Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бяз права на ўласнасьць


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 23 Лістапада 2000 г.)

Удзельнік: гісторык Уладзімер Ляхоўскі.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Старыя людзі ў маім радзінным мястэчку (гэта Заходняя Беларусь) любілі прыгаворваць: як камуністыя зьяўляюцца, у крамах бы карова ўсё языком зьлізвае. Тут іхны досьвед з 39-га году. Гэтак жа скэптычна яны пэўны час ставіліся й да савецкіх ашчадных касаў, аблігацыяў — таксама ведалі, чаго вартае слова "народнае" ўлады. Чарговы выпуск аблігацыяў або грашова-рэчавую лётарэю інакш як зладзействам камуністых мудрыя вяскоўцы й не называлі. Але неяк паабжыліся "за саветамі", прызвычаіліся да іхных парадкаў. Усё ж праўда — чалавечая памяць кароткая. І зноў паверылі й пачалі ашчаджаць — адкладваць у ашчадным банку свае рубельчыкі на чорны дзень. І чорны дзень для іх настаў нашмат раней, чым яго чакалі. Якім ён стаўся на пачатку 90-х — кожны сёньня ведае. Было? Цяпер — няма. Нібыта словамі Купалавага пэрсанажу дзяржава патлумачыла людзям — цяпер "іншая політычная сытуацыя…"

Наш сталы слухач, напэўна, ужо паморшчыўся: пры чым тут спадчына? Гэта ж — рэалія сёньняшняга дню… Палітычная, эканамічная… Ай, не сьпяшайцеся…

У Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца невялічкая паводле памеру тэчка з фонду "Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР". Зь дзясяткаў іншых, ёй падобных, гэтая тэчка вылучаецца хіба што сваім назовам — "Права ўласнасьці. Пачатая 11 студзеня 1926 году. На 39 лістах". Але ўжо пасьля першага знаёмства з дакумэнтамі мне закарцела перапісаць гэты назоў на — "Бяз права на ўласнасьць". Там — заявы, скаргі й спадзевы на справядлівасьць людзей пакрыўджаных, зьняважаных, абкрадзеных роднай дзяржаваю. І там — адказы гэтак званае "народнае ўлады" сваім грамадзянам"…

Савецкае "права ўласнасьці" ад 1926 году пракамэнтуе для нас гісторык Уладзімер Ляхоўскі, які сёньня госьцем "Неабжытае спадчыны"…

Вось адная тыповая справа з архіўнай тэчкі — справа адносна грашовага ўкладу Юстыны Міхно. 24 сьнежня 1925 году жыхарка Віцебску зьвярнулася з заяваю да старшыні Прэзыдыюму Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР Вторично прошу Вашего рассмотрения выдать мне 900 рублей, внесенные мною 4-го дня 1913 года в Государственную Кассу №148 при Отделении Государственного банка г.Витебска под книжку №59801. Ещё раз сообщаю, что это были мои трудовые копейки, собиравшиеся мной в течении не одного, а нескольких десятилетий на случай утраты трудоспособности. В настоящее время мне 73 года и я не в состоянии уже заработать личным трудом и обречена на нищенствование в случае невозврата мне моих денег.
Иустиния Михно. І вось рашэньне дзяржавы ў гэтай справе… Віцебскаму Абласному Выканаўчаму Камітэту.
Сэкратарыят ЦВК БССР просіць паведаміць грамадзянку Міхно Юстыну Халімонаву, пражываючую па Якаўскай вуліцы, дом №45, на яе паўторную заяву, што грошы ўкладзеныя ў ашчадныя касы ў дарэвалюцыйны час не ўзварочваюцца. Адначасова памянёнай грамадзянцы неабходна растлумачыць, што калі яна страціла працаздольнасьць і ня мае сродкаў да жыцьця, дык павінна зьвярнуцца ў Акруговы Аддзел Забесьпячэньня на прадмет залічэньня яе на пэнсію.
Загадчык Адміністрацыйна-Гаспадарчага Аддзелу Ар.Вай.:Спадар Ляхоўскі, я зьвярнуў увагу перадусім на словы грамадзянкі Міхно, што яна зьбірала свае 900 рублёў некалькі дзесяцігодзьдзяў. Яшчэ за цара іх зарабіла. Ці вялікімі былі гэтыя грошы — і на час, калі яна іх зарабляла, і на час, калі гэтыя грошы па-сутнасьці новая ўлада ў яе нахабна забрала?.."

(Ляхоўскі: ) "Да першае Ўсясьветнае вайны гэта былі вялікія грошы. Даляр каштаваў 1,95 расейскага рубля. Карова каштавала 60 рублёў. Сярэдні заробак працоўнага складаў дзесьці 30-40 царскіх рублёў. Праблемы пачаліся з пачаткам вайны. Вельмі ўпаў царскі рубель. Ён ужо не абменьваўся на залаты намінал, а ў 1916 годзе склаў усяго толькі 42 даваенных капейкі. У лютым 1917 году ён упаў яшчэ да 27 даваенных капеек. Спроба часовага ўраду неяк стабілізаваць фінасавае становішча праз выпуск гэтак званых "керанак", думскіх аблігацыяў толькі яшчэ больш пагоршыла сытуацыю. Напярэдадні кастрычніцкага перавароту 1917 году расейскі рубель ужо складаў 6 даваенных капеек. Давяршылі справу бальшавікі сваімі экспэрымэнтамі. Напрыклад, у 1921 годзе царскі рубель каштаваў ужо 150.000 "совзнакаў". Уявіце сабе — тагачасны заробак складаў адзін мільён, а буханка хлеба каштавала 11-12 тысячаў рублёў".

(Ракіцкі: ) "Зразумела, што фінансавыя праблемы СССР мелі ў пэўнай ступені аб'ектыўныя прычыны. Але ведама й тое, што ў 20-я гады бальшавікі праводзілі фінансавае аздараўленьне. І рэформы нават мелі плён. Чаму ж гэты плён не паўплываў на вырашэньне праблемы з дарэвалюцыйнымі ашчаднымі ўкладаньнямі грамадзянаў, якія масава дасылалі скаргі й заявы на ймя "ўсесаюзнага старасты" Калініна ці "асьветы Беларусі" Чарвякова?"

(Ляхоўскі: ) "1921 год. Улада бальшавікоў ня мае цьвёрдае пазыцыі. Трэба было нешта кардынальна вырашаць у фінансавым становішчы краіны. Бальшавіцкі ўрад далучае да працы ў Савеце народных камісараў старых сьпяцоў-эканамістаў. Распрацаваная вельмі грунтоўная праграма аздараўленьня савецкага рубля. У 1922 годзе быў уведзены савецкі "чырвонец", які з 1924 году можна было свабодна абмяняць на любую валюту ў любой кропцы Эўропы. Але гэта было ўсё скіраванае на ўмацаваньне рэжыму, а ня дзеля падвышэньня дабрабыту чалавека. Толькі стабілізавалася фінансавае становішча, як пачалася практыка дырэктываў і партыйных загадаў. Таму ўвесну 1926 году "чырвонец" перастаў быць канвэрсаваным. Пачаўся звычайны адміністрацыйны гвалт у дачыненьні сялянства. Грошы "выбіваліся" й пры дапамозе калектывізацыі, і пасьля простага вопісу залатых рэчаў".

(Ракіцкі: ) "Другая частка архіўных дакумэнтаў, пра якія мы зараз разважаем зь гісторыкам Уладзімерам Ляхоўскім, гэта — гэтак званыя "справы валютныя". Былыя ўладальнікі замежнае валюты (даляраў, фунтаў стэрлінгаў, нямецкіх марак, швайцарскіх франкаў), якую ў іх у свой час бальшавіцкая ўлада экспрапрыявала паводле сваіх новых і зусім не зразумелых людзям законаў, дамагаліся калі не вяртаньня заробленага на цяжкіх працах за мяжою, дык хоць бы справядлівае кампэнсацыі ў новых грашох. Вось вытрымка з заявы грамадзяніна Кутаса з Койданаўскага раёну старшыням ЦВК СССР і ЦВК БССР… Будучи с 1913 по 1921 год в Америке в качестве чернорабочего, я сделал сбережения в 1486 долларов, которые, однако были отняты у меня в СССР в 1921 году и сданы были в Ленинградский банк, правда, не деньгами, а квитанцией таможни города Острова, Псковской губернии, в которой было указано, что у меня была изъята указанная выше сумма долларов. Петроградский же банк, переведя эти деньги в Минск на имя банка Наркомфина Белоруссии, перевел их не долларами, а совзнаками, которые благодаря падению курса совзнака, обратили 1486 долларов в 1 рубль 70 копеек… …Гэтая заява была напісаная ў студзені 1926 году, але справа ўжо цягнулася чатыры гады. Усё, мяркуючы па дакумэнтах, чаго дамогся гэты чалавек, дык згоды беларускага банку выдаць 1 рубель 70 капеек замест паўтарох тысячаў амэрыканскіх даляраў. Што ж гэта за такі курс быў? Напэўна, справа была ня толькі ў курсе валютаў. Спадар Ляхоўскі?.."

(Ляхоўскі: ) "Чалавеку не пашэнціла двойчы. Ён быў па-за межамі сваёй радзімы ў той час, калі адбыліся першая Ўсясьветная вайна, рэвалюцыі. Ён проста не ўяўляў тую краіну, у якую едзе. Другая ягоная бяда ў тым, што ён трапіў пад канец "ваеннага камунізму". У краіне быў штучны валютны курс. У яго проста адабралі грошы, а вярнулі нейкую адпіску. Праз два гады ён атрымлівае гэтыя 1 рубель 70 капеек… Калі б ён трапіў у Менск у 1924 годзе, дык яму вярнулі б грошы па больш прыстойнаму курсу. За даляр тады давалі 2,5 савецкіх чырвонцы".

(Ракіцкі: ) "Вы хочаце сказаць, што ўлада адмыслова прыдумала нейкі курс, каб забраць грошы ў людзей?"

(Ляхоўскі: ) "Безумоўна. Гэта было зроблена дзеля падману чалавека".

(Ракіцкі: ) "Аналягічныя катаклізмы перажылі ня толькі народы былое царскае Расейскае імпэрыі, якая ў адно імгненьне сталася імпэрыяй бальшавіцкаю. Зьмены дзяржаўнага ладу адбываліся і ў іншых краінах. Няўжо паўсюдна новы рэжым, які рабіўся спадкаемцам рэжыму старога, ня нёс ніякай праўнай адказнасьці ў сэнсе маёмасьці перад сваімі грамадзянамі? Ці ведае гісторыя ўсё ж нейкія цывілізаваныя чыны вырашэньня падобных праблемаў?"

(Ляхоўскі: ) "У "рублёвай зоне" раней знаходзіліся краіны Польшчы й Балтыі. У 1915 годзе Польшчу акупавала кайзэраўская Нямеччына, і была ўведзеная акупацыйная марка, якая потым стала і польскаю. Пад час польска-савецкае вайны быў вялікі наплыў уцекачоў у Польшчу. Натуральна, што краіна магла адмовіцца ад сваіх грамадзянаў, маўляў, гэта ня нашыя праблемы. Але польскі ўрад пайшоў насустрач гэтым людзям і кампэнсаваў іх матэрыяльныя страты: пэўную маёмасьць, грашовыя ўклады, што зьніклі ў расейскіх імпэрскіх банках.

Навошта краіна гэта рабіла? Урад Польшчы ведаў, калі зараз не дапаможа людзям, дык надалей згубіць падтрымку сярод гэтых жыхароў краіны. І на выбарах грамадзяне прагаласуюць супраць гэтае ўлады.

Гэта нармалёва для краіны з разьвітымі дэмакратычнымі прынцыпамі, а не для краіны таталітарнай. Дзеля ілюстрацыі хачу паказаць курс валютаў на Віленскай біржы, дзе можна было вольна абмяняць расейскі рубель на валюту Эўропы й ЗША. Напрыклад, за 500 царскіх рублёў давалася 1250 польскіх марак. За адзін царскі рубель золатам давалася 5105 польскіх марак. За "керанку" нават можна было атрымаць 160 польскіх марак".

(Ракіцкі: ) "У архіве ёсьць і даволі нечаканыя рэагаваньні высокае ўлады на скаргі грамадзянаў. Так, Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР дасылае распараджэньне начальніку Старадароскае раённае міліцыі, каб міліцыя пад расьпіску паведаміла грамадзяніну Валадковічу зь вёскі Чэпліца, што выдача ўкладаньняў, зробленых у дарэвалюцыйны час, страціла ўсялякі сэнс. Чаму міліцыя, дый яшчэ пад расьпіску?"

(Ляхоўскі: ) "Псыхалягічна ўлада вельмі добра спрацавала. Уявіце, што пяць гадоў таму, у 1920-м, 1921-м гадох, за одно слова супроць улады можна было атрымаць кулю ў лоб. У гэтым выпадку да чалавека прыходзіць ня проста міліцыянт, а начальнік міліцыі ўсяго раёну. Зьвяртаючыся да грамадзяніна Валадковіча, міліцыянт страшыць яго: "Чаго ты турбуеш вышэйшую ўладу ў Менску, Маскве сваімі заявамі?" Пасьля патрабуе ад яго расьпіску, што ён ня мае ніякіх прэтэнзіяў да ўлады. Натуральна, што пасьля такіх прыкладаў ня можа быць ніякіх скаргаў".

(Ракіцкі: ) "Я распачынаў перадачу выслоўем маіх горка дасьведчаных у савецкіх парадках землякоў. З вашага гледзішча, спадар Ляхоўскі, дык чаму там, дзе зьяўляюцца камуністыя, і з банкаў зьнікаюць грошы людзей, і з паліцаў крамаў зьнікаюць тавары? "Бы карова іх языком зьлізвае…"

(Ляхоўскі: ) "Гэтая ўлада заўсёды йшла на падаўленьне прыватнай, творчай ініцыятывы чалавека. Яна не была зацікаўленая ў тым, каб чалавек мог зарабіць грошы. Яна паставіла чалавека ў бясконцую чаргу дзяржаўнае крамы па баланду. Нажаль, гэта працягваецца й сёньня. Зараз ідзе шырокая рэсаветызацыя нашага грамадзтва. І народ зноў гатовы стаць у чаргу па баланду…"

(Ракіцкі: ) "Яшчэ можа й не па баланду, але ўжо па хлеб. Прынамсі, на вёсцы — на свае вочы бачыў. А ў момант запісу гэтае перадачы сталі ў пікет і сучасныя падманутыя ўкладальнікі ў банкі. Яны апэлююць да ўлады, што як закланьне паўтарае слова "народ". Веруць яшчэ тым, хто дэманструе сваю павагу да гісторыі Беларусі савецкага часу. Савецкая спадчына абжываецца…"

XS
SM
MD
LG