Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ АДМОВІЎСЯ ЕСЬЦІ З РУК СУПРАЦОЎНІКАЎ КГБ


Любоў Лунёва, Менск

Учора Паўла Севярынца выклікалі ў КГБ, дзе дапытвалі з 10-й гадзіны раніцы да 18.30 вечара. Лідэр Маладога Фронту паведаміў Радыё Свабода:

(Севярынец: ) "За гэты прамежак часу з дапамогай Крымінальна-працэсуальнага кодэксу мне ўдалося атрымаць права на абед. Гэбісты прапаноўвалі мне есьці ў сталоўцы. Я адказаў: "Домаш схадзіў на БТ у буфэт, папіў вадзічкі і цяпер у рэанімацыі". Яны запісалі ў пратаколе: "У сувязі з тым, што баіцца быць атручаным, адмовіўся есьці з рук супрацоўнікаў КГБ" (сьмяецца).

Прапанавалі купіць ежу там, але ўрэшце я дабіўся, каб прайсьці ва "Ўзвышша" — гэта крама насупраць КГБ. Там мяне чакалі хлопцы з Фронту, якія далі мне некаторыя кансультацыі. Хадзіў я пад канвоем. Самі гэбісты набылі там сабе напояў, і потым мы пайшлі ў КГБ.

Увесь астатні час займаў допыт. Пытаньні былі абсалютна бессэнсоўныя, і адказваць на іх было цяжка. Увесь час мне прыходзілася нагадваць ім, што пытаньне ня тычыцца выбуху ў расейскай амбасадзе, і таму я як сьведка не павінен на яго адказваць. Пытаньні тычыліся мяне й Маладога Фронту. Гэбістаў не цікавіла справа выбуху. Яны думалі, як мяне затрымаць на восем гадзінаў у дзень выбараў".

Павал Севярынец далей распавёў пра мэты допыту:

(Севярынец: ) "Гэта была спроба запалохаць мяне. Хаця запалоханымі выглядаюць хутчэй яны самі. Вельмі нэрвуюцца. Калі я намякнуў, што мне адваката ня трэба, а вось ім было б ня лішне пашукаць — яны сталі вельмі злосныя".

Павал Севярынец мяркуе, што гэты выклік у КГБ можа быць не апошнім.

Сёньня да старшыні магілёўскага аддзяленьня Маладога Фронту Андруся Кавалёва прыйшлі пракурор і кіраўнік Цэнтральнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Магілёва. Яны пагражалі Андрусю, што прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне выбарчага заканадаўства. На іхную думку, футболкі з надпісам "Час выбіраць!" ёсьць абразай Лукашэнкі і парушэньнем закону аб выбарах. Міліцыянт папярэдзіў старшыню маладафронтаўцаў, што ён будзе адказваць, калі моладзь паедзе ў суботу і нядзелю ў Менск.

Сёньня маладафронтаўцам у Магілёве не прадалі квіткоў на аўтобусы да Менску.
XS
SM
MD
LG