Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫНАМСІ НЕКАТОРЫЯ З НАЗВАНЫХ НА ВІДЭАКАСЭЦЕ ЯШЧЭ СЛУЖАЦЬ У СОБРЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Падпалкоўнік Малашчанка кіруе службай маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня той самай брыгады ўнутраных войскаў, вайскоўцы якой, паводле шматлікіх сьведкаў, датычныя да зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Дзяжурныя салдаты на КПП выклікалі менавіта Малашчанку ў адказ на маю просьбу сустрэцца з камандзірам часткі Паўлічэнкам альбо зь лейтэнантам Кокліным ці прапаршчыкам Мурашкам. Падпалкоўнік Малашчанка пагадзіўся на размову пры ўмове, што я ня буду карыстацца дыктафонам.

Я спытаўся ў яго, ці служаць у частцы дагэтуль лейтэнант Коклін, прапаршчык Мурашка, Юры Будзько, кіроўца Мекіянец, прапаршчык Былінін і ці можна зь імі сустрэцца. Цікаўнасьць менавіта да гэтых асобаў я патлумачыў тым, што яны згадваюцца былым салдатам гэтай часткі Аляксандрам Мяцельскім як датычныя да зьнікненьня Ганчара і Красоўскага. Але ад прамога адказу мой суразмоца ўхіліўся.

"Я тут служу даўно. Ведаю амаль усіх у твар, ва ўсялякім разе афіцэраў. І калі на іх "вешаюць" розныя злачынствы, я ў гэта ня веру. Мяркуйце самі — гэта вайсковая частка, тут служаць тэрміновую службу, ну навошта да гэтых салдатаў зьвяртацца, каб даручыць ім нейкія забойствы!" — адказаў падпалкоўнік Малашчанка.

Пасьля ён усё ж прызнаў, што лейтэнант Коклін, які быццам бы камандаваў салдатамі брыгады, калі тыя выконвалі загад Паўлічэнкі закапаць джып Ганчара і Красоўскага, дагэтуль служыць у частцы.

Але пра Кокліна падпалкоўнік Вадзім Малашчанка можа сказаць толькі самае лепшае."Ён раней служыў пад маім кіраўніцтвам, гэта вельмі добры, вясёлы, сумленны хлопец. Ён бы супраць свайго сумленьня не пайшоў. Вашыя газэты пішуць, што ён кіраваў БТРам, які "закатваў" у яму джып Ганчара. Я гэтаму ня веру. Не было ў Кокліна ў падпарадкаваньні ніякага БТРа. І пра акумулятар, які быццам зьнялі з джыпа, — таксама лухта. У нас у брыгадзе праблемаў з акумулятарамі няма, Коклін тут увогуле ні пры чым", — запэўніў падпалкоўнік.

Пра астатніх вайскоўцаў, акрамя камандзіра брыгады Паўлічэнкі, размовы ўвогуле не атрымалася. Малашчанка нават не пацьвердзіў, што ў частцы дагэтуль служаць ці служылі Мекіянец, Наватарскі, Будзько, Мурашка, Былінін. "Я ня буду адказваць на пытаньні пра гэтых людзей", — пачуў я ў адказ на просьбу. Адмовіўся Малашчанка і дапамагчы адшукаць гэтых людзей, каб даведацца пра іхнае меркаваньне адносна абвінавачаньняў.

Далей размова перайшла на асобу камандзіра брыгады спэцыяльнага прызначэньня Паўлічэнкі. Малашчанка пацьвердзіў, што Паўлічэнка не зьбіраецца сустракацца з журналістамі й размаўляць на тэму зьнікненьняў, бо ня бачыць патрэбы апраўдвацца.

А ўвогуле, паводле Малашчанкі, Паўлічэнка "вельмі добры чалавек і найлепшы камандзір". Ён ахарактарызаваў Паўлічэнку таксама як "фаната спэцназу" і "рэфарматара вайсковай справы". "У нас у частцы ніхто ня верыць, што камандзір мог быць датычным да гэтых зьнікненьняў", — запэўніў мяне падпалкоўнік Малашчанка і патлумачыў сваю ўпэўненасьць тым, што ён добра ведае маральна-псыхалягічную сытуацыю ў калектыве.

Дарэчы, паводле Малашчанкі, "накат" незалежнай прэсы на Паўлічэнку не пасеяў сумневу адносна яго сярод шараговых салдат.

Напрыканцы падпалкоўнік Малашчанка сказаў колькі словаў і пра Мяцельскага. Праўда, падпалкоўнік ня быў да канца ўпэўнены, што гэта той Мяцельскі, які сапраўды служыў у іхнай частцы. Ён згадаў, што той Мяцельскі, якога ён памятае, — былы кіроўца аўтароты, аднойчы ўчыніў ДТЗ і зьбег зь месца здарэньня. З гэтай прычыны асаблівага даверу да яго падпалкоўніка ня мае.

Наконт іншых асобаў, прозьвішчы якіх фігуруюць у паказаньнях Мяцельскага, падпалкоўнік Малашчанка катэгарычна адмовіўся што-небудзь паведаміць.


XS
SM
MD
LG