Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ БАРОНІЦЬ КУРАПАТЫ АД БУЛЬДОЗЭРАЎ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ў Курапатах па-ранейшаму прыпыненыя будаўнічыя работы. Дарогу будаўнікам перакрываюць ужо 18 крыжоў. На дрэве вісіць вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Паставілі два намёты, гарыць вогнішча.

Прадстаўнікі Маладога Фронту бароняць Курапаты ад будаўнікоў зь вялікім сабакам, ньюфаўндлендам. Мой суразмоўца, сябар Кальварыйскай рады Маладога Фронту Сяржук Мацкойць апрануты ў вайсковую форму.

(Мацкойць: ) "Недзе а 10-й гадзіне раніцы тут, насупраць галоўнага крыжа спынілася машына з бартавымі знакамі "Дарожна-будаўнічае ўпраўленьне 34 акцыянэрнага таварыства дарожна-будаўнічага трэсту Віцебску". Два супрацоўнікі гэтай канторы спрабавалі зрабіць тут пэўныя замеры. Я, Павал Севярынец ды ўсе, хто тут ёсьць, не далі ім гэтага зрабіць".

Сяржук Мацкойць ды іншыя сябры Маладога Фронту сёньня размаўлялі з будаўнікамі.

(Мацкойць: ) "Яны настроеныя так: пакуль людзі ёсьць — мы сюды ня пойдзем. З учорашняга дня інтэнсіўна ідуць работы ў прамой адлегласьці ад Курапатаў. У нас ёсьць такія падазрэньні, што яны пачнуць весьці працу з двух бакоў адразу, каб мы не пасьпелі абараніць нашы Курапаты".

Але падазрэньні Сяржука Мацкойця сёньня ня спраўдзіліся. Я праехала далей па дарозе — з другога боку Курапатаў будаўнічыя работы яшчэ не пачыналіся.

Мой другі суразмоўца Зьміцер Ядчэня правёў гэтую ноч у Курапатах.

(Ядчэня: ) "Вельмі халодна было. Пад раніцу, недзе а 6-й гадзіне былі замаразкі да -3, увогульле нават каля вогнішча было цяжка сагрэцца. Потым выглянула сонца, і крыху пацяплела.

Усё на добраахвотнай аснове, ніхто не прымушае, па сваім жаданьні мы тут застаемся. Учора разам зь сябрамі Маладога Фронту тут начавалі сябры Беларускай партыі свабоды. Для іх мы паставілі яшчэ адзін намёт. Сёньня мы ізноў працягнем дзяжурства. Мы будзем стаяць да апошняга й будзем сачыць ня толькі за тым, што тут адбываецца, але й за тым, што будзе вырашаць аргкамітэт у абарону Курапатаў".

Сёньня я сустрэлася ў Курапатах і з прадстаўніком "Магістральаўтадору" Аляксандрам Барысевічам. Вось як ён тлумачыць прычыны канфлікту, што ўзьнік у сувязі з пашырэньнем кальцавой дарогі каля Курапатаў.

(Барысевіч: ) "Можа, трэба было загадзя паведаміць праз газэты, што праектуецца такая дарога шырокая, паводле міжнародных стандартаў. Можа, людзі інакш бы паставіліся, з разуменьнем. Нам устанавілі тэрмін, калі трэба ўвесьці гэтую кальцавую — лістапад 2002 году. І таму, каб своечасова выканаць заданьне прэзыдэнта, тут працуе ўся краіна — Віцебск, Гомель, Берасьце, Магілёў".

Ці ёсьць яшчэ магчымасьць спыніць рэканструкцыю кальцавой дарогі каля Курапатаў і правесьці дарогу іншым шляхам, згодна з праектам 1993 году? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да геадэзіста Міхала Ярэца, які працуе цяпер на гэтым участку дарогі.

(Ярэц: ) "Гэта будуць нічым не абгрунтаваныя выдаткі. Варыянт такі — каб мінімальна закрануць... Можа, некалькі могілак прыйдзецца перазахаваць. Усё астатняе застанецца некранутым. Лепшага варыянту я як геадэзіст тут ня бачу. Праектоўнікі некалькі разоў пераглядалі варыянты рэканструкцыі, каб абысьці, не закрануць і тут, і там, неяк сьціснуцца.. Дзе могілкі блізка, будзем ставіць падпорныя сьценкі. Усё магчымае зробім, каб не закрануць", — абяцае геадэзіст Міхал Ярэц.

Але гэта тэхнічы бок Курапацкай праблемы, а што да маральнага... Вось ужо некалькі дзён над Курапатамі лятае вялікая чарада галубоў. Некаторыя людзі кажуць, што гэта душы бязьвінна загінулых у Курапатах людзей.

XS
SM
MD
LG