Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск


На гэтым тыдні ў цэнтры "Прававая дапамога насельніцтву" адбылася прэзэнтацыя зборніка "Дзе Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі?" На прэзэнтацыі жонка Ганчара Зінаіда вельмі крытычна выказалася на адрас дэпутацкай камісіі па пошуках Ганчара й Красоўскага.

Яна заявіла, што яе ня дзівіць безвыніковасьць афіцыйнага расьсьледаваньня, але сьледзтва, якое вядзе камісія Вярхоўнага Савету, "таксама зайшло ў тупік".

(Зінаіда Ганчар: ) "Я даслала кожнаму зь сяброў дэпутацкай камісіі ліст з просьбай паведаміць, што канкрэтна зроблена дзеля пошукаў Ганчара й Красоўскага, але мне ніхто дагэтуль не адказаў", — паведаміла Зінаіда Ганчар.

Яе зьдзіўляе таксама пазыцыя кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі, актыўнымі сябрамі якой былі Ганчар і Захаранка. Кіраўніцтва партыі, мяркуе жанчына, робіць усё менш захадаў, каб знайсьці сваіх калегаў.

Крытыкавала яна, дарэчы, і журналістаў — у тым ліку і недзяржаўных выданьняў. Жонка зьніклага намесьніка старшыні парлямэнту мяркуе, што беларускія журналісты мала што робяць дзеля высьвятленьня лёсу свайго калегі Зьмітра Завадзкага.

Дарэчы, два дні таму зьявілася новая інфармацыя адносна зьнікненьня апэратара ОРТ Завадзкага. Да журналістаў патрапіў ліст, аўтары якога не называюць сваіх прозьвішчаў, але кажуць, што яны — сьледчыя па гэтай справе.

Ананімныя аўтары ліста сьцьвярджаюць, што кіраўніцтва пракуратуры прысьпешвае расьсьледаваньне справы, каб схаваць ад грамадзкасьці прозьвішчы замоўцаў злачынства. Згодна зь лістом, замоўцам і некаторых выканаўцам злачынства дапамагаюць з найвышэйшага кіраўніцтва.

Таксама ананімы заяўляюць, што з матэрыялаў справы ўжо зьніклі два тамы дакумэнтаў, якія раней зь неверагоднымі цяжкасьцямі сабралі сьледчыя.

Доказаў гэтых зьвестак не прыводзіцца, але ліст быў дасланы былому сьледчаму Алегу Волчаку, які мяркуе, што інфармацыя вартая ўвагі. Сярод сьледчых па справе Завадзкага шмат сумленных людзей, перакананы Алег Волчак.


***
Зяць былога міністра ўнутраных справаў Юр'я Захаранкі Вячаслаў Арцем'еў паведаміў пра свой нядаўні візыт у Камітэт па арганізаванай злачыннасьці. Яго выклікалі на размову, бо ён некалі тэлефанаваў сыну экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра.

Вячаслаў думаў, што яму зьбіраюцца нешта паведаміць пра зьніклага цесьця, а замест гэтага пытаньне: "Што адмоўнага вы можаце паведаміць пра Аляксандра Чыгіра?"

Паводле Арцем'ева, яму доўга давялося спрачацца са сьледчым:

(Вячаслаў Арцем'еў: ) "Ён доўга мяне тэрарызаваў, але я сказаў, што добра ведаю Аляксандра, ягоную сям'ю і ня маю да Чыгіроў аніякіх прэтэнзіяў", — сказаў зяць Захаранкі Вячаслаў Арцем'еў.

Як ён патлумачыў, яго пазнаёміў зь сям'ёй Чыгіроў Юры Захаранка, яшчэ калі быў міністрам. Некалькі разоў малодшы Чыгір кансультаваў Вячаслава што да аўтамабільных справах.

"Тое, што гэта цікавіць сьледчых, — зразумела, але чамусьці гутарку яны пачалі адразу з прапановы паведаміць нешта нэгатыўнае пра Аляксандра", — заўважае Вячаслаў Арцем'еў.

Пра сустрэчу зяця Захаранкі са сьледчымі першым паведаміў журналістам экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір. Ён ладзіў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды падаўжэньня тэрміна ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары ягонага сына — тэрмін працягнулі яшчэ на два месяцы.

Міхаіл Чыгір падрабязна спыніўся на незаконных, на яго думку, мэтадах, якія ўжываюць сьледчыя супраць Аляксандра і ягоных сяброў, каб сабраць на яго кампрамат. Асабліва бянтэжыць, што Аляксандар Чыгір пасьля таго, як быў зьбіты ягоны адвакат Аляксандр Пыльчанка, застаўся без абаронцы.

Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір таксама заявіў, што не адмовіўся ад намеру ўдзельнічаць у выбарах на прэзыдэнта. Гісторыя з арыштам сына яшчэ больш пераканала яго, што трэба змагацца за зьмену палітычнага ладу ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG