Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чаму працэс па справе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага будзе закрыты? Тацяна Клімава вітае вяртаньне эўрапейскіх парлямэнтароў да чатырох патрабаваньняў да рэжыму Лукашэнкі, сярод якіх вызваленьне палітычных вязьняў. "Алкаеву помсьцяць за словы праўды", — лічыць жонка аднаго са сьведкаў па справе Ганчара і Красоўскага.


На гэтым тыдні нарэшце назвалі дзень, калі пачнецца працэс па справе групоўкі, якая быццам скрала апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Працэс пачнецца 24 кастрычніка ў будынку Вярхоўнага Суду, але весьці працэс даручылі калегіі абласнога суду.

Працэс будзе закрыты — судзьдзі тлумачаць гэта захаваньнем дзяржаўных сакрэтаў. Што гэта за сакрэты, не паведамляюць, але з пракуратуры дайшла інфармацыя, што разам з былым спэцназаўцам Ігнатовічам да адказнасьці па гэтай справе прыцягнулі нейкага супрацоўніка спэцслужбаў. Маўляў, на судзе будуць закранаць сакрэты, зьвязаныя зь ягонай службай, таму працэс мусіць быць закрыты.

Між тым жонка зьніклага апэратара ОРТ Сьвятлана Завадзкая лічыць, што "закрытасьць" працэсу мае іншыя прычыны.

(Сьвятлана Завадзкая: ) "Маё асабістае меркаваньне такое — справа закрытая таму, што адным з эпізодаў ёсьць Дзімава справа. Але цяжка сказаць, што ёсьць сапраўднай прычынай, бо ад мяне гэта хаваюць", — сказала Радыё Свабода жонка зьніклага Завадзкага.

На ейную думку, улады спрабуюць з дапамогай працэсу зьбіць хвалю грамадзкай цікавасьці да праблемы зьніклых. Такой жа думкі трымаецца і вядомы юрыст, сябар Канстытуцыйнага суду ўзору 1996 году Міхаіл Пастухоў. Ён кажа пра боязь уладаў — на працэсе можа быць бачна, што сьледзтва не гатовае адказаць, дзе Завадзкі і што зь ім сталася. Міхаіл Пастухоў выказваецца за актывізацыю патрабаваньняў грамадзкасьці да ўладаў правесьці працэс супраць Ігнатовіча ды іншых адкрыта.

Падзеяй тыдня варта лічыць і навіну са Страсбургу, дзе чарговы раз на сэсіі эўрапейскага парлямэнту разглядалі беларускае пытаньне. Эўрапейцы не забыліся пра праблему зьнікненьня ў Беларусі вядомых апазыцыянэраў і наяўнасьці ў турмах палітычных вязьняў.

Там пацьвердзілі ранейшую пазыцыю пра чатыры патрабаваньні да рэжыму Лукашэнкі — гэта ўмова наладжваньня двухбаковых зносінаў. Сярод гэтых чатырох патрабаваньняў — выпусьціць з турмаў палітычных вязьняў.

Нагадаю, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў ужо тры з паловай гады знаходзіцца за кратамі на прысуд з палітычнымі матывамі, як лічаць праваабаронцы. Сваякі лічаць, што ягоныя шанцы на датэрміновае вызваленьне невялікія, і ўсё ж жонка Клімава Тацяна ўхваляе намаганьні эўрапейцаў дзеля вызваленьня ейнага мужа. Яна не дае веры апошнім абяцаньням беларускіх уладаў выпусьціць Клімава датэрмінова.

(Тацяна Клімава: ) "Увогуле беларускія ўлады адносна Андрэя займаюць выразна ілжывую пазыцыю. Была амністыя, але яго не закранула. Было рашэньне Канстытуцыйнага суду зьменшыць пакараньні па такіх справах, як Андрэева, але Лукашэнкаў парлямэнт гэтае рашэньне і заблякаваў. Яны цяпер абяцаюць яго выпусьціць раней на год, але й гэтага можа ня быць", — мяркуе жонка дэпутата Клімава Тацяна.

І яшчэ нагадаю адну навіну, якая тычыцца справаў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Усім вядома пра рапарт па гэтай справе палкоўніка міліцыі Алкаева. Ён паведаміў свайму кіраўніцтву пра тое, што камандзір спэцгрупы ўнутраных войскаў Паўлічэнка можа мець дачыненьне да зьнікненьняў апазыцыянэраў і потым паўтарыў паказаньні сьледчым.

Пасьля гэтага Алкаеву прапанавалі адмовіцца ад свайго рапарту, але той не саступіў, мусіў быў падаць заяву аб звальненьні зь міліцыі і зьехаў з краіны. І вось стала вядома, што ягоную заяву задаволілі — але гэтак, што палкоўніка, які больш за 20 гадоў праслужыў у міліцыі, фактычна выгналі бяз пэнсіі і грашовай дапамогі.

"Майму мужу помсьцяць за той рапарт, ад якога ён не адмовіўся. Таго, што ў нас робіцца, я больш камэнтаваць не магу", — сказала нашаму радыё Ірына Алкаева.

XS
SM
MD
LG