Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШТО РАБІЦЬ, КАЛІ ЎМОВЫ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ НЕБЯСЬПЕЧНЫЯ ДЛЯ ЗДАРОЎЯ?


Ганна Соусь, Менск

Паводле Тацьны Процькі, Алеся Абрамовіча гэткім чынам хацелі папярэдзіць і запалохаць, прымусіць адмовіцца ад праяваў пратэсту.

(Процька: ) "Калі суд пазбаўляе чалавека волі, няважна на які тэрмін, гэта ўжо ёсьць пакараньнем. У нас пакараньне ўзмацняе прыніжэньне чалавечай асобы.

Вось у гэтым выпадку — ён знаходзіўся з бамжамі ў небясьпечных для здароўя ўмовах. І гэта пакараньне "ў квадраце", "у кубе". І ні ў якім крымінальным заканадаўстве, ні ў якім іншым нашым заканадаўстве, у тым ліку і Канстытуцыі, гэтага не пазначана. І таму ўлады пэнітэнцыярных установаў, канечне, парушаюць нормы Канстытуцыі".

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту паведаміла, што з гэтай нагоды яна ўжо зьвярталася да кіраўнікоў пэнітэнцыярных установаў.

(Процька: ) "Яны гавораць, што такія аб’ектыўныя абставіны, што ім не стае фінансаваньня. Кажуць: "Мы не вінаватыя, мы ня злодзеі, мы ня хочам парушаць закон". А чалавеку, калі ён трапляе ў такія ўмовы, усе гэтыя тлумачэньні ня вельмі цікавыя.

Калі чалавек засуджаны за палітычныя дзеяньні, да яго павінна быць іншае стаўленьне. Хаця ў нас паводле закону няма палітычных прысудаў, а рэальна — гэта такая міжнародная практыка", — мяркуе Тацяна Процька.

Што трэба рабіць, калі ўмовы зьняволеньня небясьпечныя для здароўя? Якім чынам можна ўзьдзейнічаць на адміністрацыю турмы ці іншай такой установы? Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту дае наступныя парады:

(Процька: ) "Такі чалавек павінен настойліва зьвяртацца, бо гэта ня так лёгка, але ён павінен паважаць сябе і зьвяртацца да кіраўніцтва, каб яму далі дастатковыя ўмовы.

Можна зрабіць нейкую папераджальную галадоўку. Папераджальную толькі, а не галадаць там увесь час знаходжаньня, бо гэта шкодзіць здароўю яшчэ болей. Проста патрэбныя меры маральнага ўціску. І, канечне, рэальна не кантактаваць з тымі людзьмі, бо ўсе гэтыя хваробы перадаюцца пры кантакце".

Паводле Тацяны Процькі, сытуацыя са спадаром Абрамовічам — не выключная, гэта досыць распаўсюджаная зьява. Нядаўна прадстаўнікі Салігорскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту атрымалі ліст ад жанчыны, сын якой памёр пасьля таго, як за кратамі захварэў на сухоты.

(Процька: ) "Сын, які быў прысуджаны на восем гадоў зьняволеньня, захварэў на сухоты. Яго выпусьцілі, і ён памёр. І вось яна зараз хоча праз суд ад кіраўніцтва пэнітэнцыярнай сыстэмы атрымаць кампэнсацыю — 70 мільёнаў рублёў".

(Карэспандэнтка: ) "Як вы лічыце, ці здолее яна атрымаць гэтую кампэнсацыю?"

(Процька: ) "Думаю, што не. Але проста мы хочам стварыць такі прэцэдэнт — каб грамадзкасьць ведала пра тую сытуацыю. І дзяржава, калі пазбаўляе людзей волі, проста абавязаная стварыць умовы, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, бо пад гэтымі стандартамі наша дзяржава падпісалася", — перакананая кіраўніца Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька.
XS
SM
MD
LG