягерам сьмерці на тэрыторыі Эўропы пасьля Асьвенціма і Майданэка. Летам 1994 году тагачасны прэм'ер Беларусі Вячаслаў Кебіч падпісаў пастанову пра стварэньне на тэрыторыі Трасьцянца мэмарыяльнага комплексу. Гэная пастанова дагэтуль ня выкананая.
XS
SM
MD
LG