Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУД У СПРАВЕ ЗАВАДЗКАГА АДНАВІЎСЯ СЁНЬНЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў памяшканьні Вярхоўнага суду аднавіўся працэс над магчымымі выкрадальнікамі Зьмітра Завадзкага — былымі спэцназаўцамі Ігнатовічам, Малікам, Гузам і Савушкіным.

Напярэдадні дактары хуткай дапамогі прызналі Валер'я Ігнатовіча, які, па зьвестках, трымае галадоўку, ня здольным удзельнічаць у працэсе . Між тым, сёньня галоўнага абвінавачанага разам зь іншымі прывезьлі ў суд. Яго быццам бы палічылі дастаткова здаровым турэмныя дактары.

Паводле крыніцаў з судовай залі, сам Ігнатовіч з гэтым ня згодны. Ён просіць суд накіраваць яго ў шпіталь, але не ў турэмны, бо, як ён кажа, там лечаць вельмі дрэнна. Кажуць, што Ігнатовіч, калі да яго не зьвяртаецца судзьдзя, ляжыць на лаве падсудных, накрыўшыся коўдрай.

Гуз і Малік на пытаньні судзьдзі адказваюць. Савушкін тлумачыць, што нічога ня чуе. Судзьдзя Аляксандар Сіманаў не задаволіў хадайніцтваў адкласьці працэс з прычыны адсутнасьці некаторых пацярпелых. Ён вырашыў не рабіць перапынкаў, а разглядаць эпізоды ў залежнасьці ад прысутнасьці пацярпелых.

Назіральнікі лічаць гэтае рашэньне ўскосным доказам таго, што судзьдзя імкнецца завершыць працэс як мага хутчэй.

У другой палове дня адвакат Вольгі Рыгораўны Завадзкай Ігар Аксёнчык хадайнічаў пра тое, каб зрабіць суд адкрытым. Фармальна працэс закрыты з прычынаў небясьпекі для некаторых удзельнікаў. Паводле Аксёнчыка, можна спалучыць і патрабаваньні бясьпекі, і адкрытасьць з асноўнай часткі працэсу. Гаворыць Ігар Аксёнчык:

(Аксёнчык: ) "Я прашу правесьці суд адкрыта, а калі суд палічыць неабходнай прысутнасьць тых удзельнікаў працэсу, адносна якіх былі прынятыя захады бясьпекі, вось тады некаторыя паседжаньні могуць праводзіцца ў закрытым рэжыме. Аднак сам працэс павінен быць адкрыты, інакш страчваецца адна з мэтаў ягонага правядзеньня — гэта паказальнасьць таго, што злачынства пакаранае".

З прычыны закрытасьці суду мне дагэтуль невядома, як паставіўся судзьдзя да гэтага хадайніцтва.

Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, на сёньняшнім паседжаньні не прысутнічала. Яна абскарджвала ўчорашняе рашэньне судзьдзі Сіманава не дапусьціць да абароны ейных інтарэсаў юрыста Андрэя Бастунца зь Беларускай асацыяцыі журналістаў.


XS
SM
MD
LG