Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЗНОЎ ВАНДАЛІЗМ У КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск


Я пабачыла разбураны помнік: гранітная пліта, на якой напісана на ангельскай і беларускай мовах "Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі беларускаму народу дзеля памяці", адкінутая на некалькі мэтраў ад невялікіх бэтонных слупоў, на якіх яна трымалася раней. Аднаго слупка на месцы не было. На пліце чырвонай фарбай напэцкана: "Анархия". Але гэты надпіс зроблены раней, бо мэмарыяльны знак ужо не ўпершыню церпіць ад вандалаў. І ня толькі ён. Дагэтуль разьбітая пліта "Пакутнікам Беларусі" на галоўным Курапацкім крыжы. Як успамінае сябра "Мартыралёгу Беларусі" кандыдат гістарычных навук, архэоляг Мікола Крывальцэвіч, разбурэньне магілаў у Курапатах пачалося яшчэ на пачатку дзевяностых гадоў.

(Крывальцэвіч: ) "Шмат разоў выкопваліся ямы на месцы пахаваньняў і выварочваліся парэшткі памерлых. Знакі мэмарыяльныя — крыжы... На адным крыжы была ікона, рушнікі — у многіх выпадках і ікона была папсаваная, і рушнікі зьдзіраліся. Быў нават падпалены крыж адзін — уздоўж сьцежкі. Сьмецце вывозілася шмат разоў проста на сьцежкі недалёк ад магілаў".

Паводле Міколы Крывальцэвіча, мэмарыяльны знак, усталяваны ў часе візыту ў Беларусь амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана, не аднойчы прыцягваў увагу вандалаў.

(Крывальцэвіч: ) "Аднойчы ў часе наведваньня прадстаўнік амэрыканскай амбасады ўбачыў, што гэтая пліта зрушана зь месца, верхняя частка каменнай лаўкі ляжыць на зямлі. І ён разам з нашымі людзьмі паправіў гэтую лаўку, тады паставілі яе на месца".

Варта адзначыць, што гэта адбылося на тле шэрагу антыамэрыканскіх заяваў з боку цяперашняга кіраўніцтва Беларусі.

Што да выканаўцаў злачынства, Мікола Крывальцэвіч мяркуе, што ў большасьці выпадкаў гэта маглі быць проста хуліганы. Бо Курапаты месьцяцца ля самага гораду, гэтае месца наведвае шмат жыхароў мікрараёну, бывае шмат моладзі й нападпітку.

(Крывальцэвіч: ) "Самі Курапаты ўспрымаюцца проста як лес. Для нашых людзей любы мэмарыял успрымаецца ў выглядзе вялікіх манумэнтаў, абэліскаў. Таму безумоўна, тут можна рабіць што заўгодна — пабіць, зрушыць зь месца, зламаць".

Якім чынам можна засьцерагчыся ад падобнага вандалізму ў Курапатах? Паводле Міколы Крывальцэвіча, зьвяртаньне па дапамогу да ўладаў плёну не дало.

(Крывальцэвіч: ) "Некалькі разоў складалі заявы на ймя міністра ўнутраных справаў, у пракуратуру, у гарадзкі Савет, але ўсё потым прыходзілася самім выпраўляць".

XS
SM
MD
LG