Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я прымусіў міліцыянтаў прасіць прабачэньня”


Валянцін Жданко, Менск

Мы часта паведамляем пра выпадкі, калі апазыцыйных актывістаў, удзельнікаў акцыяў пратэсту, а то і проста далёкіх ад палітыкі людзей затрымлівае на вуліцы і потым доўга трымае ў пастарунках міліцыя. Як, трапіўшы ў падобную сытуацыю, павінен паводзіць сябе чалавек, каб не дапусьціць парушэньня сваіх правоў і ня стаць ахвярай міліцэйскай сваволі?

Наш сталы слухач і аўтар Мікола Саскевіч з Калінкавічаў дзеліцца ўласным досьведам дачыненьняў зь міліцыяй:

“Пасьля таго, як мяне скарацілі на ранейшым месцы працы, я стаў на ўлік на біржы. Але на дапамогу па беспрацоўю немагчыма пражыць нават аднаму, а ў мяне сям’я — двое дзяцей і жонка ў адпачынку па догляду за дзіцем. Таму працую грузчыкам, а зараз кіроўцам.

30 лістапада ўвечары вяртаўся з працы праз парк. Месца гэта ў такі час бязьлюднае і малаасьветленае. І тут раптам даганяе мяне машына, выскокваюць зь яе двое міліцыянтаў, хапаюць за рукі і патрабуюць паказаць, што ў сумцы.

Я разважаю так: месца цёмнае, нікога няма... Пачнуць аглядаць сумку — могуць што-небудзь падкінуць, нават гранату ці наркотыкі. Пачаў патрабаваць сьведкаў, альбо, кажу, вязіце ў міліцыю і глядзіце там. Ад іх у адказ пагрозы: не пакажаш — паспытаеш газу і тумакоў.

Тут я згадаў лёс нашых вядомых апазыцыянэраў і параду ад Радыё Свабода — наконт таго, што рабіць у падобных выпадках. І стаў крычаць: “Людзі, дапамажыце!..” Падзейнічала: мяне хутка запіхнулі ў машыну і павезьлі ў міліцыю. Там я сказаў: гэтым міліцыянтам не давяраю, няхай прысутнічае хто-небудзь з афіцэраў. Урэшце выйшаў нейкі чалавек у цывільным.

Тут я выкладваю з сумкі свае рэчы: рабочае адзеньне, тэрмасы для ежы і дамкрат ад “Жыгулёў”. Расчараваныя міліцыянты нават не складалі пратакол. А я сказаў, што напішу скаргу ў пракуратуру, і папрасіў, каб мне назвалі прозьвішчы гэтых двух міліцыянтаў (гэта былі старшына Іваненка і прапаршчык Верабей). Тут прыходзіць чалавек у цывільным і разам з гэтымі міліцыянтамі пачынае прасіць у мяне прабачэньня. Я ня стаў пісаць на іх скаргу, бо ў нашай дыктатарскай дзяржаве гэта бессэнсоўна. Але вам вырашыў паведаміць. Я тэлефаную на “Голас Амэрыкі”, пішу вам, і думаю, што інцыдэнт гэты — не выпадковы”.

Вельмі магло здарыцца, Мікола, што ніякіх зламысных намераў адносна вас гэтыя міліцыянты ня мелі. Проста яны прывыклі да пакорлівых паводзінаў разгубленых і запалоханых людзей, якія ня ведаюць сваіх правоў і ня ўмеюць гэтыя правы адстойваць. Заўважце, як зьмяніліся іхныя паводзіны, калі яны пераканаліся, што вы ведаеце закон і што праўда на вашым баку. І тое, што яны вымушаныя былі прызнаць сваю памылку і прасіць прабачэньня, ёсьць вашай маральнай перамогай. Нават нягледзячы на тое, што справа не дайшла да афіцыйных скаргаў і разьбіральніцтваў.

Мікалай Лясовіч зь Менску працягвае завочную дыскусію слухачоў пра тое, ці можна лічыць Аляксандра Лукашэнку моцным палітыкам. Размову пачаў некалькі тыдняў таму Віктар Туравец з францускага Ліёну, а прадоўжыў Віктар Скараход зь Менску.

У прыватнасьці, на думку Віктара Скарахода, пра сілу і слабасьць палітыка высокага рангу патрэбна казаць, маючы на ўвазе зробленае ім на карысьць дзяржавы. Паводле слухача, “Лукашэнка больш як за восем гадоў зрабіў вельмі шмат, што патрабавала ад яго сілаў і энэргіі. Уся бяда ў тым, што амаль усё гэта мае адмоўны знак”.

Мікалай Лясовіч з гэтай нагоды піша:

“Паўстагодзьдзя таму была папулярнай школа філёлагаў (здаецца, іх называлі канцэптуалістамі), якая сьцьвярджала, што прычынай усіх спрэчак у філязофіі ёсьць розьніца ў разуменьні і тлумачэньні сэнсу словаў. У сувязі з гэтым — зазірнем у тлумачальны слоўнік. Там тэрмін “палітыка” вызначаецца як “мастацтва кіраваць дзяржавай”. Зыходзячы з гэтага, можна сьцьвярджаць: паколькі Лукашэнка кіруе дзяржавай, ён усё ж палітык.

Але як кіруе? Пасварыў Беларусь з цэлым сьветам; давёў эканоміку да найцяжэйшага стану; жыцьцёвы ўзровень зьнізіўся і працягвае зьніжацца; пры ім у краіне не было ніводных дэмакратычных выбараў... Так што палітык зь яго кепскі, а значыць — слабы. Дарэчы, гэтак жа выказаўся наконт становішча ў Беларусі і Васіль Быкаў у сваёй апошняй перадачы “Ўспаміны на Свабодзе”. І ацэнкі гэтыя, на маю думку, зусім слушныя”.

Сапраўды, спадар Лясовіч, многіх спрэчак не было б, калі б людзі аднолькава разумелі значэньне тэрмінаў. І рознагалосьсяў у вас зь іншымі слухачамі, якія выказваліся на гэтую ж тэму, па сутнасьці, няма. Сіла палітыка-Лукашэнкі, калі мець на ўвазе аб’ём забраных ім у свае рукі ўладных паўнамоцтваў, немалая. Але які плён прыносіць гэтая сіла грамадзтву і краіне? Якіх посьпехаў, міжнароднага прызнаньня, пад’ёму эканомікі дасягнуў ён, выкарыстоўваючы гэтую сілу?

Ліст ад геолага Генадзя Палітко зь Віцебску:

“Мне здаецца, у Беларусі сёньня няма апазыцыі. БНФ абылганы і апляваны, астатнія проста пакрыўджаныя. А апазыцыя і пакрыўджаныя — не адно і тое ж.

Вашыя экспэрты кажуць, што народ такую ўладу доўга не вытрывае. Па-мойму, у гэтых экспэртаў кепская памяць. Народ дзесяцігодзьдзямі, да самай сьмерці, услаўляў Сталіна, Гітлера, Мао Цзэдуна, Кім Ір Сэна. Чым страшнейшы дыктатар, тым больш яго любіць народ. У Беларусі вельмі многія (магчыма, нават большая частка народу) падтрымліваюць прэзыдэнта. Я гэта пастаянна чую наўкол. У гэтым ёсьць і вашая, так бы мовіць, “заслуга”.

Далей спадар Палітко выкладае сутнасьць сваіх прэтэнзіяў. На ягоную думку, Свабода недастаткова глыбока аналізавала сутнасьць беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў у справе газавых паставак. У выніку, піша слухач, “народ дагэтуль думае, што Расея дае нам нафту і газ амаль задарма, за прыгожыя вочы Лукашэнкі. А гэта ж ня так. Вы гаворыце пра ўсясьветныя кошты. Але чаму нафта і газ павінныя каштаваць у Менску столькі ж, колькі ў Бэрліне? Адлегласьць жа ад Расеі да Беларусі значна меншая, чым да Нямеччыны”.

Яшчэ адна заўвага Генадзя Палітко датычыць камуністаў, якіх дапускаюць да мікрафонаў заходніх радыёстанцыяў:

“Камуністы і па сваіх каналах усе кішкі праелі, а цяпер яшчэ і заходнія радыёстанцыі ператвараюць у філію Камінтэрну. Асабліва гэтым грашыць Расейская Свабода. Але і вам ёсьць над чым працаваць”.

А на заканчэньне геоляг Генадзь Палітко зь Віцебску робіць наступны прагноз адносна будучыні Беларусі:

“Лукашэнка будзе кіраваць да канца жыцьця, а потым прэзыдэнтам стане ягоны сын”.

Беларусь ня надта падобная на Паўночную Карэю, спадар Палітко. Ізаляваць краіну паводле прыкладу Кім Ір Сэна і ягонага сына Кім Чэн Іра ва ўмовах сёньняшняй Эўропы наўрад ці магчыма. А без такой ізаляцыі, бяз гвалту над іншадумцамі, ідэалягічнага дыктату і закрытых межаў даўгавечнай дыктатуры не бывае.

Цяпер — адносна вашых заўвагаў. Мы даволі ўважліва сачылі за тэмай так званага “газавага канфлікту” паміж Беларусьсю і Расеяй. Ня думаю, што ў кагосьці з уважлівых слухачоў магло скласьціся памылковае ўяўленьне, нібы расейскія танныя пастаўкі ў Беларусь газу і нафты — дабрачынныя. І пра бясплатнае ўтрыманьне расейскіх вайсковых аб’ектаў, і пра танны транзыт расейскіх грузаў, і пра мытныя льготы мы ня раз распавядалі. Як і пра тое, што гэтая разгалінаваная і заблытаная сыстэма ўзаемных саступак, якая ня мае нічога агульнага з рынкавым падыходам і стварае глебу для канфліктаў, накшталт “газавага”.

І апошняе — наконт галасоў камуністаў на Свабодзе. Нашае радыё адкрытае для розных пазыцыяў і меркаваньняў. Гэта ёсьць адным з галоўных прынцыпаў дэмакратычнага грамадзтва. Пагадзіцеся, калі мы распавядаем пра сытуацыю ці гісторыю, у якой фігуруе нехта з камуністычных актывістаў, то прынамсі дзіўным было б праігнараваць ягоны пункт гледжаньня.

Хоць, зразумела, гэта зусім не азначае, што мы забылі пра злачынствы камуністычнага рэжыму, неяк па-іншаму пачалі ставіцца да камуністычнай ідэалёгіі ці гатовыя даваць камуністам трыбуну на любое іхнае запатрабаваньне. Размова ідзе толькі пра тое, каб вы, слухачы, мелі магчымасьць атрымліваць усебаковую і аб’ектыўную інфармацыю.

Эмануіл Юрай са Смалявічаў у сваім лісьце некалькі тыдняў таму разважаў наконт праблемы русіфікацыі. Некалькі цытатаў зь ягонага ліста я выкарыстаў, не агучыўшы, аднак, найбольш катэгарычныя выказваньні, у тым ліку і прыдуманы ім ня надта мілагучны тэрмін для абазначэньня тых беларусаў, якія размаўляюць па-расейску. Незадаволены гэтым, слухач піша:

“Вы мяне, спадар Жданко, пакрыўдзілі. Некарэктна з вашага боку абыходзіць вострыя вуглы. Занадта рэзкія словы я ўжыў? А якія трэба, каб гэтыя людзі асэнсавалі сваю нікчэмнасьць, усьвядомілі і тым самым, магчыма, зьменшылі сваю разбуральную дзейнасьць? Час падняць на шчыт і данесьці да сьвядомасьці ўсіх: як не бывае манголамоўных кітайцаў, так не бывае расейскамоўных беларусаў”, — такую выснову робіць Эмануіл Юрай са Смалявічаў.

Цьверджаньне гэтае, спадар Юрай, памылковае. І манголамоўных кітайцаў нямала (у Кітаі нават ёсьць аўтаномны раён — Унутраная Манголія называецца), і расейскамоўных беларусаў вельмі шмат. Ня думаю, што можна вырашыць праблему, прыдумляючы ім крыўдныя мянушкі. Тым больш недапушчальна агучваць гэтыя нецэнзурныя мянушкі ў эфіры.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксей Ятуцэвіч зь вёскі Турын Пухавіцкага раёну, Сямён Бакуновіч з Кобрыні, Алесь Шустоўскі з Барысава, Віктар Баранаў з Рагачова, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Міхаіл Леках з Рыгі і Віктар Кавешнікаў зь Менску.

У гэтыя апошнія перадкалядныя дні хацеў бы зьвярнуцца да вас, нашыя сталыя слухачы і аўтары, з просьбай згадаць пра найбольш адметныя, на ваш погляд, падзеі мінулага году. Падзяліцеся сваімі ўражаньнямі і ўспамінамі, паразважайце пра будучыню, распавядзіце пра самыя цікавыя выпадкі з уласнага жыцьця. Вашыя лісты прагучаць у навагодняй перадачы “Паштовая скрынка 111”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG