Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛКОЎНІК АЛЕГ АЛКАЕЎ: ЗА ЗЬНІКНЕНЬНЕМ ВЯДОМЫХ У БЕЛАРУСІ ЛЮДЗЕЙ СТАІЦЬ АСАБІСТА АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА


Аляксандар Лукашук, Прага

Да такой высновы палкоўнік Алкаеў прыйшоў пасьля таго, як Лукашэнка асабіста спыніў расьсьледаваньне ў справе забойстваў, якія нібыта ажыцьцяўляў камандзір спэцпадразьдзяленьня Паўлічэнка на загад былога старшыні Рады бясьпекі Шэймана і былога міністра ўнутраных справаў Сівакова. Лукашэнка звольніў генэральнага пракурора Бажэлку і старшыню КГБ Мацкевіча і вызваліў Паўлічэнку.

Паводле заявы Алкаева нямецкім журналістам, “усіх сьведкаў, супрацоўнікаў пракуратуры і міліцыянтаў, якія займаліся расьсьледаваньнем справы зьнікненьня, змусілі выступіць з заявамі, што эскадроны сьмерці не існуюць”.

Рабіліся спробы, каб і сам Алкаеў выступіў з падобнай заявай. “Я адмовіўся. У рэшце рэшт, я – афіцэр. На сёньняшні дзень я адзіны, хто адмаўляецца. І таму яны зробяць усё магчымае, каб схапіць мяне”.

Палкоўнік Алкаеў быў ляяльным афіцэрам беларускага Міністэрства ўнутраных справаў. Як кіраўнік сьледчага ізалятара № 1 у Менску, ён быў адказны за выкананьне сьмяротных прысудаў, піша Frankfurter Allegemeine Zeitung. За апошнія 10 гадоў ад моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, сьмяротны прысуд быў выкананы ў Беларусі 130 разоў. І кожны раз яго выконвалі стрэлам у патыліцу адным і тым жа пісталетам РБ-9 з глушыцелем. І кожны раз падчас выкананьня прысуду прысутнічаў палкоўнік Алкаеў.

Зараз Алег Алкаеў знаходзіцца ў Нямеччыне.


XS
SM
MD
LG