Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЬМІТРЫ НАВАЖЫЛАЎ: ПАДОБНА, МЫ БЫЛІ ЛЯ ТОЙ ЯМЫ, ШТО ПАКАЗАНАЯ НА СТУЖЦЫ


Алена Ціхановіч, Прага

(Наважылаў: ) “Так, мы таксама там былі. Але не ўначы, а сёньня раніцай. На нашых вачах салдаты капалі тую яму, размова аб якой ішла ва ўчорашняй стужцы, але нічога не было знойдзена. Больш за тое, тая інфармацыя аб БТРы, які там удзельнічаў, падобная на хлусьню. Падобна на тое, што людзі, якія гэта сьцьвярджаюць, ніводнага разу не былі на месцы, на гэтай паласе перашкодаў тае вайсковае часткі”.

(Карэспандэнт: ) “Якім чынам, Дзьмітры, была арганізаваная гэтая паездка. Як лёгка вам удалося знайсьці месца, ці перашкаджаў вам нехта ці наадварот, вас нехта суправаджаў?”

(Наважылаў: ) “Гэта была афіцыйная паездка на чале зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым, і таму ўзялі з сабой некалькі тэлегрупаў – БТ, некалькі расейскіх тэлеканалаў, інфармацыйнае агенцтва, фатографы. І на нашых вачах менавіта тую яму, якая ўчора была паказаная на стужцы супрацоўнікам КГБ…”

(Карэспандэнт: ) “Дзьмітры, у сувязі з тым, што там ужо былі салдаты, яны ўжо капалі яму, у вас ня ўзьнікла падазрэньняў, сумненьняў, што гэта менавіта тое месца?”

(Наважылаў: ) “Так-так, гэта менавіта тое месца, тая яма, якая была на стужцы. Я не магу казаць, ці сапраўды гэта тая яма, дзе могуць быць джып і Ганчар з Красоўскім, але гэта дакладна тая яма, якая на стужцы, што нам падкінулі ўчора”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы думаеце наконт вэрсіі, што стужка якраз была падкінутая такім чынам, каб разьвянчаць выкрыцьці, маўляў, паглядзіце, там нічога няма?”

(Наважылаў: ) “У гэтай сытуацыі ўсё можа быць – і што гэта падстава, і што – недакладнасьць. Напярэдадні выбараў і той і другі бок імкнуцца нанесьці адно аднаму ўдары. Усё можа быць”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, рэпартаж будзе паказаны па ОРТ?”

(Наважылаў: ) “Цяжка сказаць, пакуль яшчэ рашэньне не прынятае”.

XS
SM
MD
LG