Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БЕЛАРУСІ ПАРУШАЮЦЬ ПРАВА ГРАМАДЗЯНАЎ НА СВАБОДУ СХОДАЎ


Мікола Іваноў, Прага


На мінулым тыдні Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў гадавую справаздачу “Стан правоў чалавека ў сьвеце”. Сёньня мы завяршаем сэрыю перадачаў, прысьвечаных гэтай справаздачы. Апошні разьдзел – пра парушэньні ў Беларусі палітычных правоў, права на свабоду сходаў, правоў нацыянальных і рэлігійных мяншыняў.



У справаздачы Дзярждэпартамэнту гаворыцца, што насуперак беларускай канстытуцыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна абмяжоўвае права грамадзянаў на свабоду сходаў і асацыяцыяў. Арганізатары незалежных дэманстрацыяў павінны атрымліваць дазвол на іх правядзеньне як мінімум за 15 дзён.

Яшчэ ў 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў указ № 5, які, на думку ўладаў павінен быў прыпыніць “оргію” вулічных пратэстаў. У сапраўднасьці ж, гэты дэкрэт яшчэ больш абмежаваў правы грамадзянаў свабодна ўдзельнічаць у дэманстрацыях. Закон вызначае спэцыяльныя месцы, дзе дазваляецца маніфэставаць, забараняе маніфэставаць пад забароненымі лёзунгамі і сымбалямі, а таксама пад плякатамі, якія пагражаюць бясьпецы дзяржавы.

Дэманстрацыі, адзначаецца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, даволі часта адбываліся ў Менску, але яны заўсёды строга кантраляваліся дзяржавай. Удзельнікаў маніфэстацыяў здымалі відэакамэрамі, часам іх запалохвалі, зьбівалі, арыштоўвалі, незаконна ўтрымлівалі у міліцэйскіх пастарунках.

Падчас Маршу Свабоды ў Менску ў сакавіку 2000 году, у якім прынялі ўдзел да 30 тыс. удзельнікаў, гаворыцца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, было затрымана да 700 дэманстрантаў, сярод якіх былі 35 міжнародных і беларускіх журналістаў. У журналістаў канфіскоўвалі зьнятыя фатаплёнкі, іх абражалі і нават зьбівалі.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША згадваюцца дзясяткі выпадкаў, калі ўлады незаконна выкарыстоўвалі сілу супраць дэманстрантаў, затрымлівалі іх, арыштоўвалі, падвяргалі судоваму перасьледу, штрафавалі і нават беспадстаўна кідалі за краты.

У разьдзеле справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту, прысьвечанай свабодзе веравызнаньняў, гаворыцца, што ў парушэньне канстытуцыі Беларусі, Аляксандар Лукашэнка адразу пасьля свайго абраньня на пасаду прэзыдэнта краіны ў 1994 годзе пачаў праводзіць палітыку спрыяньня Праваслаўнай царкве. Лукашэнка сваім дэкрэтам надаў Праваслаўнай царкве фінансавыя льготы. Ён не аднойчы заяўляў, што праваслаў’е будзе заўсёды “галоўнай” рэлігіяй Беларусі.

На працягу 2000 году ўлады праводзілі палітыку, накіраваную на абмежаваньне ролі сьвятароў-замежнікаў у рэлігійным жыцьці Беларусі. Найбольш вядомы выпадак гэтай дыскрымінацыі – высылка каталіцкага ксяндза-паляка Зьбігнева Кароляка, якога абвінавацілі ў парушэньні пашпартнага рэжыму.

У разьдзеле справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, прысьвечанага палітычным правам беларусаў, гаворыцца, што рэжым Лукашэнкі выразна абмяжоўвае правы грамадзянаў уплываць на характар ураду сваёй краіны. Парлямэнцкія выбары ў кастрычніку 2000 году не былі ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі.

Праціўнікі рэжыму Лукашэнкі мелі вельмі абмежаваны доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Выбарчыя камісіі ў парушэньне законаў Беларусі адмаўлялі прадстаўнікам апазыцыі ў рэгістрацыі. Падчас саміх выбараў мясцовая адміністрацыя часта змушала грамадзянаў браць удзел у галасаваньні, а пазьней, калі не хапала галасоў да неабходнага ўзроўню ў 50%, вынік выбараў фальсіфікаваўся на карысьць прыхільнікаў Лукашэнкі.

У апошніх разьдзелах справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту гаворыцца, што ў Беларусі адбываецца парушэньне правоў нацыянальных і сэксуальных мяншыняў, правоў кабетаў і дзяцей.

У Беларусі адкрыта распаўсюджваецца антысэміцкая літаратура, уключна з такой выразна антыгабрэйскай кнігай як “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў”. І рэжым Лукашэнкі амаль нічога ня робіць дзеля таго, каб затрымаць гэты працэс. У студзені 2000 году Ўсясьветная Асацыяцыя беларускіх габрэяў назвала рэжым Аляксандра Лукашэнкі антысэміцкім.

Асаблівую неталерантнасьць беларускія ўлады выказваюць у дачыненьні да гомасэксуалаў. 21 лютага быў зачынены ў Менску дыска-клюб гомасэксуалаў, а ў верасьні менскія ўлады забаранілі “гей-парад” у цэнтры гораду. Раней ў 1999 годзе міністэрства юстыцыі адмовілася зарэгістраваць адзіную ў краіну арганізацыю гомасэксуалаў і лесбіянак.

Сур’ёзнай праблемай для Беларусі, гаворыцца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту, зьяўляецца гвалт над жанчынамі ў сем’ях. Беларускія жаночыя арганізацыі адзначаюць, што міліцыя звычайне не рэагуе на паведамленьні аб зьбіцці ў сем’ях.

Сэксуальнае дамагальніцтва шырока распаўсюджаная зьява ў Беларусі, але ў крымінальным кодэксе няма артыкулу, які б прадугледжваў адказнасьць за падобныя крымінальныя дзеяньні.

Дыскрымінацыя жанчынаў адбываецца ў Беларусі ў галіне заробкаў і кар’ерных магчымасьцяў.



XS
SM
MD
LG