Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За тое, што пашкодзіў партрэт “вялікага правадыра”, мяне асудзілі на расстрэл”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь некалькіх лістоў ад нашага даўняга слухача і аўтара Мікалая Слуцкага зь Менску. Спадара Слуцкага ўжо даўно не задавальняе тое, як Радыё Свабода асьвятляе дзейнасьць апазыцыі. Ён піша:

“У вас часта гучаць нападкі на апазыцыю і яе лідэраў — у лістах і тэлефонных званках, у выступах экспэртаў, якія абараняюць Лукашэнку, — Падгола, Класкоўскага, Шаўцова... Вядома, лідэры апазыцыі розныя. Я адмоўна стаўлюся да Пазьняка, Гайдукевіча, Статкевіча, а станоўча — да лідэраў АГП і БНФ на чале зь Вячоркам. Асабіста знаёмы толькі зь Вячоркам і Пазьняком, зь якімі разам удзельнічаў у барацьбе за свабоду, пачынаючы з 1988 году як шараговы ўдзельнік. Абвінавачаньні на адрас лідэраў апазыцыі за тое, што ў Беларусі дагэтуль існуе дыктатура, лічу несправядлівымі. Гэтыя людзі робяць тое, што магчыма. Лукашэнка кіруе з дапамогай гвалту, і народ ня можа аказаць яму супраціву. Такое ж становішча існуе ў многіх краінах на Зямлі. І я ўдзячны тым лідэрам апазыцыі, якія змагаюцца супраць дыктатуры, а ня супраць іншых апазыцыйных актывістаў”.

У лістах Мікалай Слуцкі ў якасьці доказу на карысьць сваіх высноваў прыводзіць выказваньні многіх заходніх грамадзкіх і палітычных дзеячаў, якія ў розны час станоўча ацэньвалі дзейнасьць беларускай апазыцыі. Выказваньні гэтыя, дарэчы, гучалі на хвалях Беларускай Свабоды. Тое, што лісты спадара Слуцкага на гэтую тэму не заўсёды трапляюць у эфір, выклікала ў яго сур’ёзныя падазрэньні. Цытата яшчэ з аднаго допіса слухача:

“Узьнікаюць пытаньні: магчыма, беларуская рэдакцыя Радыё Свабода хоча прынізіць вынікі дзеяньняў апазыцыі і яе падтрымку народам з прычыны палітычнай рэўнасьці? Бо хоць Свабода шмат робіць у барацьбе за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі, але аб гэтым, як і вашыя імёны, ведае меншасьць народу. А імёны лідэраў апазыцыі ведае ўсё ж большасьць”.

Мы ня ставім за мэту ні прыніжаць, ні ўзьвялічваць чыю б то ні было дзейнасьць, спадар Слуцкі. Радыё Свабода не абслугоўвае апазыцыйных палітычных партыяў і не залежыць ад іх. Асьвятляючы тыя ці іншыя падзеі і канфлікты, мы падаем розныя, у тым ліку процілеглыя пункты гледжаньня. Дзейнасьць беларускай апазыцыі выклікае ў беларускім грамадзтве супярэчлівыя ацэнкі — гэта наклала свой адбітак і на пошту, і на тэлефанаваньні, і на аналітычныя праграмы. Мяркуем, што так і павінна асьвятляцца гэтая тэматыка. Пры гэтым ні пра якое суперніцтва радыё з палітычнымі лідэрамі, у чым вы, спадар Слуцкі, нас западозрылі, размовы ісьці ня можа. У нас зусім розныя мэты і задачы. Ніякіх уласных палітычных амбіцыяў нашы журналісты ня маюць і не павінны мець: інакш яны перастануць прафэсійна выконваць свой абавязак.

Ліст ад Віктара Баранава з Рагачова. Слухач піша:

“Добра быць шчодрым за дзяржаўны кошт. Якія цудоўныя спартыўныя палацы будуюцца, якія прэстыжныя турніры праводзяцца... Напэўна, замежнікам здаецца, што Беларусь — вельмі багатая, калі мае магчымасьць выкідваць мільёны даляраў на спартыўныя забавы. А ў нас многім людзям есьці няма чаго. Прылаўкі заваленыя прадуктамі толькі таму, што насельніцтва неплатаздольнае. Цяпер вось выявілася, што калгасы развальваюцца. Хто вінаваты? Аказалася — “стрэлачнікі” — абласныя ды раённыя ўлады. А хто ўсе мінулыя гады замаўляў пампэзныя ўрачыстасьці — так званыя “Дажынкі”, з раздачай аўтамабіляў ды іншых адарункаў? Уратавала гэта калгасы? Лукашэнка — гэта бясконцыя абяцаньні, якія ня спраўджваюцца. А каб апраўдацца, ён шукае вінаватых. Хоць сапраўдная ягоная мэта — утрымацца пры ўладзе як мага даўжэй”.

Калгасную сыстэму не ўратавалі ні “Дажынкі”, ні ідэйныя заклікі да працоўнага энтузіязму, ні выезды ў поле канцэртных брыгадаў, ні аб’яднаньне слабых калгасаў з моцнымі. І нават найноўшы спосаб — замацаваньне за калгасамі пасьпяховых бізнэсоўцаў, сыстэмы не ўратуе. Усё гэта — даўнія савецкія прыёмы выратаваньня таго, што нежыцьцяздольна (адно што за камуністамі шэфства навязвалі пасьпяховым прамысловым гігантам — бізнэсоўцаў тады не было). А скончыцца ўсё тым, што рана ці позна калгасы разваляцца, зьявіцца прыватная ўласнасьць на зямлю, і прыйдзе гаспадар, які будзе працаваць на сябе. Нічога больш эфэктыўнага людзі пакуль не прыдумалі.

Ліст ад Міхаіла Лекаха з Рыгі. Слухач адклікнуўся на нядаўнія падзеі ў Літве, дзе быў адхілены ад улады прэзыдэнт Раландас Паксас. Слухач піша:

“У вашай перадачы “Вострая Брама”, у якой асьвятлялася гэтая тэма, упушчанае па сутнасьці найважнейшае пытаньне — эканамічнае. Сутнасьць у тым, што высокапастаўленыя літоўскія “прыхватызатары” проста спалохаліся, што іх выкрыюць. Ваша журналістка Поклад прывяла прыклад: прыватызацыю заводу па вытворчасьці алькаголю. Але не сказала наўпрост, што “прыхватызатараў” вельмі напалохала, што дакумэнты апынуліся ў руках прэзыдэнта Паксаса. Што да дзеяньняў прэзыдэнта Літвы, то яны былі абсалютна законныя, бо згодна з Канстытуцыяй кіраўнік дзяржавы можа азнаёміцца зь любымі дакумэнтамі. Адхіленьне прэзыдэнта Паксаса ад улады сьведчыць пра тое, што ў Літве нават прэзыдэнт ня можа свабодна разьбірацца са злоўжываньнямі “прыхватызатараў”, з эканамічнымі злачынствамі”.

З гэтай гісторыі, спадар Леках, можна зрабіць і іншую выснову: у Літве нават прэзыдэнт ня можа дапускаць адхіленьняў ад закону, перад якім усе павінны быць роўныя. Працэдура імпічмэнту прэзыдэнта Літвы доўжылася шмат месяцаў. Справу дэталёва разглядалі і аналізавалі парлямэнцкая камісія і Канстытуцыйны суд. Раландасу Паксасу прад’яўленыя канкрэтныя абвінавачаньні, які дакумэнтальна пацьверджаныя. І сам Паксас, дарэчы, іх таксама ў асноўным прызнаў.

Многія ў Беларусі ў сувязі з гэтым успамінаюць 1996 год, калі беларускі Вярхоўны Савет таксама спрабаваў законным чынам адхіліць Аляксандра Лукашэнку ад улады, даказаўшы ў судзе, што прэзыдэнт парушыў закон. Але ў тым выпадку ў многіх беларускіх палітыкаў не хапіла ні волі, ні сілаў дзеля таго, каб настаяць на выкананьні прадугледжанай законам працэдуры.

Ліст ад Сьцяпана Зуха са Смаргоні. Слухач піша:

“Мілыя людцы, слухаючы вашыя перадачы пра тое, што рабілася за камуністамі, дужа расхваляваўся. І многае прыйшло на памяць... У 1948 годзе мяне, вясковага хлапчука, вайсковы трыбунал у Вялейцы асудзіў, паводле першага зачытаньня прысуду, да вышэйшай меры пакараньня. А судзілі мяне за тое, што пашкодзіў партрэт “вялікага правадыра”... Сьледчы, добры пісака, перад гэтым надта стараўся напісаць як мага болей. Падчас допытаў часта наведваўся ягоны начальнік — спраўджваў, як ідуць справы, ці ўсё я гавару.

Усе допыты вяліся ўначы. Аднаго разу я чуў, як недзе за сьцяной лямантавала на ўвесь голас жанчына. Сьледчы кажа: “Гэта ёй пальцы ў дзьверы зашчамілі, каб усё расказала. Я ж табе гэтага пакуль не раблю”. Тое, як чыталі прысуд, я памятаю цьмяна. Бубнелі нешта пад нос. Мне было не да таго. Я разумеў: нават калі застануся жывы, жыцьцё маё будзе змарнаванае. Ня дай Бог каму-небудзь перажыць падобнае. Як цяпер памятаю: у вачах — туман, у галаве — нейкі звон…

Скончыўшы чытаць, яны выйшлі ў бакавыя дзьверы. А я ўсё стаю. Ахоўнік кажа: “Сядай, чаго стаіш”. Празь нейкі час гэтая “тройка” выходзіць зноў. Аказалася, расстрэл мне замянілі на 25 гадоў строгага рэжыму і яшчэ 5 гадоў пазбаўленьня ў правах. Завезьлі мяне ў Інту ды загналі ў шахту. А там людзей процьма. Каго толькі не было, нават ад’ютанта румынскага караля Міхая бачыў. Аж тут вялікага правадыра ня стала. Радня пачала пісаць у Маскву, і маю справу перагледзелі: выпадак з партрэтам палічылі за хуліганства, а кару зьнізілі да трох гадоў. Месяцаў праз 6–7 мяне выпусьцілі. Цяпер вось дажываю свае годзікі. І дужа хацелася бы, каб мне заплацілі за тыя лішнія гады, што трымалі як скаціну ў шахце. Ці могуць так зрабіць?”

На жаль, спадар Зух, пры цяперашняй уладзе разьлічваць на кампэнсацыю вам наўрад ці выпадае. Як можна зразумець зь ліста, рэабілітаваны вы не былі — у вашым абвінавачаньні проста зьмянілі артыкул Крымінальнага кодэксу. У сёньняшняй Беларусі нават тыя былыя вязьні ГУЛАГу, якія дзесяцігодзьдзямі пакутавалі на катаржных працах, а пазьней былі прызнаныя невінаватымі, маюць права толькі на мізэрныя кампэнсацыі — сувымерныя зь некалькімі сярэднемесячнымі заробкамі.

Хоць, безумоўна, і вы, спадар Зух, і мільёны іншых людзей, асуджаных паводле сьмехатворных абвінавачаньняў, павінны быць рэабілітаваны і атрымаць годную кампэнсацыю ад дзяржавы, якая нясе поўную адказнасьць за злачынствы рэжыму, пераемнасьць зь якім адкрыта прызнае.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікола Саскевіч з Калінкавічаў, Яўген Галякевіч з Пружанаў, Раман Зіноўеў зь Лёзна, Віктар Бута зь Менску, Лідзія Васілевіч з Салігорску і Генусь Агафонаў зь Віцебску. Нагадаю таксама, што, пачынаючы з красавіка, працягваецца конкурс на самы цікавы ліст на Свабоду. Пераможцы будуць адзначаныя сувэнірамі з сымболікай нашага радыё. Першыя вынікі будуць падсумаваныя ў аглядзе пошты 30 траўня.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG