Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ СУПРАЦЬ ДЫРЭКТАРА ДРУКАРНІ “МЭДЖЫК”


Любоў Лунёва, Менск

У Беларускую асацыяцыю журналістаў з заявамі зьвярнуліся галоўныя рэдактары газэтаў "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч, "Беларуская маладзёжная" Тацяна Мельнічук, "Рабочы" Віктар Івашкевіч і "Предпринимательской газеты" Глеб Багамолаў. Яны паведамілі, што першы намесьнік старшыні Дзяржкамдруку Ўладзімер Глушакоў спрабуе выконваць функцыі цэнзара і ўмешваецца ў дзейнасьць выданьняў.

Спадар Глушакоў, які адначасова выконвае абавязкі дырэктара прыватнай друкарні "Мэджык", сарваў выпуск газэты "Рабочы" 28 жніўня. 31 жніўня выйшлі зь "белымі плямамі" два спэцвыпускі "Предпринимательской газеты".

5 верасьня Ўладзімер Глушакоў запатрабаваў зьняць матэрыялы з нумароў газэтаў "Народная воля" і "Беларуская маладзёжная", пагражаючы забараніць друк накладу. Пры гэтым супрацоўнікам газэты "Беларуская маладзёжная" давялося тры разы здаваць нумар у друк.

7 верасьня зь "белымі плямамі" выйшаў чарговы нумар газэты "Народная воля". І зноў зьняць матэрыялы з нумару, падпісанага ў друк галоўным рэдактарам выданьня Іосіфам Сярэдзічам, запатрабаваў Глушакоў.

БАЖ накіравала заяву ў пракуратуру, у якой такія дзеяньні першага намесьніка Дзяржкамдруку разглядае як парушэньне патрабаваньняў Канстытуцыі і Закону "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Артыкул 33 Канстытуцыі гарантуе кожнаму свабоду думак, перакананьняў і іхнае вольнае выказваньне. Нікога нельга прымушаць да выказваньняў сваіх перакананьяў альбо адмаўляцца ад іх. Цэнзура, як указваецца ў гэтым артыкуле Канстытуцыі, не дапушчальная.

Між тым патрабаваньне, каб рэдакцыя папярэдне ўзгадняла паведамленьні й матэрыялы, а таксама патрабаваньне зьняць з друку той ці іншы матэрыял ёсьць менавіта цэнзурай.

БАЖ заяўляе: "Згодна з артыкулам 48 Закону аб друку, дзеяньні Глушакова ёсьць ціскам на свабоду масавай інфармацыі, што цягне за сабой дысцыплінарную, адміністрацыйную, крымінальную адказнасьць адпаведна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь".

Гаворыць галоўная рэдактарка "Беларускай маладзёжнай" Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) "Тое, што адбылося ў "Мэджыку" — ні што іншае, як факт папярэдняй цэнзуры, забароненай законам. Можа, мы б неяк заплюшчылі на гэта вочы, але спадар Глушакоў фіксуе вельмі пунктуальна ўсе нашыя магчымыя парушэньні, якія ён заўважае ў нашых артыкулах, і пагражае нам, што вынясе папярэджаньне ўжо ў рангу чыноўніка Дзяржкамдруку. Але законы павінны быць аднолькавыя для ўсіх".

У сваёй заяве БАЖ зьвяртае ўвагу пракуратуры на тое, што прызначэньне першага намесьніка старшыні Дзяржкамдруку Ўладзімера Глушакова выканаўцам абавязкаў дырэктара друкарні "Мэджык" парушае заканадаўства. Артыкул закону "Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй" забараняе асобам, упаўнаважаным выконваць дзяржаўныя функцыі, умешвацца ў дзейнасьць іншых дзяржаўных ці недзяржаўных установаў, калі гэта не ўваходзіць у кола іхных абавязкаў. Парушэньне менавіта гэтых патрабаваньняў — падстава для звальненьня са службы.

БАЖ просіць пракуратуру тэрмінова ўзяць захады пракурорскага рэагаваньня, каб спыніць парушэньне закону і разгледзець пытаньне пра тое, ці ня варта пачаць на Ўладзімера Глушакова крымінальную ці дысцыплінарную справу.
XS
SM
MD
LG