Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск


Зінаіду Ганчар захапляе дзейнасьць актывістаў арганізацыі "Зубар". Маці Зьмітра Завадзкага распавяла пра сустрэчу з памочнікам Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімерам Макеем. Дэпутат Эўрапарлямэнту Элізабэт Шротэр заклапочаная адсутнасьцю вынікаў афіцыйнага расьсьледаваньня зьнікненьня вядомых беларускіх апазыцыянэраў. Праграма НТВ "Незалежнае расьсьледаваньне" абяцае заняцца справамі зьніклых беларускіх палітыкаў.

Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара, вітае дзейнасьць актывістаў моладзевай арганізацыі "Зубар", якія правялі ўжо некалькі гучных акцыяў, каб зьвярнуць увагу грамадзкасці на справы Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

На гэтым тыдні Зінаіда Ганчар занесла перадачу жыхару Барысава Антону Цялежнікаву, які адбывае 15 сутак у менскім ізалятары на Акрэсьціна за тое, што пікетаваў будынак адміністрацыі Лукашэнкі, пратэстуючы супраць выкраданьня вядомых апазыцыянэраў.

(Ганчар: ) "Я магу толькі захапляцца гэтым маладым чалавекам. Добра, што ў нас ёсьць тыя, хто здольны дзейнічаць, каб прымусіць уладу жыць па законе, хаця б выконваць тую Канстытуцыю, якую яны рэклямуюць", — сказала Зінаіда Ганчар пра 19-гадовага Антона Цялежнікава.

Таксама спадарыня Ганчар вітала апошнюю акцыю актывістаў арганізаці "Зубар" — яны напісала на платах уздоўж маршруту Лукашэнкі заклікі вярнуць Захаранку, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага:

(Ганчар: ) "Правільна, што зьвяртаюцца да Лукашэнкі. А то ён абараняе Паўла Барадзіна, шкадуе, што той сядзіць у кайданках, а таго, што робіцца ў ягонай краіне ягонымі ж падначаленымі — не заўважае".

Зінаіда Ганчар згадала, як ейнага мужа ў ізалятары на Акрэсьціна (ён трымаў галадоўку і быў вельмі хворы) прычапілі кайданкамі да трубы, аднак Аляксандра Лукашэнку гэта мала турбавала.


***
Маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага таксама лічыць, што афіцыйныя ўлады толькі робяць выгляд, што шукаюць зьніклых. Вольга Завадзкая паведаміла журналістам пра нядаўнюю сустрэчу з памочнікам Лукашэнкі Ўладзімерам Макеем.

(Завадзкая: ) "Нічога канкрэтнага ён мне не сказаў. Агульныя выказваньні — прэзыдэнт вельмі заклапочаны лёсам Зьмітра.

Я прасіла яго патлумачыць, хто каму са сьледчых падпарадкоўваецца цяпер, пасьля стварэньня адзінай групы па справе, бо раней справу расьсьледавала транспартная пракуратура. Ён разгубіўся і ня здолеў адказаць, сказаў, што сам пацікавіцца".

Як бачым, вельмі паказальны эпізод, які сведчыць пра ўзровень кампэтэнтнасьці чыноўнікаў, што займаюцца гэтай балючай праблемай.

Недарма прадстаўнікі эўрапейскіх структураў гэтак прынцыпова, адзнакай "нездавальняюча", ацэньваюць дзеяньні беларускіх ўладаў у пошуках зьніклых палітыкаў.

Прыкладам, дэпутат Эўрапарлямэнту Элізабэт Шротэр на старонках "Народнай волі" днямі паведаміла: "Выкраданьні людзей у Беларусі — пад нашай асаблівай увагай. Кожны раз, наведваючы вашую краіну, мы пытаемся пра вынікі расьсьледаваньняў, але зразумелых адказаў не атрымліваем".

Дадам, што апошнім разам дэпутатка Эўрапарлямэнту сустракалася ў Менску з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Міхаілам Мясьніковічам. "Напэўна, для Міхаіла Мясьніковіча тыя праблемы, тая заклапочанасьць, якую мы выявілі, не такія істотныя", — падсумавала вынікі сустрэчы Элізабэт Шротэр.

Дадам, што падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі сілавых ведамстваў, што адбылася мінулай серадой, прозьвішчы Завадзкага, Ганчара , Красоўскага й Захаранкі нават не гучалі. А вось праграма расейскага тэлеканалу НТВ "Незалежнае расьсьледаваньне" публічна паабяцала заняцца справай зьнікненьня Зьмітра Завадзкага й вядомых беларускіх апазыцыянэраў.
XS
SM
MD
LG