Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ ПРАВЯЛІ ПІКЕТ ЛЯ АДМІНІСТРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск


На несанкцыянаваны пікет у рамках акцыі "Хочам ведаць праўду!" выйшлі дэпутаты Анатоль Лябедзька, Людміла Гразнова, Павал Знавец, Вячаслаў Герасіменка і Ўладзімер Кудзінаў. На працягу гадзіны яны стаялі з партрэтамі зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, памерлага Генадзя Карпенкі й зьняволеных Андрэя Клімава й Валера Шчукіна насупраць галоўнага ўваходу ў будынак адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньняшні пікет быў працягам учорашняй акцыі, калі да адміністрацыі выйшлі жонкі й маці зьніклых. Дэпутаты-ўдзельнікі акцыі так тлумачылі свой удзел у сёньняшнім пікеце — гаворыць Павал Знавец:

(Знавец: ) "Нядаўні гістэрычны выступ Лукашэнкі яшчэ раз пацьвердзіў, што ўлада не зьбіраецца рабіць нічога канкрэтнага дзеля пошуку гэтых людзей. Таму трэба яшчэ раз нагадаць адміністрацыі Лукашэнкі й асабіста Лукашэнку, хоць ён і ў ад'езьдзе, што мы будзем працягваць гэтыя акцыі да таго часу, пакуль людзі ня будуць знойдзеныя".

А вось думка ягонага калегі Вячаслава Герасіменкі:

(Герасіменка: ) "Пакуль жыве наш Вярхоўны Савет 13-га скліканьня — жыве й надзея на тое, што хутка беларускае цемрашальства скончыцца. Хто б мог падумаць, што ў цэнтры Эўропы ёсьць краіна, у якой людзі зьнікаюць бясьсьледна. Вось чаму трэба прыцягваць увагу жыхароў Беларусі, тых, хто жыве паводле прынцыпу "мая хата с краю, нікога ня знаю".

Дэпутатка Людміла Гразнова лічыць, што падобныя акцыі трэба арганізоўваць найперш для інфармаваньня простых людзей:

(Гразнова: ) "Толькі гэтымі акцыямі, і магчыма іншымі, якія сьведчаць пра салідарнасьць, пра нашую аб'яднальную пазыцыю можна дамагчыся пераменаў і дастучацца да сэрцаў нашых простых людзей. Таму, што дастучацца да сэрца Лукашэнкі й ягонага атачэньня немагчыма".

Міліцыянты, якіх было шмат побач зь пікетоўцамі, не перашкаджалі. Толькі адзін зь міліцыянтаў перапісаў іхныя прозьвішчы.

Ніхто з чыноўнікаў да пікетоўцаў ня выйшаў — толькі намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Замяталін некаторы час здалёк назіраў за імі, а дэпутат верхняе палаты гэтак званага "Нацыянальнага сходу" артыст Расьціслаў Янкоўскі, які праходзіў побач, сказаў, што справа зьніклых вельмі складаная, і ёю павінны займацца прафэсіяналы.

Арганізатар акцыі дэпутат Анатоль Лябедзька паведаміў, што хутчэй за ўсё падобныя акцыі ля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі неўзабаве стануць няспыннымі.



XS
SM
MD
LG