Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ЗАСУДЗІЛІ ТРОХ МІЛІЦЫЯНТАЎ ЗА КАТАВАНЬНІ


Казімер Яноўскі, Гомель


Суду спатрэбіўся амаль год, каб вынесьці прысуд упаўнаважаным крымінальнага вышуку Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Дзянісу Дзенісоўскаму, Сяргею Майсенку ды Андрэю Іванову.

Наша радыё па гарачых сьлядах перадавала, як летась 31 сакавіка міліцыянты памылкова схапілі трох маладых хлапцоў — Сяргея Сідаровіча, Дзіму Калякіна ды Юр'я Кір'янава. Іх абвінавацілі ў рабаваньні сям'і.

Прызнаньне афіцэры-апэратыўнікі выбівалі кулакамі, дубінкамі, нагамі, душылі вопраткай. Паводле паказаньняў, старшы лейтэнант Дзенісоўскі аднаму з хлопцаў сунуў у рот пісталет ды пагражаў стрэліць.

Каб схаваць пабоі, міліцыянты адправілі юнакоў у ізалятар, а праз два дні на падставе ілжывых пратаколаў судзьдзя Цэнтральнага суду Яраслаў Парэмскі аштрафаваў Дзіму Калякіна на 44 000 рублёў, а іншым хлопцам даў адміністрацыйнае пакараньне — 7 сутак за лаянку ды спробу ўчыніць бойку.

Маладым людзям ды іхным бацькам спатрэбілася шмат часу, каб афіцэры міліцыі селі на лаву падсудных. Аднак жа разьбіральніцтва ў судзе было пры зачыненых дзьвярах. Пабоі, што нанесьлі міліцыянты, перавялі ў шэраг сакрэтных на той падставе, што гэта нібыта магло раскрыць мэтады апэратыўна-вышуковай дзейнасьці міліцыі.

А 15-й гадзіне судзьдзя Ўладзімер Самахвалаў абвесьціў рашэньне суду. Опэрупаўнаважаныя крымінальнага вышуку афіцэры Дзенісоўскі, Майсенка ды Іваноў прызнаныя вінаватымі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, нанясеньні пабояў ды пагрозе зброяй.

Усім тром далі аднолькавае пакараньне — 3 гады зьняволеньня. Апроч таго, міліцыянты мусяць заплаціць кампэнсацыю за маральныя страты пацярпелым юнакам. Адвакат пацярпелых Зьміцер Міроненка так выказаўся адносна толькі што завершанага закрытага працэсу над ахоўнікамі парадку:

(Міроненка: ) "Што мяне найбольш уразіла — гэта стаўленьне нашай міліцыі да нашых грамадзян".
XS
SM
MD
LG