Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зінаіда Ганчар кажа, што ня кіне дамагацца праўды пра зьнікненьне ейнага мужа. Дагэтуль няма ніякіх зьвестак пра супрацоўніка КГБ Угляніцу і актывіста "Края" Жарнасека, якія выступілі з выкрыцьцём найвышэйшых дзеячоў улады па справе Ганчара і Красоўскага. Палкоўніка Алега Алкаева звольнілі зь міліцыі. Справа Зьмітра Завадзкага дагэтуль ня трапіла ў суд.

16 верасьня спаўняецца 2 гады, як зьніклі намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Улады дагэтуль кажуць, што тайна гэтага зьнікненьня не раскрытая, хаця ўжо зьявілася шмат сьведкаў нападу і расправы над апазыцыянэрамі.

Аднак афіцыйна сьледзтва не завершанае і нават не наблізілася да завяршэньня, і ўлады працягваюць абвінавачваць апазыцыю ў спэкуляцыях на тэму зьніклых. Толькі грамадзкасць не зьбіраецца саступаць.

У панядзелак у Менску пройдзе яшчэ адна акцыя "Хочам ведаць праўду" — ланцугом вакол будынку адміністрацыі Лукашэнкі а 17-й гадзіне стануць тыя, каму неабыякавы лёс дэмакратыі ў краіне. Гэта будзе адказ і тым, хто сьцьвярджае, што праблема зьніклых людзей для апазыцыі — каньюнктурная, што пра яе забудуцца хутка пасьля выбараў.

Сярод тых, хто прыйдзе пікетаваць Лукашэнкаву адміністрацыю, будзе Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага Віктара Ганчара. Яна заявіла нашаму радыё, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ніяк не паўплываюць на яе барацьбу.

(Зінаіда Ганчар: ) "Я буду рабіць тое, што рабіла раней. Пісала і буду пісаць, хадзіла і буду хадзіць, сустракалася і буду сустракацца з тымі, хто можа дапамагчы знайсьці Віктара", — паведаміла Зінаіда Ганчар.

Падобна на тое, што колькасьць зьніклых у Беларусі павялічылася. У КГБ кажуць, што дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца іхны супрацоўнік Генадзь Угляніца. Яго працягваюць шукаць — ён дагэтуль падазраецца ў дэзэртырстве, але ніякіх доказаў ягонай віны, акрамя таго, што ён не зьяўляецца на службу, няма.

Нагадаю, што тры тыдні таму зьявілася касэта, на якой супрацоўнік менскага ўпраўленьня КГБ Генадзь Угляніца і актывіст арганізацыі "Край" Андрэй Жарнасек распавялі пра сваё расьсьледаваньне справы Ганчара і Красоўскага і на падставе паказаньняў сьведкі Мяцельскага абвінавацілі пэўных асобаў з улады ва ўдзеле ў выкраданьні апазыцыянэраў.

Неабходнасьць рассакрэціць свой удзел у расьсьледаваньні аўтары касэты патлумачылі апасеньнямі за сваё жыцьцё. Пра тое, што небясьпека іхным жыцьцям існуе, мала хто сумняваўся, і таму падавалася верагодным, што неўзабаве Ўгляніца з Жарнасекам альбо вызначацца як выканаўцы адмысловага заданьня па дыскрэдытацыі праблемы зьніклых людзей, альбо зьявяцца за мяжой як уцекачы.

Пакуль, аднак, не адбылося ні першага, ні другога. Нічога ня ведаюць пра Генадзя Ўгляніцу і ягоныя сваякі. Цесьць зьніклага чэкіста акадэмік Радзім Гарэцкі не хавае сваёй разгубленасьці.

(Радзім Гарэцкі: ) "Вы ведаеце, проста нічога няма, і мы нічога ня ведаем. Усё, як і было. Толькі тое, што пішуць у газэтах, але там ліха ведае што пішуць ужо і пра мяне. Зрэдку тэлефануе ягоны начальнік, пытаецца, ці няма чаго, якія чуткі ёсьць, але ў нас ніякай інфармацыі", — сказаў цесьць Угляніцы акадэмік Радзім Гарэцкі.

Варта дадаць, што пасьля зьяўленьня касэты з выступам Угляніцы толькі аднойчы ў мэдыі быў разасланы электронны ліст быццам бы ад ягонага імя, але аўтарства ліста нічым не было пацьверджанае. Таму ня проста застаюцца, а павялічваюцца апасеньні, што з Угляніцам і Жарнасекам магло адбыцца надзвычайнае.

Яшчэ адзін сьведка па справе Ганчара і Красоўскага, былы начальнік сьледчага ізалятару Алег Алкаеў пакуль не зьбіраецца вяртацца зь Нямеччыны ў Беларусь. Пра гэта Радыё Свабода заявіла жонка Алкаева Ірына.

(Ірына Алкаева: ) "Я нічога не магу сказаць, але што да мяне, я катэгарычна супраць ягонага вяртаньня сюды, бо зрабіла выснову, што ніякіх правоў у гэтай дзяржаве няма. Гэта я адчуваю і асабіста на сабе", — паведаміла Ірына Алкаева.

Нагадаю, паводле рапарту Алкаева датычнасьць да зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, магчыма, маюць Сівакоў і Шэйман. Алкаеў ня выключыў існаваньня ў Беларусі "эскадрону сьмерці" і выказаў меркаваньне, што сакрэтнае падразьдзяленьне для барацьбы з апазыцыяй было створанае на загад найвышэйшага кіраўніцтва краіны.

Вядома, што Алкаева прымушалі адмовіцца ад сваіх паказаньняў, але ён не саступіў. І цяпер, пасьля выбараў, Алег Алкаеў відавочна не зьбіраецца адмаўляцца ад сваіх паказаньняў.

І напрыканцы зьвесткі зь Менскага абласнога суду, дзе ўжо больш за месяц знаходзіцца справа аб выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Паводле намесьніка старшыні суду Валер'я Крайка, дзень пачатку працэса над абвінавачаным у выкраданьні Завадзкага былым спэцназаўцам Ігнатовічам дагэтуль не прызначаны.

"Справу вывучае судзьдзя Аляксандар Сіманаў — колькі яшчэ яму трэба часу, я ня ведаю. А на гэты момант дакладна вырашана толькі тое, што старшыняваць на працэсе будзе менавіта Сіманаў", — паведаміў Валеры Крайко зь Менскага абласнога суду.


XS
SM
MD
LG