Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЗНОЎ ТРАПІЛА Ў ЛІК КРАІНАЎ, ДЗЕ ІСНУЕ ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ НЕКАТОРЫХ РЭЛІГІЯЎ


Кастусь Бандарук, Прага

Дакумэнт ахоплівае 195 краінаў сьвету за пэрыяд зь ліпеня мінулага году да ліпеня сёлета. Найгоршая, паводле справаздачы, сытуацыя ў Афганістане, Іране, Іраку, Бірме, Кітаі, Судане і Паўночнай Карэі. Беларусь патрапіла ў групу краінаў, дзе існуе дыскрымінацыйнае заканадаўства і палітыка ў дачыненьні да некаторых рэлігіяў.

У справаздачы Дзярждэпартаманту канстатуецца, што сытуацыя ў галіне свабоды рэлігіі ў Беларусі за апошні год пагоршылася. Кіраўніцтва Беларусі працягвала палітыку падтрымкі асноўнай канфэсіі – Расейскай Праваслаўнай Царквы і дыскрымінацыі іншых веравызнаньняў, у прыватнасьці, пратэстанцкіх дэнамінацыяў, Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы і некаторых ўсходніх рэлігіяў. Улады перш за ўсё адмаўлялі некаторым канфэсіям ў рэгістрацыі, перашкаджалі набываць альбо арандаваць аб’екты, што ускладняла іхную дзейнасьць. Дэкрэт Рады Міністраў з 95-га году моцна абмяжоўвае дзейнасьць пратэстанцкіх прапаведнікаў, на чым настойвала Праваслаўная Царква, якая хацела загарантаваць сабе прывілеяванае становішча і адсутнасьць канкурэнцыі.

Паводле справаздачы, згодна апытаньню, праведзенаму 98-м годзе, менш як палова насельніцтва Беларусі верыць ў Бога, пры чым 60 адсоткаў прызнаецца да рэлігійных і культурных сувязяў з праваслаў’ем. Каля 80 адсоткаў зь ліку тых, хто верыць ў Бога, заяўляюць аб сваёй прыналежнасьці да Расейскай Праваслаўнай Царквы. У студзені сёлета гэтая Царква налічвала 1172 парафіі. Прыблізна 400 тысячаў вернікаў і каля 400 парафіяў налічвае Каталіцкая царква. Пратэстанцкія цэквы, найперш пяцідзесятнікі і баптысты, маюць больш за 1000 грамадаў. Каля 60 тысячаў чалавек лічаць сябе габрэямі, удвая менш чым 10 гадоў таму.

Згодна Канстытуцыі 96-га году, стаўленьне дзяржавы да рэлігійных арганізацыяў залежыць ад іхнага “ўплыву на фармаваньне духоўных і культурных традыцыяў беларускага народу”. Лукашэнка, які сам сябе называе “праваслаўным атэістам”, заявіў што дзяржава павінна гарантаваць захаваньне “хрысьціянскіх каштоўнасьцяў”. Усталяваны ў студзені 97-га году Камітэт ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў зарэгістраваў агулам 26 рэлігійных дэнамінацыяў. Без рэгістрацыі яны ня могуць набыць ці арандаваць будынкі для сваіх багаслужбаў, а міліцыя неаднойчы разганяла малітоўныя сходы ў прыватнах памяшканьнях. Ім адмаўляюць ў рэгістрацыі на той падставе, што яны ня маюць афіцыйнага адрасу, а набыць нерухомасьць яны ня могуць, таму што не зарэгістраваныя. Ацэньваецца, што ў рэгістрацыі было адмоўлена 70-ці адсоткам пратэстанцкіх абшчынаў.

Улады ня хочуць рэгістраваць таксама парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўзнай Царквы, якая налічвае ў Беларусі каля 70-ці абшчынаў. Улады шэраг разоў арыштоўвалі сьвятара гэтай Царквы Івана Спасюка. У Беларусі, – гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпаратамэнту ЗША, – канэфэсіі дзеляцца на “традыцыйныя і нетрадыцыйныя”. Да першай групы належаць Праваслаўная царква, Рыма-Каталіцкая, габрэі і мусульмане. Нетрадыцыйныя – гэта пратэстанцкія цэрквы і ўсходнія рэлігіі, некаторыя зь якіх ўлады лічаць сэктамі. У красавіку сёлета афіцыйны друк апублікаваў сьпіс 74-х “дэструктыўных сэктаў”, да якіх залічаныя мармоны і сьведкі Яговы.

Усе зарэгістраваныя канфэсіі тэарэтычна карыстаюцца аднолькавымі правамі, аднак выразна падтрымліваюць Праваслаўную Царкву, якую лічаць саюзьніцай ў палітыцы, накіраванай на “славянскае адзінства” і аб’яднаньне Беларусі і Расеі. У траўні сёлета Архіепіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Максім адкрыта заклікаў прыняць закон, які гарантуе прывілеяваны статус Праваслаўнай царкве, увядзе навучаньне рэлігіі ў школах і абмяжуе дзейнасьць “дэструктыўных сэктаў” у краіне. Кіраўнік эгзархату РПЦ мітрапаліт Філярэт ўзнагародзіў трох журналістаў “Народнай газэты” за паклёпніцкія артыкулы аб пратэстанцкіх грамадах.

16-га чэрвеня мінулага году менскія ўлады забаранілі 5-ці тысячам каталікоў традыцыйнае шэсьце з нагоды сьвята “Божага Цела”. Згодна прынятым у сакавіку сёлета новым правілам, замежныя рэлігійныя дзеячы, сьвятары і прапаведнікі могуць прыбыць ў Беларусі толькі з дазволу Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Абмежавальніцкі характар закону адчувае, у прыватнасьці, Каталіцкая царква, якой не хапае сьвятароў.

Беларускія ўлады, – паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, – праводзяць таксама варожую палітыку ў дачыненьні да габрэяў. У сакавіку летась суд адхіліў скаргу габрэйскіх арганізацыяў на публікацыю антысэміцкай кнігі “Вайна па законах подласьці”. У сьнежні летась менская сынагога была аб’ектам бомбавага замаху. Шэраг разоў былі апаганеныя таксама габрэйскія могілкі.

Такім чынам, паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, хаця Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду рэлігіі, аднак на практыцы беларускія ўлады дыскрымінуюць некаторыя рэлігійныя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG