Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ЗЬБІРАЮЦЦА СУДЗІЦЬ ЗА АБРАЗУ ГЭРБА


Алег Супрунюк, Берасьце

Уначы 24 лiпеня супрацоўнiкамi аб'яднаньня "Ахова" Жабiнкоўскага раёнага аддзелу унутраных справаў былi затрыманыя Васiль Сьвiрыдчук i Анатоль Сасукевiч. Абодва зьяўляюцца жыхарамi вёскi Вялiкiя Чучэвiчы Лунiнецкага раёну, а ў Жабiнцы расклейвалi матэрыялы пра незарэгiстраваную арганiзацыю "Край".

Падчас затрыманьня мiлiцыянты сканфiскавалi 36 улётак iнфармацыйнага зьместу, а таксама налепкi з сымболямi "Краю". На затрыманых склалi адмiнiстрацыйны пратакол паводле артыкулу 172-га (частка 3) -- "распаўсюджваньне друкаванай прадукцыi, што ня мае выхадных дадзеных". Згодна з гэтым абвiнавачваньнем Анатоль Сасукевiч быў аштрафаваны на адзiн мiнiмальны заробак.

Што да Васiля Сьвiрыдчука, дык яму iнкрымiнуюць яшчэ i абразу дзяржаўнага гэрба. У гэтую самую ноч на будынку натарыяльнай канторы па вулiцы Савецкай у Жабiнцы быў сарваны лукашэнкаўскi гэрб. Мiлiцыянты сьцвярджаюць, што зроблена гэта было менавiта спадаром Сьвiрыдчуком, i цяпер супраць яго распачата крымiнальная справа. У Берасьцейскiм аддзяленьнi праваабарончага цэнтру "Вясна" лічаць гэта бяздоказным, зьвяртаюцчы ўвагу на тое, што выява гэрба зроблена з чыгуну i зьбiць яе аднаму чалавеку немагчыма.

Варта адзначыць, што адно з невялiкiх мястэчак Берасьцейшчыны апошнiм часам набывае папулярнасьць ў прадстаўнiкоў розных грамадзкiх арганiзацыяў. У мiнулую сыботу ў Жабiнцы сваю акцыю ладзiлi сябры руху супрацiву "Зубар", па вынiках якой мясцовая мiлiцыя затрымала шэсьць чалавек.
XS
SM
MD
LG