Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Два гады я ўбіраў у сябе атруту вашай сьляпой нянавісьці”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста, у якім выкладзеная тыповая сумная гісторыя чалавека, які многія гады жыцьця патраціў на пошукі справядлівасьці — і так і не знайшоў яе. Ліст ад Міхаіла Шавеля з пасёлку Навінкі Менскага раёну аднаго разу ўжо гучаў па беларускай Свабодзе, было гэта амаль два гады таму, у лютым 2001-га. Слухач распавядаў, што яго ў 49 гадоў змусілі пайсьці на пэнсію. Ён лічыць, што зроблена гэта было з прычыны ягонай журналісцкай дзейнасьці, якой былі не задаволеныя мясцовыя ўлады. І вось яшчэ адзін ліст ад Міхаіла Шавеля. Гэтым разам ён піша:

“Пасьля таго, як мяне звольнілі, дасталася і маёй сям’. Асабліва шмат нацярпелася дачка Сьвятлана. У свой час яна скончыла філязофскае аддзяленьне БДУ, а потым па накіраваньні цэнтры занятасьці — бугальтарскія курсы. І вось ужо больш як дзесяць год нідзе ня можа працаўладкавацца. Жыве за кошт нас — бацькоў-пэнсіянэраў.

І вінаватая ў гэтым не дачка, а родная дзяржава, якая на словах клапоціцца пра людзей, а на справе зьдзекуецца з нас: душыць высокімі цэнамі ды мізэрнымі заробкамі і пэнсіямі.

З дачкой я абышоў за гэтыя гады сотні кабінэтаў. Шматлікія чыноўнікі нібыта ўважліва выслухоўвалі нас, спагадліва спачувалі, адсылалі ў іншыя ўстановы... А там у прыёме на працу адмаўлялі. Нават на паўстаўкі ня бралі, бо на прыкмеце ў іх былі свае людзі. А без уплывовых знаёмых і сувязяў у наш час нічога не даб’есься.

Не дабіўшыся посьпеху ў чыноўнікаў розных узроўняў, у тым ліку і адміністрацыі прэзідэнта, я напісаў дэпутатам Нацыянальнага сходу — Натальлі Машэравай, Вользе Абрамавай, Уладзімеру Дзялендзіку... Але адказу ні ад каго зь іх не атрымаў.Так вось служаць нам “слугі народу”. Відаць, яны жывуць паводле прынцыпу “Багаты брат беднаму ня рад”. А таму і заплюшчваюць вочы на змрочную рэчаіснасьць: маўчаць, як вады ў рот набраўшы”, — напісаў Міхаіл Шавель з пасёлку Навінкі Менскага раёну.

Цяжка быць судзьдзём у такой даўняй і заблытанай гісторыі, спадар Шавель. Магчыма, пасьля столькіх гадоў бясплённых хаджэньняў па чыноўніцкіх кабінэтах вам ня трэба далей марнаваць на гэта сілы, а варта паспрабаваць знайсьці працу самастойна. Тым больш, што ў Менску магчымасьці для гэтага ёсьць. Ня думаю, што прычына ўсіх вашых няўдачаў толькі ў тых падзеях, якія адбыліся шмат гадоў таму.

Краязнаўца і аматар беларускай мінуўшчыны Алесь Шустоўскі з Барысава доўгі час цікавіцца дзейнасьцю і лёсамі сталінскіх наркомаў-сілавікоў, якія чынілі злачынствы ў Беларусі. Слухач даслаў нам некаторыя вынікі сваіх пошукаў, а таксама распавёў пра цяжкасьці, зь якімі ў часе дасьледаваньняў сутыкнуўся. Алесь Шустоўскі піша:

“Беларускія ўлады да сёньняшняга часу робяць з асобаў Цанавы, Бельчанкі ды іншых сталінскіх наркомаў нейкую загадкавую таямніцу. На мае неаднаразовыя запыты ў Камітэт дзяржбясьпекі і Міністэрства ўнутраных справаў па сутнасьці пытаньняў нічога не адказалі — абмежаваліся адпіскамі: маўляў, прыватным асобам біяграфічныя даведкі на былых супрацоўнікаў КГБ і МУС не выдаем.

Таму, пакуль яшчэ ня выйшлі ў сьвет тамы беларускіх энцыкляпэдыяў, дзе пад літарай “Ц” можна будзе нешта даведацца пра Цанаву, трэба апярэдзіць таямнічыя органы, якія хаваюць ад беларускага народу пачварную гісторыю краіны Саветаў, і ў тым ліку гісторыю БССР”, — напісаў Алесь Шустоўскі з Барысава.

Пра злачынную дзейнасьць першых асобаў, якія ўзначальвалі беларускі НКВД, зьвестак якраз ня так і мала, спадар Шустоўскі. Напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў на гэтую тэму было шмат публікацыяў, выходзілі нават кнігі. Кропкі над “і” тут збольшага расстаўленыя. Іншая рэч, што дагэтуль застаюцца невядомымі дзясяткі тысяч імёнаў іншых катаў, якія ўласнаручна пісалі хлусьлівыя даносы, уласнаручна катавалі нявінных ахвяраў, раскулачвалі, рабавалі маёмасьць, ссылалі... Менавіта гэтую праўду найперш хаваюць сёньня беларускія спэцслужбы, якія адкрыта лічаць сябе пераемнікамі той сыстэмы.

Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну піша:

“Два гады я ўбіраў у сябе атруту вашай сьляпой нянавісьці. Ня будзе ад вас карысьці нікому, апроч бальшавікоў, якія сёньня пры ўладзе. Вы занялі не сваё месца, а месца тых, хто, нягледзячы на мову, цытаваў бы ўрыўкі з твору Вызваліцеля, Героя Расейскай Імпэрыі Аляксандра Салжаніцына “Архіпэляг ГУЛАГ”.

Не ўцякаць трэба было ад Маскоўскага княства, а разам выцягваць на суд Божы злачынцаў гестапа-НКВД, ачышчацца ад граху, свайго і братэрскага. Разам трэба было ўсё гэта расхлёбваць... Такія, як я, для вас не існуюць. Вы памнажаеце колькасьць толькі так званых “памяркоўных”...” — наракае Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну.

Сутнасьць вашых прэтэнзіяў, спадар Бельскі, ня надта зразумелая. Салжаніцынскі “Архіпэляг ГУЛАГ” гучаў на хвалях Свабоды яшчэ тады, калі ў Савецкім Саюзе за чытаньне альбо распаўсюд гэтай кнігі можна было трапіць у турму. Тэма сталінскіх злачынстваў і ўшанаваньня памяці ахвяраў камуністычнай дыктатуры гучыць у нас і цяпер. Для прыкладу, увесь мінулы год мы пільна сачылі за падзеямі вакол Курапатаў — мясьціны, якая стала сымбалем злачынстваў камуністычнага рэжыму і пакутаў беларускага народу.

І няўжо вы, спадар Бельскі, мяркуеце, што памяць пра гэтыя пакуты можа выклікаць у беларусаў настальгію па імпэрыі — ці то савецкай, ці то расейскай?

Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім чарговым лісьце зноў разважае на тэму заняпаду беларускай мовы. Час, калі мова магла адрадзіцца, на ягоную думку, страчаны. Слухач піша:

“Задача беларусізацыі сёньня абсурдная: яе немагчыма рэалізаваць на тым узроўні, як гэта было зроблена ў краінах Усходняй Эўропы ў міжваенныя дзесяцігодзьдзі. Да 1980 году беларусы ўжо сфармаваліся як індустрыяльны народ са ста адсоткамі расейскага лексычнага камунікатыву. Адсюль і расьце хвост немагчымасьці стварыць нацыянал-дэмакратыю ва ўсходнеэўрапейскім выглядзе.

…Мне складана ўявіць будучую двухмоўную Беларусь гадоў празь дзесяць-пятнаццаць, якую Алег Трусаў бачыць падобнай на Эстонію і Латвію. Пачатак 21 стагодзьдзя — зусім не пачатак 20-га...” — лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Вашыя прагнозы, спадар Марціновіч, выглядаюць зусім праўдападобнымі, але толькі ў тым выпадку, калі захаваюцца сёньняшнія тэндэнцыі, сёньняшняя палітыка беларускіх уладаў. А калі ўявіць, што праз дваццаць гадоў Беларусь — сябра Эўразьвязу і НАТО, аддзелена ад Расеі мяжой і візавым рэжымам, замест тэлеканалаў “Россия” і НТВ на ўсю Беларусь трансьлююцца СNN i BBC, а дзеці ў беларускіх школах зь першай клясы вывучаюць ангельскую, а не расейскую мову? Выглядае неверагодным? Але гэтак жа неверагодна дваццаць год таму гучаў бы прагноз наконт незалежнасьці Беларусі ці распаду СССР.

Наш даўні слухач і аўтар, вэтэран вайны Віктар Скараход зь Менску нядаўна сустракаўся з тымі, з кім некалі партызаніў на Бягомельшчыне, у брыгадзе “Жалязьняк”. Сустрэча абудзіла даўнія ўспаміны. Слухач згадвае:

“Перад вачыма паўсталі карціна таго часу:
– вынішчаны ўшчэнт край зь безьліччу сьветлых магіл, як некалі было пры нападах крыжакоў, татарскіх ханаў ды маскоўскіх цароў;
– натоўп жанчын, звар’яцелых ад страху нечаканай сустрэчы з карнікамі. Ніна Марэйчык зь вёскі Мацееўцы зь перапуду кідае ў куст сваю маленькую дачушку. Прабегшы некалькі вёрст, дайшоўшы да памяці, спынілася. Залілася сьлязьмі. Пачала прасіць: “Бабы, пойдзем шукаць”. І пайшлі. Знайшлі на другія суткі, але ўжо мёртвую;
– нямецкі генэрал з камандай карнікаў заняў вёску Жамойск. Каты акружылі вёску, а іхны камандзір спыніўся ў хаце Скаромніка Міхалючка (так яго ўсе звалі). Пераначаваўшы, генэрал загадаў людзей зьнішчыць. Сам сеў у машыну, узяў з сабой гаспадара хаты і паехаў. Правёзшы тры кілямэтры, загадаў, каб Міхалючак выйшаў. Пакуль той дайшоў да вёскі, яна ўжо ўся пылала. А ён, стоячы ля сьпякотнага полымя сваёй хаты, адчуваў пах гарэлай чалавечыны. Гэта ў ягоную хату душагубы сагналі жанчын і дзяцей.

Як ад хат засталіся адны галавешкі, на пажарышча пачалі прыходзіць зь лесу ацалелыя. Мы са стрыечным братам Пётрам, вырабіўшыся са свайго блакаднага пекла, папрасілі камандзіра Шапавалава пусьціць пераведаць жывых. А прыйшлі й сталі на калені перад мёртвымі.

Праз суткі костачкі пакутнікаў (і сярод іх дзьве конусападобныя кучкі белага попелу за грубкай ад згарэўшых Пётравых дачушак, усыпалі ў юрацкую магілу на Міхалючкавай сялібе. Як іх засыпалі, Міхалючак прасіў: “Людцы, суседцы! Як памру, і мяне пакладзіце зь імі”. Праз 17 гадоў суседзі выканалі ягоную просьбу”, — такімі шчымлівымі ўспамінамі падзяліўся з намі Віктар Скараход зь Менску.

Дзякуй, спадар Скараход, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG