Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэпутаты мясцовых саветаў ня маюць ні ўлады, ні грошай”


Валянцін Жданко, Менск

Перад Новым годам, у апошнія перадкалядныя дні, мы прасілі слухачоў згадаць у сваіх лістах найбольш адметныя падзеі мінулага году, падзяліцца ўражаньнямі і ўспамінамі, паразважаць пра будучыню. На просьбу адклікнуліся вельмі многія. Іхныя расповеды працягваюць паступаць і сёньня.

Большасьць успамінаў, разважаньняў, ацэнак аб’яднаныя адзіным настроем і жаданьнем — гэта чаканьне зьменаў. Вось які ліст даслаў нам Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Ён піша:

“Мне цікава: хто атрымлівае ў нашай мясцовасьці абяцаныя сто даляраў сярэдняга заробку? У радыюсе 9 кілямэтраў гэта мы — некалькі настаўнікаў. Яшчэ мясцовы савет і калгасны старшыня. А астатнія — не і не. 20–40 тысяч рублёў у калгасе, і то меней.

Дзе выйсьце? Мы проста змагаемся зь ветракамі. Як тыя народнікі ў канцы 19 стагодзьдзя. На іх агітацыю ці проста размову быў такі ж адказ, як і цяпер: “Паны дрэнныя, а цар добры — ён пэнсію дае”. А больш нічога і чуць ня хочуць. Ірацыянальнае мысьленьне, прававы нігілізм...

Наконт выбараў. Хоць якісьці шанец? Так, згодны. Але ці маюць мясцовыя саветы хоць якую-небудзь уладу? Там жа суцэльнае безграшоўе. Дый засядаюць у асноўным тыя, хто па абавязку службы павінен выконваць рашэньні савету. А ён дэпутат, і гаворыць як на партактыве. Ну, прыйдуць ад апазыцыі ў саветы — можна будзе адкрыта сказаць пра набалелае, паўплываць на сытуацыю? Істотна — не. Толькі больш аплявух атрымаюць.

Я шчыра рады за суседзяў — Польшчу, Літву. Эўразьвяз, адзіная Эўропа. А наша ўлада ўсё больш адгароджваецца ад сьвету. Дзеля чаго? Каб захаваць рэжым? Усё шукаюць ворагаў. Безнадзейная справа. Я па натуры аптыміст і веру, упэўнены, што зьмена тут будзе. Маё прызначэньне як настаўніка — пасеяць разуменьне нашага жыцьця і далейшых пэрспэктываў дастойнай будучыні. Гэта мы і робім”, — напісаў Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.

Я ўпэўнены, спадар Волчык, што гэтая вашая праца ў многім больш каштоўная і плённая, чым дзейнасьць іншых палітыкаў. Урэшце будучыня Беларусі вырашаецца сёньня якраз у школьных клясах. Ці будуць цяперашнія школьнікі празь некалькі гадоў паўтараць высновы сваіх бацькоў — пра добрага цара і кепскіх паноў? Ад гэтага залежыць вельмі многае ў будучыні Беларусі.

Цяжка не пагадзіцца з вашымі развагамі пра мясцовыя саветы, асабліва сельскія. Як і ў многіх іншых сфэрах грамадзкага жыцьця, тут Аляксандар Лукашэнка цалкам пераняў досьвед камуністычнай сыстэмы. Тады таксама бюджэты многіх сельсаветаў абмяжоўваліся выдаткамі на канцылярскія патрэбы, а старшыня савету па кожную дробязь вымушаны быў зьвяртацца з прыніжальнымі просьбамі да калгаснага старшыні. Саветы былі толькі дэкарацыяй — такімі ж яны сталі пры Лукашэнку.

Некалькі лістоў пра мінулае і будучыню Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і ейнага лідэра Зянона Пазьняка. Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава піша:

“Хочацца верыць, што ў новым годзе скончацца гульні ў выбары, якія наладжвае рэжым, а таксама хаджэньні на балота Бангалор, што ладзіць так званая “аб’яднаная апазыцыя” і псэўдаБНФ Вінцука Вячоркі. Хай усе зразумеюць, што з гэтага лябірынту ёсьць толькі адно выйсьце, якое было ў народаў Балтыі й Польшчы.

А выйсьце адно — зьбірацца ўсім у адпаведны час у адпаведным месцы і вырашаць пытаньне адхіленьня рэжыму ад улады. Альбо мы гэта зробім, альбо будзем рабамі ва ўласнай краіне. Таму абавязак кожнага здаровага дзеяздольнага беларуса прыехаць у Менск у час, які прызначыць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя на чале зь Зянонам Пазьняком”, — лічыць Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава.

Ці не апасаецеся вы, спадар Міцкевіч, што такі заклік падтрымаюць ўсяго некалькі тысяч сяброў вашай партыі, якія цалкам падзяляюць погляды Зянона Пазьняка і гатовыя выканаць любую ягоную каманду? І калі здарыцца менавіта так, то што вы будзеце рабіць далей — абвесьціце ўсіх, хто не прыйшоў, “рабамі ва ўласнай краіне”?

Так, у многіх дзяржавах Усходняй Эўропы крах камунізму і зьмена ўлады адбываліся на вуліцах і плошчах, шляхам масавых мірных пратэстаў. Але дзеля гэтага патрэбна шмат умоваў, і найперш гатовасьць да такіх пратэстаў пераважнай большасьці людзей, наяўнасьць агульнапрызнанага нацыянальнага лідэра і адпаведнай палітычнай сілы. У Беларусі ў гэтым сэнсе спэцыфічная сытуацыя, якую цяжка назваць спрыяльнай для так званай “аксамітнай рэвалюцыі”, да якой вы, спадар Міцкевіч, заклікаеце.

Віктар Туравец з францускага Ліёна — таксама прыхільнік Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. У сваім лісьце слухач піша:

“Многія папракаюць Пазьняка за тое, што зьехаў за мяжу: маўляў, трэба змагацца толькі на радзіме. Але калі Пазьняк нешта робіць, ён мае рацыю. А вось тыя недальнабачныя палітыкі, якія спачатку прывялі Лукашэнку да ўлады, служылі яму, потым былі ім прагнаныя і не адчувалі небясьпекі для ўласнага жыцьця — дзе яны цяпер?

Беларусі патрэбен жывы Пазьняк. Я магу параўнаць яго з чэскім прэзыдэнтам Гаўлам. Вось толькі, на вялікі жаль, беларускі народ — гэта ня чэская нацыя. Што казаць пра дзеда ці бабку з калгасу “Шлях Ільіча”, калі нават сьвядомыя беларусы супраць Пазьняка. Бегаюць, агітуюць за домашаў, ганчарыкаў...

Ня трэба ў Беларусі шукаць нейкага новага лідэра, сапраўдны лідэр ужо ёсьць — гэта Пазьняк. Проста трэба мець сумленьне і думаць пра будучыню Беларусі”, — напісаў Віктар Туравец, сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з францускага Ліёна.

Усё ж, спадар Туравец, асоба, якая прэтэндуе на ролю палітычнага лідэра нацыі, найперш павінная мець падтрымку гэтай нацыі — калі ня ўсёй, то большай яе часткі. Такую падтрымку, якую мелі, да прыкладу, Гавал і Валэнса. Сёньняшні рэйтынг Зянона Пазьняка, нават калі меркаваць па дасьледаваньнях незалежных сацыялягічных інстытутаў, вымяраецца некалькімі адсоткамі. З такім рэйтынгам наўрад ці можна спадзявацца на посьпех на прэзыдэнцкіх выбарах.

Можна шмат разважаць наконт прычынаў гэтага. Цікавы прыклад прыводзіць у сваім лісьце наш сталы слухач Мікалай Лясовіч зь Менску. Ён піша:

“Калі ўтвараліся новыя дэмакратычныя партыі, я напісаў Зянону Пазьняку, прапанаваўшы аб’яднаць усіх дэмакратаў у агульны рух. Ён фанабэрыста адказаў: “Няхай уступаюць у БНФ”. У выніку на выбарах 1994 году частка дэмакратаў падтрымала Пазьняка, частка — Шушкевіча, а частка Лукашэнку (згадайце тагачасную дзейнасьць Ганчара, Фядуты, Захаранкі ды іншых).

Зласьлівыя, агрэсіўныя русафобскія выступы Пазьняка, які быў тады самым вядомым лідэрам апазыцыі, выклікалі ў часткі насельніцтва варожасьць да ўсіх дэмакратаў”.

Мікалай Лясовіч таксама адгукнуўся на просьбу падзяліцца сваім бачаньнем найбольш важных падзеяў мінулага году. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Самай вялікай нечаканасьцю для мяне была рэакцыя ў Беларусі на прапанову Пуціна ўключыць нашу краіну ў склад Расеі. Выявілася, што ў Беларусі няма ніводнай групоўкі, якая б падтрымала гэту прапанову. Іншымі словамі, ідэя Незалежнасьці стала агульнанароднай”.

А заканчвае слухач свой ліст наступным назіраньнем аднаго зь пераднавагодніх дзён:

“27 сьнежня я ішоў на лыжах блізу Курапатаў. На другім баку ад шашы ўбачыў у лесе вялікі кошык штучных кветак. Відавочна, гэты кошык зьнесьлі невядомыя зламысьнікі з-пад Крыжа Пакуты і выкінулі ў лесе. Я занёс гэтыя кветкі назад да крыжа”.

За курапацкай тэмай мы пільна сачылі цягам апошніх гадоў і ня будзем абыходзіць увагай гэтую тэму ў будучыні. Тым больш, што да стварэньня сапраўды годнага народнага мэмарыялу ў Курапатах яшчэ далёка, а супраціў тых, хто імкнецца зьнішчыць памяць пра ахвяры камуністычнай дыктатуры, у Беларусі па-ранейшаму адчувальны.

На заканчэньне — ліст ад былога вайскоўца Анатоля Мукасея са Слуцку. Ён піша:

“У войску я праслужыў амаль 26 гадоў, у асноўным у Беларусі, але давялося служыць і на расейскім ядзерным палігоне Новая Зямля. І вось, страціўшы здароўе, апынуўся выкінутым за вароты сваёй вайсковай часткі, дзе праслужыў прапаршчыкам з 1975 па 1992 год. 4 кастрычніка 2001 году мяне выклікалі позвай у суд — як выявілася, паводле паклёпніцкай заявы былога саслужыўца. Скончылася ўсё ўзбуджэньнем крымінальнай справы і накладаньнем вялікага штрафу — 375000 рублёў.

З просьбай аднавіць справядлівасьць я зьвяртаўся ва ўсе магчымыя інстанцыі — і ўсё безвынікова. Адусюль атрымліваў звычайныя адпіскі. Куды яшчэ я магу зьвярнуцца па дапамогу?” — пытаецца былы вайсковец Анатоль Мукасей са Слуцку.

Відавочна, спадар Мукасей, падобныя канфлікты павінен вырашаць суд. Не задавальняе вас рашэньне мясцовага суду, зьвяртайцеся ў абласны, вярхоўны... З вашага ліста цяжка зразумець прычыну спрэчкі з камандаваньнем вайсковай часткі, аднак выглядае, што размова ідзе не пра палітычны перасьлед. Падобных рознагалосьсяў і канфліктаў шмат у любым калектыве. І наўрад ці выпадае ў кожным выпадку шукаць змову чыноўнікаў і судзьдзяў.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты, калядныя і навагоднія віншаваньні Людміла Ліцьвінава, Іван Бякасаў, Віктар Скараход і Васіль Пясецкі зь Менску, Ірына Барысевіч зь вёскі Парэчча Гарадзенскага раёну, Генадзь Агафонаў зь Віцебску і Віктар Расказаў з Глуску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG