Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭЦЬЮ ПРЫНГЛ: ПАЛЯПШЭНЬНЯ Ў ГАЛІНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ НЯМА


Кастусь Бандарук, Прага

(Прынгл: ) “Даючы агульную характарыстыку сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, трэба адзначыць, што яна вельмі дрэнная. Ёсьць выпадкі зьнікненьня дзеячоў апазыцыі. Вы, напэўна, ведаеце, што ў пэрыяд 1999-2000 гадоў зьніклі такія вядомыя лідэры, як віцэ-спікер парлямэнту Беларусі 13-га скліканьня Віктар Ганчар, Юры Захаранка і калега Ганчара Анатоль Красоўскі. Акрамя зьнікненьняў людзей мы атрымалі інфармацыю пра жорсткасьць міліцыі. Людзей зьбівалі, зьдзекваліся над імі падчас дэманстрацыяў праціўнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі. Ёсьць інфармацыя, што людзей пазбаўлялі свабоды без дастатковых падставаў. Гэта вельмі агульная характарыстыка сытуацыі ў Беларусі, якую мы разглядаем”.

Вось што Мэцью Прынгл адказаў на пытаньне, ці можна гаварыць пра нейкае паляпшэньне сытуацыі ў Беларусі за мінулы год.

(Прынгл: ) “Зразумела, няма ніякага паляпшэньня сытуацыі. І ў 99-м і 2000-м гадох сытуацыя ў галіне правоў чалавека была вельмі дрэнная. Калі мы прааналізуем сытуацыю пачынаючы з 96-га году, дык заўважым сталае пагаршэнье стану правоў чалавека. Я думаю, што 99 год сымбалізуе сабою новы этап пагаршэньня сытуацыі, калі вядомыя людзі пачалі зьнікаць. Такім чынам, няма ніякага паляпшэньня.”

Мы пацікавіліся ў спадара Прынгла, як стан правоў чалавека ў Беларусі выглядае на фоне іншых краінаў…

(Прынгл: ) “Мы ў Amnesty International не займаемся параўнаньнем сытуацыі у паасобных краінах, хаця многія хацелі б, каб мы гэтым займаліся. Мы займаемся паасобнымі краінамі. Адносна Беларусі магу сказаць, што колькасьць выпадкаў перасьледу апазыцыі, колькасьць зьняволеньняў без адпаведных падставаў, унікальная ў маштабах Эўропы. Нічога падобнага няма ў іншых эўрапейскіх краінах. У Эўропе толькіі шэсьць краінаў, дзе былі зарэгістраваныя выпадкі зьнікненьня людзей. Так што ёсьць некаторае падабенства паміж Беларусьсю і некаторымі іншымі краінамі, але Беларусь мае сваю спэцыфіку”.

І на заканчэньне мы зьвярнуліся да Мэцью Прынгла з пытаньнем пра тое, чаго можна спадзявацца ў галіне правоў чалавека сёлета, у год прэзыдэнцкіх выбараў, калі ўвага да Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці больш пільная…

(Прынгл: ) “Гэта добрае пытаньне, але вельмі цяжка на яго адказаць. Мы спадзяемся, што будзе паляпшэньне, але трэба пачакаць і пабачыць. Я хачу падкрэсьліць, што ў апошнія гады Беларусь знаходзілася пад агнём крытыкі з боку іншых краінаў сьвету, асабліва за парушэньні ў галіне правоў чалавека. У лістападзе летась, Беларусь была аб’ектам слуханьняў у Камітэце ААН у справах катаваньняў. Яе вельмі моцна крытыкавалі. Такім чынам, людзі сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і за станам правоў чалавека ў гэтай краіне”.
XS
SM
MD
LG