Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЕНА ЎЛІЦІНА ПАТРАБУЕ ПРЫЦЯГНУЦЬ ДА АДКАЗНАСЬЦІ КІРАЎНІЦТВА МАГІЛЕЎСКАГА АЎТАЗАВОДУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Алена Ўліціна пасьля звальненьня з працы Ігара Бугрова выконвае яго абавязкі на грамадзкіх пачатках. Заробак атрымлівае на аўтазаводзе.

Жорсткую рэакцыю адміністрацыі прадпрыемства выклікала яе актыўнай грамадзкая дзейнасьць, асабліва ўдзел у мітынгу і шэсьці 3-га лютага.

Нагадаем, што на акцыях пратэсту 3-га лютага рабочыя пратэставалі супраць зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню, затрымак з выплатам заробкаў, уціску на актывістаў Свабоднага прафсаюзу.

Менавіта тады, 3-га лютага, супрацоўнікі КГБ здымалі ўдзельнікаў акцыі на відэакамэру, а прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства запісвалі прозьвішчы сваіх работнікаў у нататнікі.

Як стала вядома карэспандэнту Радыё Свабода, звольніць пагражалі ня толькі спадарыні Ўліцінай. Цягам мінулага тыдня кіраўнікі розных рангаў выклікалі да сябе асобных удзельнікаў мітынгу і раілі ім больш працаваць і менш займацца грамадзкімі справамі.

Гэты прыём яшчэ раней выкарысталі ў дачыненьні да Ўліцінай. Яшчэ да мітынгу яе неаднаразова выклікалі да сябе начальнік цэху спадар Седзіч і майстар спадарыня Курашова. Яны рэкамэндавалі Ўліцінай выйсьці з прафсаюзу.

Супрацоўніца аўтазаводу адзначыла, што да яе не прад’яўлялі прэтэнзіяў цягам 10-ці гадоў працы. Прэтэнзіі зьявіліся пасьля ўступленьня ў Свабодны прафсаюз.

Уліціна заявіла, што “майстар і начальнік цэху парушаюць маё канстытуцыйнае права быць у прафсаюзе, шантажуюць мяне і ўмешваюцца ў маё асабістае жыцьцё”.

Зараз Уліцінай заявілі, што, калі яна ня спыніць грамадзкую дзейнасьць, то з працы пры скарачэньні штату звольняць двух работнікаў заводу.

Маці, якая адна выхоўвае 2-х дзяцей, накіравала заявы ў Міністэрства працы, Свабодны прафсаюз, АБСЭ, у якіх просіць засьцерагчы яе ад палітычнага перасьледу.

Ад генэральнага пракурора Віктара Шэймана яна патрабуе прыцягнуць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці кіраўнікоў магілеўскага аўтазаводу.

За сытуацыяй зь вялікай цікавасьцю сочаць і іншыя рабочыя, якія актыўна ўдзельнічалі ў мітынгу і шэсьці. Яны лічаць, што справа спадарыні Ўліцінай – выпрабавальны шар з боку мясцовых уладаў. Калі яна будзе звольненая з працы, наступным можа быць кожны зь іх.

XS
SM
MD
LG