Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАТРЫМАНЫЯ НЕКАЛЬКІ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ СЁНЬНЯШНЯЙ АКЦЫІ МОЛАДЗІ


Любоў Лунёва, Менск

Напачатку акцыі "Любові! Свабоды! Пераменаў!" на плошчы Свабоды супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух сяброў Маладога Фронту — Міхася Чыжыка й Паўла Космача.

Падчас руху калёны дэманстрантаў па праспэкце Скарыны супрацоўнікі міліцыі стварылі жывы ланцуг уздоўж праезнай часткі. Калі ж насупраць цырку некалькі дэманстрантаў выйшлі на праезную частку, міліцыянты кінуліся да іх і пачалі моцна зьбіваць дубінкамі.

Юнакі вымушаныя былі адступіць. На плошчы Перамогі лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец заклікаў усіх спусьціцца ў мэтро і разьехацца па хатах.

Разам з дэманстрантамі ў мэтро пайшлі апэратыўнікі з крымінальнага вышуку. Яны затрымалі некалькіх маладых людзей, іхныя прозьвішчы дагэтуль невядомыя. Маладафронтаўцы паведамілі нашаму радыё, што бачылі, як людзі ў цывільным пры затрыманьні моцна зьбілі двух непаўнагадовых хлопчыкаў.

Сёлетняя акцыя "Пераменаў!" адрозьніваецца ад леташняй менавіта паводзінамі сілавікоў. Міліцыянты казалі ў прыватных размовах, што атрымалі загад, які забараняе затрымліваць дэманстрантаў.

Супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў скіравалі толькі на ахову грамадзкага парадку. Ніколі раней журналісты ня бачылі гэтулькі начальства. Палкоўнікі ў каракулевых папахах з мабільнымі тэлефонамі беглі побач зь непаўнагадовымі дэманстрантамі, нібы звычайныя сяржанты, але ж былі вельмі задыханыя.
XS
SM
MD
LG