Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У СПРАВЕ ЗАВАДЗКАГА ПАЧАЎСЯ І ПРАЗ ТРЫ ГАДЗІНЫ СПЫНІЎСЯ НА НЯПЭЎНЫ ЧАС


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судовы працэс пачаўся, як і плянавалася, а 10-й гадзіне. Журналісты чакалі, што іх усё ж прапусьцяць на першае паседжаньне, а ўжо потым абвесьцяць працэс закрытым, але іх чакала расчараваньне. Заслона з афіцэраў службы аховы сёньня была надзвычай пільнай, наведнікаў прапускалі ў суд толькі адпаведна са сьпісам. А на ўсялякі выпадак побач з будынкам суду чакаў аўтобус з амонаўцамі.

Як потым распавяла Сьвятлана Завадзкая, нават ў залі суда ўзялі надзвычайныя захады аховы — адразу некалькі вартаўнікоў увялі ў залю абвінавачаных Ігнатовіча, Маліка, Гуза і Савушкіна. Але потым пачалося тое, што не магло не зьдзівіць дасьведчаных у судовых справах людзей. Распавядае Сьвятлана Завадзкая:

(Завадзкая: ) "Ігнатовіч адразу сказаў, што зьбіраецца хадайнічаць пра прызначэньне незалежнай мэдыцынскай экспэртызы, але потым, калі прыйшоў час хадайнічаць, высьветлілася, што ён сьпіць. Ляжыць пад коўдрай, накрыўся капюшонам і сьпіць".

Сьвятлана Завадзкая так для сябе і ня вырашыла, ці Ігнатовіч сапраўды адчувае сябе вельмі дрэнна, ці сымулюе. Яна кажа, што ня ведае адказу на гэтае пытаньне нават пасьля таго, як да Ігнатовіча была выкліканая хуткая дапамога і лекары зрабілі выснову, што пакуль ён ня ў стане прысутнічаць на судзе.

Зьдзівілі Завадзкую і паводзіны абвінавачанага Савушкіна. Усе заўважылі, што калі судзьдзя нешта ў Савушкіна пытаецца, той не адказвае — нібыта таму, што ня чуе. "Мне падалося, для судзьдзі гэткі пачатак працэсу быў нечаканым", — лічыць Сьвятлана Завадзкая.

Другой падзеяй паседжаньня стала адмова ў хадайніцтве дапусьціць юрыста Андрэя Бастунца быць прадстаўніком Сьвятланы Завадзкай. Судзьдзя Аляксандар Сіманаў вырашыў, што Сьвятлане і ёйнай сьвякрусе Вользе Рыгораўне Завадзкай хопіць на дваіх аднаго адваката — Ігара Аксёнчыка.

Аднак жонка Зьмітра Завадзкага з гэтым ня згодная. Яна кажа, што адна гадуе малое дзіця і ня мае магчымасьці кожны дзень быць на судзе. Ёй бы вельмі дапамог асабісты прадстаўнік, але рашэньне судзьдзі фактычна пазбаўляе яе права на абарону як пацярпелай.

(Завадзкая: ) "Самі даюць падставу для скандалу. Гэта абсурд, што жонцы Завадзкага не дазволілі мець прадстаўніка ў судзе. Хаця добра ведаюць, што я адна, з малым дзіцём. Як я ад гэтага стамілася!" — абуралася Сьвятлана Завадзкая.

Таксама судзьдзя адхіліў хадайніцтва абвінавачанага Маліка, які прасіў дапусьціць ягоную маці да абароны на той падставе, што маці Маліка дапытвалі як сьведку. Увогуле на суд не дапусьцілі нікога са сваякоў абвінавачаных. Як і журналісты, яны сёньня гуртаваліся вакол будынку суда, але ад кантактаў з мэдыямі ўхіляліся.

Затое ў судовай залі поўна пацярпелых ды іхных сваякоў. "Нас каля дваццаці чалавек. Як пабачыш такую колькасьць, бярэ жах і зьдзіўленьне. Як магла такая маленькая банда столькі нарабіць злачынстваў?" — гэтак выказала галоўнае ўражаньне ад першага дня працэсу Вольга Рыгораўна Завадская.

Калі працэс адновіцца, ніхто пакуль ня ведае. "Тэлефануйце, усё залежыць ад стану здароўя Ігнатовіча", — заявіў судзьдзя Сьвятлане і Вользе Завадзкім.


XS
SM
MD
LG