Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЕ АБВІНАВАЧВАНЬНЕ АЛЯКСАНДРУ ЧЫГІРУ: КІРАВАЎ ЗЛАЧЫННАЙ ГРУПОЎКАЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Завяршылі справу Аляксандра Чыгіра, сына Міхаіла Чыгіра — экс-прэм’ера і магчымага кандыдата ў прэзыдэнты. Справу перадалі яму на азнаямленьне.

Паводле гэтай справы Чыгір-малодшы ўжо ня проста выкрадальнік аўтамабіляў, а быццам бы стваральнік крымінальнай групоўкі, якая працяглы час займалася крадзяжом мікрааўтобусаў.

Сьледчыя даказваюць, што менавіта Аляксандар Чыгір і кіраваў гэтай злачыннай групоўкай. Адпаведна зьмяніўся і артыкул, паводле якога яго прыцягваюць да адказнасьці . Цяпер яму пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы.

Маці абвінавачанага Юлія Чыгір сьцьвярджае, што справа "шытая белымі ніткамі". Яна прыводзіць такі прыклад:

(Чыгір: ) "Аднаго з тых, хто ўваходзіць ў гэтую групу, Саша ўвогуле ніколі ня бачыў, ці бачыў, але ня ведаў, што ёсьць такі чалавек. З другім таксама не знаёмы, ведае толькі, што той, які прыходзіў туды і казаў нешта — гэта ёсьць гэты чалавек. Як, мяркуеш, ствараюцца такія групоўкі? Як сёньня я магу, ня ведаючы чалавека, сказаць яму: ідзі нешта скрадзі й аддай мне?"

Нагадаю, Аляксандар Чыгір знаходзіцца ў сьледчым ізалятары зь лютага. За гэты час ён ня меў ніводнага спатканьня са сваякамі, а ягоны адвакат Аляксандар Пыльчанка быў жорстка зьбіты невядомымі. Паводле зьвестак Пыльчанкі, ягоны падабаронны віны сваёй не прызнае і спадзяецца, што суд здыме зь яго ўсе абвінавачаньні.
XS
SM
MD
LG