Лінкі ўнівэрсальнага доступу

AMNESTY INTERNATIONAL АПУБЛІКАВАЛА СПРАВАЗДАЧУ АБ СЫТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ


Сяргей Шупа, Прага

У справаздачы, азагалоўленай «Пад пільнай увагай дзяржавы: Праваабаронцы ў Беларусі», адзначаецца:

Дзень пры дні абаронцы правоў чалавека супрацьстаяць мэтанакіраванай кампаніі ціску, скіраванай на тое, каб здушыць іхны супраціў. Гэтая кампанія набывае розныя формы, часам вельмі грубыя, улучна з адвольнымі затрыманьнямі, кароткачасовымі арыштамі і жорсткім абыходжаньнем.

Значная частка абаронцаў правоў чалавека, якія ўвайшлі ў канфлікт зь беларускімі ўладамі, вызначыліся тым, што адкрыта выказваліся супраць гэтак званых «зьнікненьняў» людзей у Беларусі.

Занепакоенасьць і страх гэтых актывістаў выглядаюць цалкам апраўданымі ў сьвятле нядаўніх заяваў двух былых супрацоўнікаў пракуратуры Петрушкевіча і Случака ­ якія займаліся расьсьледаваньнем справаў аб зьнікненьнях, а цяпер атрымалі палітычны прытулак у ЗША – пра тое што «зьнікненьні» былі арганізаваныя на загад высокапастаўленых чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі.

Неразборлівасьць у абыходжаньні ўладаў з палітычнымі апанэнтамі пацьвярджаецца і сьведчаньнямі Петрушкевіча і Случака пра адмысловую ўдарную групу, якая пад непасрэдным кантролем кіраўніцтва краіны выконвала заказныя забойствы ключавых дзеячоў апазыцыі – гэткіх, як былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка, намесьнік старшыні разагнанага Лукашэнкам парлямэнту Віктар Ганчар ды ягоны кампаньён Анатоль Красоўскі.

У справаздачы падаюцца канкрэтныя выпадкі цкаваньня ўладамі праваабаронцаў Алега Волчака, Валерыя Шчукіна, Веры Страмкоўскай, удзельнікаў пікетаў і акцыяў, што патрабавалі аб’ектыўнага расьсьледаваньня справаў аб зьнікненьні.

Amnesty International вельмі нізка ацэньвае агульны стан правоў чалавека ў Беларусі і пацьвярджае гэткую ацэнку інфармацыяй пра жорсткае абыходжаньне з затрыманымі, адвольныя арышты палітычных апанэнтаў рэжыму, працяг ужываньня сьмяротных пакараньняў, нечалавечыя ўмовы ў месцах пазбаўленьня волі, дзе ўтрымваюцца і палітычныя вязьні.

«Замест таго, каб шукаць спосабаў выправіць гэтыя парушэньні, улады абрынаюцца на кожнага, хто наважваецца дзейнічаць ім насуперак. Беларусь мусіла б ужыць неадкладныя захады каб зьмяніць цяперашнюю сытуацыю і пакласьці канец кампаніі цкаваньня й запалохваньня, скіраванай супраць беларускіх праваабарончых колаў».

Гэткую выснову робіць міжнародная арганізацыя Amnesty International у сваёй справаздачы, прысьвечанай становішчу абаронцаў правоў чалавека ў Беларусі.


XS
SM
MD
LG