Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жыву на хлебе і малацэ. зрэдку купляю цукар”


Валянцін Жданко, Менск

Жыцьцё вельмі многіх людзей у Беларусі за апошнія некалькі месяцаў істотна зьмянілася — гэта заўважна па нашай пошце. Чалавек, які ўсё жыцьцё працаваў, жыў з уласнага мазаля, не прывык да раскошы, але і не гараваў, раптам апынуўся ў сытуацыі, калі ня можа нават пракарміць і апрануць сябе.

У гэтым сэнсе адметны ліст Ганны Валатоўскай з Баранавічаў, якая адгукнулася на допіс Аляксея Плескацэвіча зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну. У аглядзе лістоў 20 сьнежня я цытаваў спадара Плескацэвіча, які абараняў калгасны лад, прапаноўваў паслаць апазыцыю на аднаўленьне занядбаных калгасных вёсак, а таксама ўхваляў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, якая, як лічыць слухач, дазваляе трымаць цэны на харчаваньне на нізкім узроўні.

Ганна Валатоўская ў гэтай сувязі піша:

“Мне 69 гадоў, я жыву ў Баранавічах — недалёка, дарэчы, ад пасёлку Дарава, адкуль вам пісаў Аляксей Плескацэвіч. Дык вось, хачу зьвярнуцца да таварыша Плескацэвіча. Напэўна, шаноўны, вы трымаеце гаспадарку, маеце карову, сьвіней, курэй, якіх я ў гарадзкой кватэры трымаць не магу. Інакш бы вы часьцей хадзілі па крамах і ведалі, што цэны растуць, як грыбы.

У сьнежні я атрымала 10 тысяч рублёў надбаўкі да пэнсіі. Але адначасова ўлады адабралі ў мяне ўдвая болей: плата за 2-пакаёвую кватэру ўзрасла з 25-ці да 45-ці тысяч. А на гэтую пэнсію я вучу дачку ў інстытуце (даю ёй 25 тысяч). 10 тысяч штомесяц аддаю на лекі. На ежу застаецца 17–20 тысяч. Жыву на хлебе і малацэ. Зрэдку купляю цукар.

І хто ў гэтым вінаваты, таварыш Плескацэвіч? Дэмакраты, якія ніколі не былі пры ўладзе ў Беларусі? Ці тая ўлада, якая ўжо дзевяць гадоў вядзе нас невядома куды? Я, былы савецкі інжынэр, не магу са сваёй пэнсіі назьбіраць сабе на боты: хаджу ў старых, парваных. Мне сорамна. У якой яшчэ краіне такое бывае? Але мая крыўда — ня самая вялікая. Аказваецца, і я, просты інжынэр, і былы галоўны інжынэр заводу атрымліваем аднолькавыя пэнсіі. Так ня можа быць...

Зьвяртаюся да прэзыдэнта. Аляксандар Рыгоравіч, павярніцеся тварам да бедных старых. Дайце нам тую пэнсію, якую вы абяцалі — каб мы змаглі дажываць і лячыцца”, — напісала пэнсіянэрка з Баранавічаў Ганна Валатоўская.

Сапраўды, спадарыня Валатоўская, нястрымны рост цэнаў і тарыфаў найбольш балюча адбіўся на гарадзкіх пэнсіянэрах. Згадваю сваю вёсачку Краснае Шчучынскага раёну. Камунальных выгодаў там ніколі ня мелі: ваду насілі й носяць з уласных калодзежаў, у печах палілі й паляць дровамі, што самі ж нарыхтоўваюць у лесе. Газавыя трасы туды не дайшлі, а газ у балёнах яшчэ дапрасіся, каб прывезьлі за шэсьць кілямэтраў. Таму на тыя балёны ня дужа і спадзяюцца.

А спадзяюцца галоўным чынам на сябе, на ўласныя рукі ды на дапамогу дзяцей. Натуральна, на гэтых людзей узрушэньні апошняга часу з новымі камунальнымі тарыфамі адбіліся менш, чым на іншых. Але наўрад ці варта зайздросьціць ім, спадарыня Валатоўская. Саўгасныя пэнсіі значна ніжэйшыя, чым нават ваша інжынэрская, на якую вы ня можаце пражыць. А ўласны агарод ды жывёла патрабуюць вельмі шмат сілаў і выдаткаў. Ні аднаго, ні другога ў многіх проста не засталося.

Ліст ад Міхася Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну. Слухач піша:

“Як толькі эканамічнае становішча ў краіне пагаршаецца, так адразу пачынаецца парожняя балбатня пра адзіную з Расеяй валюту. Так павялося яшчэ з часоў Кебіча, дзесяць гадоў таму. Лукашэнка ўстрывожыўся, што ўсё больш людзей не падтрымліваюць ягоныя інтэграцыйныя памкненьні. Абяцае правесьці нейкае маштабнае сацыялягічнае апытаньне. Асабіста я ў выніках такога апытаньня не сумняюся. Рабочых, зарплата якіх не перавышае 70 000 рублёў, а тэмпэратура ў цэху трымаецца каля мінус трох градусаў, яны апытваць ня будуць.

Вельмі добра, што найбольш сьвядомая частка інтэлігенцыі зьбірае Ўсебеларускі сход. Было бы вельмі добра, каб матэрыялы сходу былі даведзеныя да народу ў глыбінцы. Разам мы пераможам!

Улады гэтага баяцца, таму як быццам выпадкова і здараюцца напады на Гарэцкага, Мазынскага, Хашчавацкага, Караля ды іншых вядомых дзеячоў навукі, мастацтва і культуры. Але нават гвалтам ніводнаму самадуру не ўдалося павярнуць гісторыю назад”, — напісаў Міхась Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну.

Стаўленьне беларускага грамадзтва да інтэграцыйных ідэяў, сапраўды, мяняецца: усё менш людзей верыць у тое, што гэтая эпапэя, што цягнецца ўжо амаль дзесяць гадоў, можа даць нейкі станоўчы плён. Ня думаю, што Аляксандру Лукашэнку патрэбнае гэтае маштабнае сацыялягічнае апытаньне ў нейкіх прапагандысцкіх мэтах. Ён, верагодна, ніяк ня можа паверыць у тое, што уся гэтая саюзная задума, якую ён ня раз называў “справай свайго жыцьця”, перастала быць прывабнай для большасьці грамадзтва.

Тацяна Барэль з Асіповічаў, нязгодная з маім камэнтаром наконт праблемы ўласнасьці на зямлю, даслала новы ліст.

“Я ўпэўненая, што вы памыляецеся: куплю-продаж зямлі ў Беларусі дазваляць нельга. Нашы людзі — з “саўковай” псыхалёгіяй. Яны прывыклі, што ўсё вакол калгаснае, што за іх думаюць іншыя. Да самастойнасьці краіны большасьць ставіцца абыякава. Ды што казаць: многія абыякавыя нават да свайго здароўя і здароўя сваіх дзяцей. Гэта я сьведчу як доктар-пэдыятар.

І хіба можна аддаць зямлю людзям, якія ня ведаюць яе кошту? А па-другое, Беларусь — у атачэньні краінаў, якія гістарычна заўсёды імкнуліся яе захапіць. Зараз найбольш верагодны захоп з боку Расеі. Там ёсьць алігархі зь мільярдамі ў кішэнях. Рынкі сваёй краіны яны ўжо падзялілі, ім трэба новыя. А тут пад бокам Беларусь, дзе марыянэткавая ўлада, дзе людзі гатовыя працаваць за кавалак хлеба і дзе вельмі багатыя землі.

Калі гэта адбудзецца, можна будзе назаўсёды забыць пра Беларусь. А ў сельскай гаспадарцы зямлю трэба аддаць у доўгатэрміновую арэнду — і дапамагаць, дапамагаць фэрмэрам, каб выхаваць нарэшце пачуцьцё ўласьніка”, — лічыць Тацяна Барэль з Асіповічаў.

У тым і справа, спадарыня Барэль, што пачуцьцё ўласьніка наўрад ці магчыма выхаваць, калі ўласнасьці чалавек ня мае, калі ён не ўсьведамляе сябе гаспадаром, калі ён ня ўпэўнены, што гэтую зямлю ад яго ніхто не адбярэ і што ён зможа пакінуць яе ў спадчыну дзецям і ўнукам.

Боязь таго, што беларускія землі імгненна скупяць расейскія мільярдэры, на маю думку, перабольшаная і неабгрунтаваная. У самой Расеі мільёны гектараў занядбаных калгасных земляў, на якія не знаходзіцца ня тое што пакупнікоў — а нават тых, хто ўзяў бы іх бясплатна пры ўмове працы на зямлі.

Не зусім дакладнае, па-мойму, і вашае ўяўленьне пра беларусаў як наіўных істотаў, якія ня ведаюць кошту зямлі й ня здольныя ёй распарадзіцца. Майце на ўвазе: да таго, як прыйшлі бальшавікі, сотні пакаленьняў нашых продкаў былі гаспадарамі на гэтай зямлі. І зусім не благімі гаспадарамі. Пачуцьцё гаспадара зямлі — у крыві беларуса.

Валеры Грыцук з Варшавы піша:

“Прапаную ўзгадаць у вашых праграмах, як адбывалася назіраньне падчас выбараў прэзыдэнта, прааналізаваць памылкі й хібы апазыцыі. Цікавы маральны момант: момант баязьлівасьці прадстаўнікоў незалежнага назіраньня.

У 2001 годзе быў падрыхтаваны для распаўсюду вельмі патрэбны дакумэнт — папярэджаньне сябрам выбарчых камісіяў пра адказнасьць за парушэньне заканадаўства. Але, на жаль, за рэдкім выключэньнем, гэта папярэджаньне не было распаўсюджанае.

Зараз, калі сябрамі выбарчых камісіяў на 90% будуць тыя ж самыя людзі, было б вельмі карысна, каб гэты дакумэнт усё ж дайшоў да іх. Фармальна мы ўжо прайгралі, але павінны выйграць маральна. Зраблю наступны прагноз: калі ўсе патрыёты Беларусі не пачнуць актыўнае, самаахвярнае змаганьне за Беларусь, то Беларусь назаўсёды зьнікне з мапы сьвету. Другога гістарычнага шанцу ў беларускай нацыі ня будзе, паколькі ня будзе суб’екту беларускай дзяржаўнасьці. Беларусы вымруць ці хутка асымілююца”, — лічыць Валеры Грыцук з Варшавы, які падпісаўся як “патрыёт Беларусі”.

Што да мяне, спадар Грыцук, то я вельмі асьцярожна стаўлюся да рознага кшталту апакаліптычных прагнозаў. Па-першае, было такіх прагнозаў ужо нямала — і цягам апошняга дзесяцігодзьдзя, і раней. Прадказвалі беларусам асыміляцыю, прадказвалі зьнішчэньне дзяржаўнасьці. Заўчаснымі былі тыя хаўтуры. А па-другое, што разумець пад “самаахвярным змаганьнем” за Беларусь, якога вы патрабуеце ад беларусаў як умовы іхнага самазахаваньня? Тое, што людзі ня выходзяць на барыкады, зусім не азначае, што іх не хвалюе лёс краіны.

Эмілія Зух са Смаргоні згадвае дзень 5 сакавіка 1953 году, калі ня стала камуністычнага дыктатара Іосіфа Сталіна. Пяцьдзясят гадоў, якія мінулі з таго часу, падштурхнулі слухачку да ўспамінаў. Спадарыня Зух піша:

“Дзянёк той незабыўны: мільёны і мільёны людзей плакалі, не хаваючы сьлёз. Але што гэта былі за сьлёзы? Яны не былі аднолькавыя. Так, былі сьлёзы гора. Гэтак плакалі тыя, хто адчуваў, што страціць кармушку, многія прывілеі, якія меў дагэтуль.

Але былі і сьлёзы схаванай радасьці за тое, што скончыліся пакуты. Так плакалі шматлікія палітзьняволеныя, якія дзякавалі Ўсемагутнаму, што даў ім сілаў і цярпеньня перажыць крывавага горца...

А яшчэ былі сьлёзы ад неразуменьня — проста з тае прычыны, што ўсе наўкол плачуць. Гледзячы на тое, што рабілася наўкол, нельга было ўтрымацца ад сьлёз проста за кампанію, паддаючыся ўсеагульнай гістэрыі”, — напісала Эмілія Зух са Смаргоні.

Думаю, спадарыня Зух, што былі тады й шчырыя сьлёзы. Тысячы людзей, адгароджаныя ад сьвету і праўдзівай інфармацыі, запалоханыя і падманутыя, апанаваныя масавым псыхозам, сапраўды абагаўлялі Сталіна. І ягоная сьмерць была для іх сапраўдным, не паказным горам. Тым больш, што многія ня ведалі, а многія ня верылі ці не хацелі верыць у сапраўдны маштаб сталінскіх злачынстваў, у тое, на чым трымалася ягоная ўлада і якім коштам дасягнутыя ягоныя перамогі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ніна Яўсевіч і Марына Талапіла зь Менску, Ірына Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну, Якаў Ішчук з Наваполацку, Мікалай Лукашэвіч з Кобрыні, Віктар Баранаў з Рагачова, Якаў Зінчанка зь вёскі Іскра Вяліканавасёлкаўскага раёну Данецкай вобласьці і Мікалай Касьянаў з Севераданецку Луганскай вобласьці (з Украіны).

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG