Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ ГАБРЭЙСКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ БЕЛАРУСІ АБУРАНЫЯ СТАЎЛЕНЬНЕМ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ ДА ГАЛАКОСТУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У рамках Дзён памяці, прысьвечаных 60-годзьдзю пачатку Галакосту ў Беларусі й 58-й гадавіне зьнішчэньня вязьняў менскага гета, сёньня ў габрэйскім культурным цэнтры Хэсэд-Рахамім прайшоў круглы стол.

У круглым стале ўдзельнічалі былыя вязьні гета, вэтэраны вайны й праведнікі народаў сьвету, якія хавалі габрэяў ад перасьледу нацыстаў. Удзельнікі канстатавалі, што ў Днях памяці ахвяраў Галакосту ў Беларусі брала ўдзел няшмат людзей. Былі гэта збольшага альбо габрэі сталага веку, якія самі перажылі Галакост, альбо людзі іншых нацыянальнасьцяў, што іх ратавалі.

У часе круглага стала казалі пра тое, што маладыя людзі вельмі мала ведаюць пра Галакост — у беларускіх дзяржаўных мэдыях і ў школьных праграмах гэтая тэма фактычна не прысутнічае.

На думку ўдзельнікаў круглага стала, праблема памяці вельмі важная, тым больш цяпер, калі чалавецтва стаіць на парозе вайны з новым фашызмам — міжнародным тэрарызмам.

Але ня менш абурыла ўдзельнікаў круглага стала абыякавае стаўленьне беларускіх уладаў да Дзён памяці ахвяраў Галакосту. Дзяржава не выдаткавала ніводнага грошыка на правядзеньне гэтага мерапрыемства, а некаторыя невысокія беларускія чыноўнікі, якія прыйшлі, былі толькі на мітынгу-рэквіему, на іншыя мерапрыемствы не зьявіліся.

Гаворыць арганізатарка Дзён памяці ахвяраў Галакосту ў Беларусі Іна Герасімава:

(Герасімава: ) "Я сёньня проста ўбачыла, наколькі абыякавы лёс памяці. Мы лічылі, што Дні памяці стануць агульнанацыянальнымі. А беларускія ўлады сябе паказалі вельмі непрыстойна перад міжнароднай супольнасьцю. Сёньняшнія падзеі наўпрост зьвязаныя з тым бытавым антысэмітызмам, які існуе ў нас у краіне. Так, быў Лукашэнка на "Яме", а далей што? На мой погляд, гэта ня проста непавага, а гэта ўвогуле, прабачце, проста прадэманстравалі пагарду да нас".

Спадарыня Герасімава сказала, што іхны Саюз паспрабуе высьветліць, чаму беларускія ўлады так абыякава паставіліся да Дзён памяці, і паінфармуе пра такія адносіны чыноўнікаў сяброў міжнародных арганізацыяў і штогадовую Стакгольмскую канфэрэнцыю кіраўнікоў дзяржаваў у справе Галакосту.


XS
SM
MD
LG