Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала, распавядаючы пра вынікі працы новых кодэксаў цягам 3-х месяцаў, згадаў і вязьня менскай калёніі — дэпутата Андрэя Клімава.

Сп. Сукала сказаў, што дэпутату ня варта разьлічваць на хуткае вызваленьне празь перагляд справы паводле новага кодэксу. Маўляў, адміністрацыя менскай калёніі, дзе ўтрымліваецца Клімаў, ня лічыць патрэбным пераглядаць справу Клімава. А калі з калёніі няма на Клімава дакумэнтаў, то няма й перагляду.

Жонка Клімава Тацяна Леановіч у адказ на заяву сп. Сукалы згадала, што Андрэй накіроўваў у суд наглядную скаргу, у якой прасіў перагледзець прысуд і ўлічыць, што ўсе, хто праходзіў разам зь ім па справе, ужо амніставаныя ці выйшлі на волю пасьля перакваліфікацыі злачынства.

Падставы для перакваліфікацыі злачынства ёсьць і ў выпадку дэпутата Клімава, але суд не задаволіў скаргу.

"Дарэмна сп. Сукала пераклаў адказнасьць за немагчымасьць перагляду на адміністрацыю калёніі. Мяне пасадзілі сюды судзьдзі — і яўна з палітычных прычынаў, і з гэтых жа прычынаў ня хочуць выпускаць", — гэтак, паводле Тацяны Леановіч, пракамэнтаваў Андрэй Клімаў словы старшыні Вярхоўнага суду.

Нагадаю, Андрэй Клімаў правёў у турме ўжо 3 гады, і паводле прысуду яму яшчэ сядзець ледзь ня столькі ж.


***
Васіль Старавойтаў днямі сьвяткаваў невялічкую юрыдычную перамогу. Яму вярнулі частку раней канфіскаванай маёмасьці — некалькі дзясяткаў пляшак каньяку й гарэлкі, якія падначаленыя кіраўніка сьледчага камітэту Леаніда Глухоўскага забралі з дому Старавойтава яшчэ ў 1998 годзе. Цікава аднак, чаму так доўга не выконвалася рашэньне Кіраўскага раённага суду, які палічыў канфіскацыю незаконнай.

(Старавойтаў: ) "Рашэньне было, але яно ўсё ляжала, можа месяца паўтара прайшло. Яны, відаць, чакалі ад мяне нейкай рэакцыі, а я ўсё не зьвяртаўся. І вось мяне выклікаў начальнік міліцыі і кажа — забірай".

Вернутыя каньяк і гарэлку сам былы старшыня "Расьсьвету" ня п'е, але лічыць добрай дапамогай у гаспадарцы."Мне ж неяк трэба з мужыкамі разьлічвацца, што агарод ўзаралі ці вось цяпер парнік дапамагаюць будаваць. Што зробіш, на палову пэнсіі не пражывеш", — патлумачыў двойчы герой сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў.

Нагадаю, пасьля таго, як Старавойтаў вярнуўся з турмы, палову ягонай пэнсіі дагэтуль утрымліваюць дзеля таго, каб пакрыць страты, якія той нібыта нанёс калгасу "Расьсьвет" за 30 гадоў кіраваньня. Толькі чамусьці пры Старавойтаве прыбыткі расьсьветаўцаў былі ўтрая вышэйшыя, як цяпер.


***
У мінулым аглядзе мы паведамлялі пра ліст ананімных сьледчых па справе Зьмітра Завадзкага, якія папярэджвалі, што іх прысьпешваюць завершыць справу аб зьнікненьні апэратара ОРТ.

Маўляў, пракуратура краіны патрабуе як хутчэй перадаць справу ў суд, але сьледчыя валодаюць толькі прозьвішчамі некаторых выканаўцаў, сярод іх, магчыма, спэцназавец Валер Ігнатовіч. А вось на сапраўдных арганізатараў злачынства выйсьці пакуль не ўдаецца.

І ўсё ж справа Валер'я Ігнатовіча, відаць, сапраўды хутка зьявіцца ў судзе. Кампэтэнтная крыніца днямі паведаміла, што расьсьледаваньне ўжо завершанае, ня выключана, што ўжо ў траўні адбудзецца суд.


***
Цікавай інфармацыяй пра свайго сына Аляксандра падзяліўся экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір. Аказваецца, з гэтага тыдня да Аляксандра ў камэру пасадзілі сына Тамары Віньнікавай Сяргея, якога абвінавачваюць у продажы наркотыкаў.

Сяргей распавёў, як улады зьбіраюцца вырашаць ягоны лёс. Маўляў, сярод вязьняў сьледчага ізалятара знойдуць такога, хто за нейкую саступку пагадзіцца прызнаць, што гэта Сяргей Віньнікаў прадаў яму наркотык.

Міхаіл Чыгір не выключае, што такімі зьвесткамі спрабуюць дэмаралізаваць ягонага сына і што ўся гэтая кампанія зьвязаная з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

(Чыгір: ) "І той бруд, які выліваўся на маю сям'ю, і факт, што мой малодшы сын знаходзіцца ў ізаляцыі — гэта ўсё зьвязана з выбарамі. Лукашэнка казаў, што самыя чэсныя, самыя адкрытыя будуць выбары ў Беларусі. Вось ён кожны дзень паказвае, якія выбары будуць і як гэта будзе адбывацца", — казаў экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір, які думае вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG