Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАСТАРУНКУ ЗАХВАРЭЎ АПАЗЫЦЫЯНЭР ВАСІЛЬЧАНКА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Кіраўніцтва пастарунку было вымушанае вызваліць спадара Васільчанку, калі ў таго пачало гнісьці перабітае вуха і абвастрыліся захворваньні. Вязень адбываў пакараньне ў вельмі неспрыяльных умовах.

Вось як ахарактарызаваў умовы ў пастарунку Васіль Васільчанка: "Мяне пасадзілі разам з крымінальнікамі. Шэсьць чалавек існавалі на пяці квадратных мэтрах. Спалі па чарзе, было вельмі халодна. Усе крымінальнікі палілі, а я вельмі дрэнна ўспрымаю тытунь".

Васіль Васільчанка трапіў у пастарунак па абвінавачаньню ў дробным хуліганстве. Назіральніка пакаралі пазбаўленьнем волі на 10 сутак адразу пасьля таго, як у магілёўскім шпіталі ён зьняў пабоі, якія яму нанес кіраўнік мясцовай вэртыкалі Ўладзімер Канавалаў.

Менавіта падчас незалежнага назіраньня ў прысутнасьці сьведак чыноўнік зьбіў Васіля Васільчанку гэтак, што ў таго лопнула барабанная плеўка вуха, былі іншыя траўмы. Ва ўсіх мэдычных установах Клімавічаў адмовіліся правесьці мэдычную экспэртызу. Але ж калі ў Магілёве спадар Васільчанка атрымаў адпаведную даведку, то па вяртаньні ў Клімавічы знайшліся сьведкі, якія сказалі, што ён лаяўся ды прыставаў да мінакоў.

Адметна, што падобнае абвінавачаньне далі і ягонай жонцы, аднак судовага рашэньня пакуль што няма. Падчас судовага паседжаньня актывістцы незалежнага назіраньня стала дрэнна, і яе з дыягназам "гіпэртанія" адвезьлі ў мясцовы шпіталь.

Тым часам суд чакае яшчэ аднаго раённага каардынатара незалежнага назіраньня — Алега Мяцеліцу. Характэрна, што крымінальная справа на кардынатара Бялыніцкага раёну распачалася ў той час, калі ён сядзіць у пастарунку.

Нагадаю, што Мяцеліцу пазбавілі волі на 15 сутак за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу. За мітынг суд палічыў сэмінар назіральнікаў за выбарамі, які праводзілі на кватэры ў спадара Мяцеліцы. На дзясяты дзень знаходжаньня ў пастарунку міліцыянты правялі ператрус у ягоным гаражы і знайшлі налепкі руху супраціву "Зубр". Менавіта гэтыя налепкі сталі падставай, каб абвінаваціць спадара Мяцеліцу ў абразе гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG