Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няма на вас, дэмакратаў, Іосіфа Вісарыёнавіча”


Валянцін Жданко, Менск

У аглядзе пошты, які прагучаў 20 сьнежня, я згадваў пра тую частку нашых слухачоў, якія адмоўна ставяцца да дзейнасьці Радыё Свабода, цалкам ухваляюць палітыку цяперашняй улады, і, тым ня менш, ледзь ня штовечар настройваюцца на нашую хвалю і пільна слухаюць праграму.

Адзін з такіх слухачоў — Аляксей Плескацэвіч зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну. Пасьля нашай завочнай сьнежаньскай дыскусіі спадар Плескацэвіч даслаў яшчэ адзін ліст. Гэтым разам ён піша:

“На вас, дэмакратаў, сёньня вельмі-вельмі не хапае Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Той бы хутка разабраўся, каму дзе быць і што рабіць. Ён бы вашаму Дзьмітрыю Бандарэнку зь ягоным заклікам “Стань побач” хутка паказаў, дзе стаяць ці сядзець.

Напрыклад, з чачэнцамі Сталін разабраўся ўсяго за тры дні — паслаў іх туды, дзе ім і належыць быць. І тады не загінуў ніводны рускі салдат, ніводны чачэнец. А сёньня Пуцін, які абяцаў іх “замачыць у сарціры”, робіць гэта ўжо каторы год. І гінуць і адны, і другія. Такую ж карціну хочуць стварыць у нашай краіне вашыя дывэрсанты. На наша шчасьце, Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка не дазваляе ім зрабіць гэта”, — напісаў Аляксей Плескацэвіч зь вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну.

Мяркуючы па ўсім, спадар Плескацэвіч, вы чалавек сталага веку. Напэўна, памятаеце, як пасьля вайны ў вашай мясцовасьці, у Заходняй Беларусі, бальшавікі ўсталёўвалі сваю ўладу і калгасны лад. Як самых працавітых гвалтам разам зь дзецьмі й старымі грузілі ў вагоны для быдла, каб назаўсёды саслаць у Сыбір; як за адно неасьцярожнае слова пра сталінскую палітыку людзей асуджалі на сьмерць; як судзілі дзяцей, якія ратаваліся ад голаду, зьбіраючы каласкі на калгасным полі…

Няпраўда тое, што Сталін без крыві вырашыў чачэнскую праблему. Касьцямі чачэнцаў, нявінных ахвяраў сталінскай дэпартацыі, усланы ўвесь шлях уздоўж чыгункі ад Каўказу да Цэнтральнай Азіі й Казахстану. А колькі магілаў там, на чужыне, дзе чачэнскі народ вымушаны быў пакутаваць некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Мінулы раз, разважаючы пра ваш ліст, спадар Плескацэвіч, я ўжо зьвяртаў увагу на тое, што вы, відавочна, часта і вельмі ўважліва слухаеце Беларускую Свабоду — ведаеце многія прозьвішчы, тэмы, сюжэты... Спачатку мне здалося дзіўным, што пры такой нянавісьці да нас і нашай працы вы, тым ня менш, ледзь ня штовечар настройваецеся на нашую хвалю, многае занатоўваеце, аналізуеце, шмат пішаце нам — праўда, зь нязьменнай лаянкай, пагрозамі й зьнявагамі.

Думаю, у многім гэта тлумачыцца вашым уласным хваравітым разьвітаньнем зь мінулымі ілюзіямі, на якія патрачаная большая і лепшая частка жыцьця. І адказы на свае пытаньні вы, відавочна, самі ведаеце... І злуеце ня столькі на нас, колькі на сябе, мінулага, дзеля ўласнага ці то апраўданьня, ці то пакаяньня...

Своеасаблівым адказам Аляксею Плескацэвічу можа служыць ліст Валерыя Цюшкевіча зь Менску. Слухач піша:

“Раз-пораз, слухаючы “Лісты на Свабоду”, чую споведзь зацятых прыхільнікаў цяперашняга рэжыму. Гэтыя “вечна ўчорашнія” зь нянавісьцю ставяцца да дэмакратыі і ўхваляюць аўтакрата Лукашэнку.

Тое, што ў людзей такія погляды — не віна іх, а бяда. Сацыялізм зрабіў ролю дзяржавы ў жыцьці грамадзтва пануючай, перабольшанай. Яны і ня ведаюць, што інтарэсы асобы вышэй за інтарэсы дзяржавы. Зьвяртаюся да гэтых людзей: “Паважаныя! Зьмяніце гнеў на літасьць, пашкадуйце сябе! Даўно ўжо вядома, што праклёны вяртаюцца да таго, хто іх паслаў. І наадварот — хто жадае ўсім людзям дабра, жыве доўга. Ёсьць нават адпаведная статыстыка.

Апроч таго, прапаную вам, Валянцін, скарыстаць наступны аргумэнт (дзейнічае бездакорна). Шаноўныя прыхільнікі “цьвёрдай рукі”! Калі ласка, зрабіце выступ пра сваю падтрымку Лукашэнкі на дзяржаўным радыё альбо тэлебачаньні. Уладзе ж так патрэбная ваша падтрымка. Але сумняюся, што вас пусьцяць на парог гэтых дзяржаўных установаў. У найлепшым выпадку (ды і тое наўрад) зробяць запіс вашай прамовы. А ці будуць трансьляваць — гэта пытаньне. Вы для цяперашняй улады, як той казаў, адпрацаваны матэрыял.

Вас паклічуць на чарговыя выбары альбо на рэфэрэндум аб працягу паўнамоцтваў правадыра. Але ня цешце сябе думкай, што вы дапамагаеце “бацьку”. Да таго часу, пакуль выбарчыя бюлетэні друкуюцца ў Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта, гэтых бюлетэняў хопіць, каб правесьці выбары нават у Расеі”, — лічыць Валеры Цюшкевіч зь Менску.

Слушныя заўвагі, спадар Цюшкевіч. Хоць, паводле маіх назіраньняў, многія з гэтых людзей ня схільныя прыслухоўвацца да нейкіх лягічных аргумэнтаў. Іхная вера сьляпая і ня мае патрэбы ў доказах — яны ня слухаюць таго, хто іх спрабуе аспрэчыць. Аднак настае момант, калі пастуляты гэтай веры пачынаюць супярэчыць рэаліям штодзённага жыцьця, і гэты момант для такіх людзей пакутлівы.

Ліст ад студэнта Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Дзьмітрыя Воўка. Слухач піша:

“Хутка выбары. Альтэрнатыўныя яны ці не — мне ўсё роўна, бо лічу гэты фарс-вадэвіль толькі адным са сродкаў здабыць месца ля дзяржаўнай кармушкі. А пра людзей дэпутаты думаюць у апошнюю чаргу.

Такія меркаваньні не ў аднаго мяне. Іншыя студэнты (пераважная іх большасьць) да дзяржавы ставяцца зь недаверам, і, мякка кажучы, вялікай пашаны да яе ня маюць. А наогул, я не прымаю любую ўладу. Дзяржава — апарат гвалту над народам. Калі не над усім, то над асобнымі грамадзянамі, дакладна. Прычым, незалежна ад таго, хто пры ўладзе — Аляксандар Лукашэнка, Павал Севярынец ці Ўладзімер Ганчарык. Сьпевы пра нацыянальнае адраджэньне — толькі адзін са сродкаў змаганьня за ўладу.

І яшчэ — паважаны спадар Жданко, хоць вы скажыце, калі ж да нас вернецца Зяноне? Быў адзін Апостал, і той зьнік, калі стала раптам небясьпечна. Не хапіла моцы і сьмеласьці стаяць да канца… Вось і клююць крумкачы зараз нашу Свабоду і Праўду”, — напісаў студэнт зь Віцебску Дзьмітры Воўк.

Не пагаджуся з вамі, Дзьмітры: далёка не для ўсіх ідэалы нацыянальнага Адраджэньня ёсьць толькі спосабам барацьбы за ўладу. Ёсьць шмат шчырых і бескарысьлівых людзей, якія шмат робяць дзеля беларускай справы і пры гэтым ўвогуле ня маюць на мэце дамагчыся ўлады.

Што да вашых поглядаў на дзяржаву ўвогуле... Так, дзяржава, сапраўды — апарат прымусу. Але ніякай іншай разумнай формы грамадзкага ўладкаваньня чалавецтва пакуль ня выпрацавала. Затое дэмакратычныя прынцыпы, на якіх будуецца прававая дзяржава — выбарнасьць улады, падзяленьне яе на незалежныя галіны, непарушнасьць асноватворных грамадзянскіх правоў — дазваляюць асобе адчуваць сябе свабоднай і самастойнай нават ва ўмовах залежнасьці ад уладных інстытутаў.

На вашае пытаньне пра тое, калі Зянон Пазьняк вернецца ў Беларусь, на жаль, адказаць не магу. Раней сам спадар Пазьняк казаў пра тое, што гатовы вярнуцца тады, калі будзе пэўны, што ў Беларусі яму нічога не пагражае.

Наш сталы слухач Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбіненты Мядзельскага раёну распавёў пра тое, як у іх сельсавеце рыхтуюцца да мясцовых выбараў. Спадар Лявіцкі піша:

“Старшынёй Сьвірскага пассавету ў нас былая калгасная парторг. Пасада гэтая, вядома ж, цёплая. Памянташыць языком няцяжка. А вось рэальную дапамогу ад пассавету атрымаць складана. Я ў гэтым сам пераканаўся: пакуль у Менск не напішаш — адмахваюцца ад цябе, як ад надакучлівай казяўкі.

І вось хутка выбары. Дзе ж зьбіраецца балятавацца нашая старшыня? Думаеце, у самім мястэчку Сьвір? Не, там у яе няма ніякіх шанцаў. Яна выбрала сабе ўчастак у самых глухіх вёсках, дзе амаль адны пэнсіянэры і дзе ў яе ніякіх канкурэнтаў ня будзе. І гэты спэктакль лукашэнкаўскага рэжыму будзе паўтарацца, пакуль Лукашэнка пры ўладзе. Даўно ўжо трэба выбіраць старшынь саветаў усім насельніцтвам. А то мы ад гэтых вечна былых ніколі не пазбавімся”, — напісаў Пётар Лявіцкі зь вёскі Грумбіненты Мядзельскага раёну.

Так, спадар Лявіцкі, кіраўнік прадстаўнічай улады, які выбраны непасрэдна людзьмі, у выніку простых выбараў, адчувае ўласную адказнасьць перад выбарцамі зусім інакш, чым той, які абавязаны сваёй пасадай раённаму ці абласному начальніку. Але справа ня толькі ў гэтым.

Нават калі на пасаду старшыні вашага пассавету абраць дастойную асобу шляхам цалкам справядлівых дэмакратычных выбараў — што яна здолее зрабіць у сёньняшніх умовах, калі мясцовыя саветы па сутнасьці і без правоў, і бяз грошай? Уся ўлада і грошы — у выканаўчай “вэртыкалі”, якая ад волі выбарцаў увогуле ніяк не залежыць.

Для старшыні райвыканкаму галоўнае — дагадзіць таму, хто яго прызначае і можа зволіць. Таму першапрычына тут — у самой сыстэме ўлады, якая створаная ў 1996 годзе такім чынам, каб ёй было зручна кіраваць толькі аднаму чалавеку, імя якога вы добра ведаеце.

На заканчэньне — урывак зь ліста Эдуарда Гаева са Жлобіна:

“З удзячнасьцю слухаю вашы перадачы на беларускай мове ўвечары, у якіх распавядаеце пра Беларусь. Тым больш, што інфармацыйнае кола з 1 студзеня звузілася — на чатырох ультракароткіх хвалях цяпер толькі беларускія станцыі.

Задаволены, што часам чую галасы некаторых былых супрацоўнікаў газэты “Свободные новости”, чытачом якой я зьяўляюся і якую фактычна закрылі летась у жніўні. Вялікі дзякуй Аляксандру Ўліцёнку, Валеру Карбалевічу ды іншым за цікавую газэту”.

Дзякуй і вам, спадар Гаеў, за добрыя словы.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Гардзейка са Смалявічаў, Ільля Копыл і Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску, Сымон Булыга з Баранавічаў, Павал Сац зь вёскі Ляхаўцы Маларыцкага раёну, Анатоль Жэрдзеў з Гомеля і Алесь Шустоўскі з Барысава.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG