Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РЭДАКТАРА НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЭТЫ Ў КРЫЧАВЕ ПАКАРАЛІ ШТРАФАМ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць


Рэдактара незарэгістраванай газэты "Наш вольны горад" абвінавацілі ў парушэньні парадку прадпрымальніцкай дзейнасьці. Паводле інфармацыі сьведкаў і міліцыянтаў, празь мяжу Расеі й Беларусі перавозілі больш як 300 асобнікаў выданьня, што ёсьць парушэньнем заканадаўства.

Міліцыянты заявілі, што галоўны рэдактар выдаваў газэту, ня маючы на гэта адпаведнай ліцэнзіі. Мікалай Маторанка даказваў, што міліцыянты канфіскавалі ня толькі наклад "Нашага вольнага гораду", але й газэты "Вольны горад", таму й палічылі два выданьні за адно.

Абаронцы кажуць, што каб выдаваць незарэгістраваную газэту, ліцэнзіі ня трэба. Судзьдзя Ўладзімер Жандараў палічыў доказы міліцыянтаў больш важкімі.

На судовым паседжаньні 2 сакавіка пакаралі рэдактара "Вольнага гораду" Сяргея Няроўнага штрафам на 50 мінімальных заробкаў, такую ж суму далі сёньня Мікалаю Маторанку. Ён перакананы, што суд ішоў па вызначаным сцэнары.

Мікалай Маторанка кажа: "Гэта было пародыяй на судовае рашэньне. Судзьдзя напісаў яго пад ціскам зьверху й прыняў да ведама толькі міліцэйскія словы".

Рашэньнем Крычаўскага раённага суду наклад газэты канфіскаваны на карысьць дзяржавы. Адметна, што па гэтай справе судзілі трох жыхароў Крычава. Усіх траіх пакаралі штрафам на 50 мінімальных заробкаў, а наклад выданьняў канфіскавалі толькі ў двух, акрамя сузаснавальніка "Вольнага гораду" Вадзіма Стэфаненкі.

Калі сёньня ён зьявіўся ў аддзяленьне з рашэньнем суду пра тое, што ягоны наклад не падлягае канфіскацыі, міліцыянты адмовіліся аддаць яму асобнікі газэты. Міліцыянты сказалі, што рашэньне суду — гэта, магчыма, памылка друку.

XS
SM
MD
LG