Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУМАЎ ПРАПАНАВАЎ ЛУКАШЭНКУ ДАПУСЬЦІЦЬ НА ПРАЦЭС У СПРАВЕ ЗАВАДЗКАГА ПРАДСТАЎНІКОЎ ОРТ І АМБАСАДЫ ЗША


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тое, што судовы працэс па справе зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага будзе закрытым, пасьля сёньняшніх заяваў Уладзімера Навумава падаецца пытаньнем амаль вырашаным.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры міністар унутраных справаў абвесьціў журналістам, што расьсьледаваньне зьнікненьня Завадзкага завершанае і справа ўжо ў судзе.

Калі пачнецца працэс, пакуль невядома — гэта вырашаць судзьдзі, але, паводле закону, вывучэньне справы судзьдзямі можа цягнуцца ня больш за два месяцы, цягам якіх павінна таксама вырашыцца, ці будзе працэс над Ігнатовічам і яшчэ трыма абвінавачаным праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.

Сам міністар, мяркуючы па ягонай наступнай заяве, перакананы, што працэс павінен быць закрыты, але зь некаторымі выключэньнямі. Навумаў ужо нават зрабіў пэўныя захады.

(Навумаў: ) "Я зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы каб, калі судовае паседжаньне будзе закрытае, бо некаторыя сьведкі на гэтым настойваюць, абавязкова на працэсе прысутнічалі прадстаўнікі ОРТ і яшчэ адной грамадзкай арганізацыі", — сказаў Уладзімер Навумаў, але не патлумачыў, якую грамадзкую арганізацыю меў на ўвазе.

Таксама Навумаў выказаўся за прысутнасьць на судзе прадстаўнікоў амбасады ЗША. Гэткае выключэньне для амэрыканцаў міністар матываваў тым, што ЗША асабліва цікавіцца справай Завадзкага.

Дастаткова нечаканымі былі прагнозы, якія Навумаў зрабіў адносна будучага рашэньня судзьдзяў па справе Завадзкага. І хоць, на думку міністра, сьледчая група зрабіла ўсё магчымае, каб віна Ігнатовіча і трох ягоных падзельнікаў была даказаная, міністар ня выключыў, што судзьдзі не палічаць гэтыя доказы пераканаўчымі. Такая магчымасьць была падкрэсьленая нават двойчы.

(Навумаў: ) "Ня выключаю, што па нейкім з эпізодаў ня хопіць доказаў, каб яго даказаць, і судзьдзі могуць прыняць зусім іншае рашэньне, чым разьлічвалі сьледчыя, але ні я, ні хто іншы на іх націскаць ня ў стане", — запэўніваў журналістаў міністар Навумаў.

Журналісты аднак не задаволіліся падобнымі няпэўнымі адказамі і працягвалі закідваць міністра ўнутраных справаў пытаньнямі. Адказваючы на іх, Навумаў быў вымушаны сказаць шмат для прэсы новага. Прыкладам, ён заявіў, што ня ведае пра існаваньне дакумэнтаў, якія нібыта сьведчаць, што Зьміцер Завадзкі жывы. Нагадаю, пра існаваньне такіх дакумэнтаў нядаўна казаў Аляксандар Лукашэнка.

(Навумаў: ) "Не, я не скажу, што ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць... І я ня думаю, што ён мог гэта сказаць", — сказаў Навумаў пра Лукашэнку.

Важным было таксама прызнаньне Навумава ў тым, што былы супрацоўнік Камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Ўладзімер Французаў сапраўды ўдзельнічаў у расьсьледаваньні справы Завадзкага. Вядома, што Ўладзімер Французаў памёр увесну ад хваробы сэрца, і сьледчыя Петрушкевіч ды Случак лічаць, што ягоная раптоўная сьмерць неяк зьвязаная з сакрэтамі гэтай справы.

Раней МУС не пацьвярджаў, што Французаў меў дачыненьне да справы Завадзкага, і вось міністар быў вымушаны гэта засьведчыць.

Пад ціскам журналістаў міністру давялося зрабіць яшчэ шэраг цікавых прызнаньняў. Прыкладам, ён прызнаў, што даў каманду вярнуць у Расею спэцыяльнае абсталяваньне, заказанае для пошуку целаў зьніклых. Маўляў, таму што не было дакладных зьвестак, дзе шукаць целы.

Але, аказваецца, рашэньне адмовіцца ад паслугаў расейскіх адмыслоўцаў Навумаў прымаў не адзін, а разам з былым генэральным пракурорам Алегам Бажэлкам. Пазьней са словаў Навумава атрымалася, што Бажэлка, як і Ціцянкоў, хаваюцца ў Маскве ад беларускіх праваахоўчых органаў.

А тым часам у Менску ў межах справы бізнэсоўца Лагвінца ідзе праверка іхнага ўдзелу ў выкраданьні 42 мільёнаў даляраў. Гэтыя зьвесткі аднак не спынілі цікаўнасьці журналістаў да справы Завадзкага. У выніку прадстаўнікам мэдыяў удалося высьветліць, што былы кіраўнік спэцбрыгады ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлючэнка цяпер у справе Завадзкага ніяк не фігуруе. "Паўлючэнка ніяк не праходзіць па гэтай справе, нават сьведкам", — запэўніў Навумаў.

Нагадаю, паводле розных крыніцаў, у Паўлючэнкі пасьля затрыманьня і ператрусу знайшлі вялікую суму валюты і відэазапісы катаваньняў захопленых людзей. Зьбеглыя ў ЗША сьледчыя Петрушкевіч і Случак сьцьвярджаюць, што Лукашэнка і Шэйман маюць дачыненьне да нечаканага вызваленьня Паўлючэнкі з-пад варты. Цяпер з заяваў міністра Навумава вынікае, што прэтэнзіяў да гэтага спэцназаўца ўжо няма.
XS
SM
MD
LG