Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Уладзімер Кудзінаў думае заняцца праваабарончай дзейнасьцю, аднак лічыць, што ўлады паспрабуюць стварыць яму штучныя перашкоды. Маці Зьмітра Завадзкага верыць, што ейны сын жывы. Міністар унутраных справаў Навумаў кажа, што ў справах зьніклых Захаранкі, Ганчара й Красоўскага ёсьць пэўныя вынікі, але тайна сьледзтва не дае пра іх паведаміць.

Уладзімер Кудзінаў вярнуўся ў вялікую палітыку. Гэтае вяртаньне адбылося ў Вене, дзе Кудзінаў у складзе дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня браў удзел у працы Сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Як вядома, на паседжаньні разглядалі паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 13 скліканьня й Нацыянальнага сходу. У выніку прынялі “нулявы варыянт” — не зацьвердзілі паўнамоцтваў ніводнага зь беларускіх парлямэнтаў.

Уладзімер Кудзінаў, аднак, лічыць, што ў Вене апазыцыя не атрымала паразы, як пра тое кажа дзяржаўная прапаганда.

(Кудзінаў: ) "Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 13 скліканьня застаюцца, бо ў Вене не прынялі іншага рашэньня, такім чынам беспадстаўныя заявы прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пра тое, што мы атрымалі паразу.

Наадварот, нам прадэманстравалі прадстаўнікі ўсёй Эўропы, што яны вельмі зацікаўленыя ў пераменах у Беларусі ды што вельмі спадзяюцца на адданых Канстытуцыі 1994 году дэпутатаў", — заявіў Свабодзе Ўладзімер Кудзінаў.

Надалей палітычная дзейнасьць Кудзінава пойдзе ў двух рэчышчах.

Ён плянуе заняцца абаронай правоў грамадзянаў, дзеля чаго ўжо зрабіў пэўныя крокі — падрыхтаваў адпаведныя дакумэнты. Праўда, Кудзінаў не выключае, што ўлады будуць яму перашкаджаць. “Прыкметы гэтага ўжо ёсьць”, — кажа дэпутат.

І другое: ён зьбіраецца актыўна дапамагаць адзінаму кандыдату на прэзыдэнта. Каму — гэта залежыць ад рашэньня аб’яднанай апазыцыі.


***
Маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага ня верыць, што зь ейным сынам адбылося непапраўнае. "Я чамусьці ўпэўненая, што Дзіма жывы. Мне па-іншаму ня думаецца. І мне чамусьці здаецца, што неўзабаве сытуацыя павінна вырашыцца", — кажа Вольга Завадзкая.

Аднак прадстаўнікі беларускіх ўладаў не даюць падставаў спадзявацца на сапраўды хуткае заканчэньне гэтай гісторыі. На гэтым тыдні міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў адказваючы на пытаньне журналістаў адносна вынікаў справы Завадзкага, заявіў раптам, што ня ведае, калі справа трапіць у суд і якія апошнія вынікі расьсьледаваньня.

Навумаў сказаў, што цяпер не ягоныя падначаленыя расьсьледуюць гэтую справу. Дзіўная заява, калі нагадаць, што міністар Навумаў ад самога Аляксандра Лукашэнкі атрымаў загад каардынаваць гэтае расьсьледаваньне.


***
Адносна справаў зьніклых Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага міністар паўтарыў свае колішнія словы — ён не вылучае гэтыя справы зь іншых. Бо гора для ўсіх сваякоў зьніклых роўнае, і міліцыя павінна роўна ставіцца да ўсіх.

Летась у Беларусі зьнікла каля 5 000 грамадзянаў, зь іх 4 800 знойдзена, адрапартаваў спадар Навумаў. А што да справаў зьніклых палітыкаў, дык, паводле міністра, пэўныя вынікі ўсё ж і тут ёсьць, але паведамляць пра іх пакуль нельга.

(Навумаў: ) "Што да гэтых злачынстваў, дык робім што магчыма. Ёсьць і там пэўныя вынікі. Але ж — тайна сьледзтва", — гэтак адказаў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў на пытаньне пра тое, чаго дабіліся міліцыянты, шукаючы свайго былога кіраўніка Юр'я Захаранку, а таксама намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара й бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

XS
SM
MD
LG