Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ДРУК ПІША ПРА ЗЬНІКЛАГА ЮРЫЯ ЗАХАРАНКУ


Алена Панкратава, Менск

Аўтар артыкула Вэрнэр Ліндэман піша: "У мінулы аўторак наша газэта са спасылкай на сьведкаў паведаміла, што Юр'я Захаранку, былога міністра ўнутраных справаў Беларусі, быццам бы бачылі ў Мюнстэры-Хандорф". Гэтая публікацыя, паводле аўтара, не магла не выклікаць водгуку жонкі экс-міністра Вольгі, якая са сваёй дачкой і ўнукам зараз жыве ў нашым горадзе. Праз газэту "Muenstersche Zeitung" Вольга вырашыла зьвярнуцца да магчымых сьведкаў, якія бачылі фота ейнага Юр'я і пазналі яго...

Ні сама Вольга, ні яе сям'я, ні іхныя сябры ў Беларусі пасьля зьнікненьня Юр'я не атрымалі ані знаку наконт таго, што Юры Захаранка жывы. Усе прыкметы, наадварот, сьведчаць пра тое, што Захаранкі больш няма жывога".

Паводле Вольгі Захаранкі, артыкул у "Muenstersche Zeitung" быў адпаведным чынам выкарыстаны беларускімі дзяржаўнымі СМІ падчас выбарчай кампаніі на карысьць Лукашэнкі. Напрыклад, яны сьцьвярджалі, што Юры Захаранка жыве ў Мюнстэры ў раскошы ў трохпавярховай віле. "Тут няма ніводнага слова праўды. Вольга Захаранка ня бачыла свайго мужа з 7-га траўня 1999-га", — піша аўтар сёньняшняга артыкула.

Аўтар гэтага невялікага тэксту Вэрнэр Ліндэман жыве ў Мюнстэры. Ён не зьяўляецца журналістам, лічыць сябе далёкім ад палітыкі чалавекам. Ён ня ёсьць сябром сям'і Захаранкаў. Апошнія 10 гадоў ён як прадстаўнік Чарнобыльскага руху ў Нямеччыне мае дачыненьні зь Беларусьсю. Год таму ён даведаўся, што сям'я Захаранкі атрымала тут дазвол на палітычны прытулак.

Я патэлефанавала спадару Вэрнэру Ліндэману. Паводле ягоных словаў, ён, вельмі далёкі як ад беларускіх уладаў, так і ад беларускай апазыцыі чалавек, мае пэўныя пазыцыі, згодна зь якімі ён проста ня мае маральнага права маўчаць.

Пасьля публікацыі пра Захаранку 4-га верасьня ён літаральна на наступны дзень зьвязаўся з шэф-рэдактарам газэты Клаўсам Шпітцэрам, а таксама датэлефанаваўся ў Швайцарыю свабоднаму журналісту Райнэру Хафэркампу.

(Ліндэман: ) "Я спытаўся: "Для каго вы пішаце? Для сям'і, каб пашкодзіць ёй?" Мне адказалі: "Не". — "Тады патлумачце мне, чаму вы папярэдне не зьвязаліся зь сям'ёй. Альбо вы мелі зусім іншае на мэце?"

Спадар Хафэркамп адказаў мне, што як вольны журналіст ён жыве з продажу інфармацыі. І ён, і шэф-рэдактар лічаць гэта вельмі сэнсацыйным матэрыялам".

Паводле Вэрнэра Ліндэмана, на ягоную заўвагу, што ў артыкуле не названа ніводнага прозьвішча сьведкаў, а ананімныя сьведкі — гэта ня сьведкі, ён не пачуў ніякіх аргумэнтаваных тлумачэньняў. Усю гэтую гісторыю з публікацыяй Вэрнэр Ліндэман лічыць ня столькі дзіўнай, колькі крымінальнай.

Калі гэты матэрыял быў гатовы, у менскае бюро Свабоды патэлефанаваў журналіст Райнэр Хафэркамп, які паведаміў, што ў блізкім часе гатовы будзе паразмаўляць. Мы маем намер узяць інтэрвію ў гэтага журналіста.

XS
SM
MD
LG