Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІ БІЗНЭСОВЕЦ АНДРЭЙ ЖУКАВЕЦ ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Апэляцыйны суд у Беластоку разглядаў сёньня скаргу адвакатаў беларускага бізнэсоўца Андрэя Жукаўца, экстрадыцыі якога дамагаюцца беларускія ўлады. Амаль два тыдні таму беластоцкі акруговы суд на падставе польска-беларускай дамовы аб прававой дапамозе прыняў рашэньне выдаць яго Беларусі.

Сёньня адвакат Зьдзіслаў Кішкель адразу ж заявіў суду, што абвінавачаньне супраць Андрэя Жукаўца абсурднае й палітычна матываванае, бо перасьлед бізнэсоўца беларускімі ўладамі пачаўся пасьля таго, як ім стала вядома пра ягоныя сувязі з апазыцыяй. Пра гэта казаў у сваёй прамове й сам Жукавец. Пракурор жа даводзіў апэляцыйнаму суду адваротнае — што ранейшае рашэньне акруговага суду было правільнае і Андрэя трэба выдаць Беларусі.

Суд прыслухаўся да довадаў абароны, адмяніў рашэньне аб экстрадыцыі Жукаўца і пастанавіў вызваліць яго з турмы. Суд можа вярнуцца да разгляду справы бізнэсоўца, калі беларускія ўлады прадаставяць польскаму боку пераканаўчыя доказы віны Андрэя Жукаўца.

Гаворыць намесьнік старшыні "Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы" Андрэй Юцкевіч:

(Юцкевіч: ) "Мы ад пачатку разьлічвалі, што рашэньне будзе прыкладна такое. Польшча не прыняла яшчэ ніводнай пастановы аб выдачы апазыцыйнага дзеяча Беларусі, але ж ня мог суд казаць, што гэта палітычны працэс і гэтак далей. Яны павінны былі проста спаслацца на нейкія працэсуальныя нормы, каб прыняць правільнае рашэньне аб ягоным вызваленьні. Яны спаслаліся й знайшлі адпаведныя нормы".

Прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў сказаў нашаму радыё, што незадаволены сёньняшнім рашэньнем апэляцыйнага суду ў Беластоку і беларуская пракуратура абавязкова паўторыць запыт аб экстрадыцыі Жукаўца.

Нагадаем, што Андрэй Жукавец зьехаў у Польшчу ў 1999 годзе. Беларускія ўлады кажуць, што ён не вярнуў дзяржаве буйны крэдыт (больш за 700 тысячаў даляраў), які ўзяў на арганізацыю сьветлавой рэклямы ў Менску ды іншых гарадах Беларусі. Улады накіравалі пошукавы ліст на Жукаўца ў Інтэрпол.

На падставе гэтага ліста спадар Жукавец і быў затрыманы на пачатку лютага ў Беластоку. Тры месяцы бізнэсовец знаходзіўся ў экстрадыцыйнай турме, дзе наладзіў некалькі галадовак пратэсту. Андрэй Жукавец сьцьвярджае, што беларускія ўлады перасьледуюць яго паводле палітычных матываў, бо ён аказваў фінансавую падтрымку апазыцыйным арганізацыям ды ўдзельнічаў у вулічных акцыях апазыцыі.
XS
SM
MD
LG