Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВАЛЕРЫ КЕЗ: СУПРАЦЬ УГЛЯНІЦЫ ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ЗА ДЭЗЭРТЫРСТВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Генэрал-маёр КГБ Валеры Кез, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў працаваў намесьнікам старшыні Камітэту дзяржбясьпекі мяркуе, што заяве Генадзя Ўгляніцы варта давяраць. Валеры Кез лічыць, што супрацоўнік КГБ па Менскай вобласьці Ўгляніца кіраваўся меркаваньнямі законнасьці й патрыятызму, калі ўзяўся за самастойнае расьсьледаваньне справы Ганчара і Красоўскага.

Цяпер, паводле крыніцаў у спэцслужбах, на якія спасылаецца генэрал Кез, Генадзя Ўгляніцу ня проста шукаюць — супраць яго распачалі крымінальную справу за дэзэртырства. Вось што заявіў Валеры Кез Свабодзе:

(Кез: ) "Мне вядома, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа, яго шукаюць і ў Беларусі, і ў Расеі".

(Карэспандэнт: ) "Удакладніце: справа ўзбуджаная па факце ягонага зьнікненьня альбо супраць яго?"

(Кез: ) "Мне паведамілі, што справу ўзбудзілі па факце дэзэртырства, а гэта больш сур'ёзна. Можна абвесьціць чалавека ў вышук, але не ўзбуджаць крымінальнай справы".

(Карэспандэнт: ) "Гэта азначае, што яго разглядаюць як здрадніка?"

(Кез: ) "Мяркую, што да гэтага яшчэ не дайшло. Падстава тая, што як ваеннаслужачы ён павінен быў выйсьці на службу, але на службе яго некалькі дзён ужо няма. І больш за тое, ён выступіў на касэце і заявіў, што знаходзіцца далёка ад месца службы".

(Карэспандэнт: ) "А як асабіста вы ставіцеся да ягонага ўчынку? Гэта зрада ці што?"

(Кез: ) "Я лічу, што гэта ўчынак чалавека, якому надакучыла выконваць незаконныя загады кіраўніцтва супраць апазыцыі. На сёньняшні дзень гэта падаецца мне мужным грамадзянскім учынкам".

(Карэспандэнт: ) "А наколькі вы давяраеце ягоным словам, што ён праводзіў самастойнае расьсьледаваньне разам з актывістамі арганізацыі "Край?"

(Кез: ) "Мяркую, ён праводзіў такое расьсьледаваньне. Магчыма, гэта наўпрост ня мела дачыненьня да ягоных службовых абавязкаў на той момант. Тут ён мог кіравацца сваімі грамадзянскімі поглядамі".

(Карэспандэнт: ) "Ці маглі б вы ацаніць тыя доказы, пра якія паведамляюць на касэце Ўгляніца, Жарнасек ды іншыя?"

(Кез: ) "Гэтыя зьвесткі яшчэ трэба пераправяраць, але, наколькі я зразумеў, ніхто ва ўладзе гэта рабіць не зьбіраецца".

(Карэспандэнт: ) "Хіба тое, што міністар Навумаў выяжджаў на месца з салдатамі, яны там капалі, і журналісты за гэтым маглі назіраць — гэта не праверка, на вашую думку?"

(Кез: ) "Я думаю, Навумаў павёз іх зусім у іншае месца, усё напярэдадні было падрыхтавана, каб там нічога не знайшлі".

(Карэспандэнт: ) "І яшчэ адзін вельмі важны момант. Тое, што зрабіў Угляніца, калі гэта так, сьведчыць пра зьмену настрояў супрацоўнікаў КГБ і праваахоўчых органаў?"

(Кез: ) "Мяркую, гэта так. Такую зьмену можна патлумачыць тым, што людзі, якія працуюць у праваахоўчых органах, зразумелі, каму трэба служыць і як трэба служыць. Калі ад іх час ад часу патрабуюць выконваць розныя незаконныя загады, яны не згаджаюцца з гэтым і робяць, як патрабуе закон і сумленьне", — сказаў былы намесьнік старшыні КГБ Валеры Кез Радыё Свабода.

Зьвесткі Валер'я Кеза пра крымінальную справу супраць Угляніцы за дэзэртырства я пераправерыў у КГБ. Кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў пацьвердзіў, што справу распачалі, але, маўляў, ня супраць Угляніцы, а паводле факту ягонага зьнікненьня.

"Яшчэ невядома, ён дэзэртаваў, ці здарылася што зь ім, таму пра пэўныя абвінавачаньні пакуль няма гаворкі", — запэўніў прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў.


XS
SM
MD
LG