Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я спадзяваўся, што перасяджу эпоху Лукашэнкі на лецішчы”


Валянцін Жданко, Менск

Многія нашыя слухачы сачылі за прэсавай канфэрэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі 17 верасьня, а потым слухалі па “Свабодзе” абмеркаваньне некаторых найбольш важных заяваў беларускага лідэра, зробленых у той вечар. Пачутыя камэнтары і развагі ня ўсіх задаволілі.

Вось які ліст даслаў нам Канстанцін Міронаў зь Менску. Ён піша:

“Навошта вы, Валянцін Жданко, пыталіся ў прэзыдэнта пра тое, ці не зьбіраецца ён застацца пры ўладзе пасьля 2006 году? І што пачулі ў адказ? Што ён, маўляў, спытае ў народу, ці можна прэзыдэнту абірацца на трэці тэрмін. І калі народ адкажа “так” — то ён і абярэцца. Заўважце, ён гаварыў не пра тое, што яго, магчыма, выбяруць — а ў катэгарычнай форме, без усялякага сумневу.

Пакуль пра гэта ня ведалі, можна было хаця б спадзявацца адседзецца чатыры гады ў прадпрымальніках ці на лецішчы. А так — дакладна давядзецца нешта рабіць, каб ня здарылася так, як наш прэзыдэнт хоча.

А зрэшты — можна і радавацца, што рэфэрэндум будзе толькі наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну, а не наконт пажыцьцёвага прэзыдэнцтва”.

Мушу вас паправіць, Канстанцін: Аляксандар Лукашэнка не сьцьвярджаў, што БУДЗЕ праводзіць рэфэрэндум. Апроч таго, ён некалькі разоў паўтарыў, што пакуль нават ня думаў над гэтай праблемай, бо да выбараў яшчэ чатыры гады.

Але ня толькі вы — вельмі многія з тых, хто чуў яго ў той вечар, не ўспрынялі гэтыя агаворкі ўсур’ёз, а ўзялі пад увагу толькі пазначаную ім схему далейшага падаўжэньня паўнамоцтваў: канстытуцыйны рэфэрэндум і наступны ўдзел у новых выбарах. І, думаю, сёньня нямногія сумняюцца, што менавіта гэтая схема цягам наступных гадоў будзе ажыцьцяўляцца.

Тое, што пра яе стала вядома ўжо цяпер — на маю думку, лепш, чым калі б пра гэта загаварылі толькі за некалькі месяцаў да рэфэрэндуму. (Нягледзячы нават на вашыя парушаныя пляны адседзецца чатыры гады на лецішчы.) Прынамсі, зразумела, да чаго трэба рыхтавацца.

На тэму прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі разважае ў сваім лісьце і Алесь Марціновіч з Баранавічаў:

“Я вельмі рады, што ў часе прэсавай канфэрэнцыі галоўнай тэмай былі абвінавачаньні на адрас Расеі. Парушаная васьмігадовая інтэграцыйна-фантомная цяганіна. Лукашэнка сам пачаў капаць сабе палітычную магілу. Гэта не адбудзецца надта хутка, але і дужа доўга чакаць не давядзецца. Адкрыты канфлікт з Расеяй пасьля гэтых васьмі гадоў і пры цэмэнтнай застыласьці беларускай дзяржавы прывядзе да непазьбежнага правалу палітыка, які такі канфлікт з Расеяй пачаў.

Трэба ведаць законы геапалітыкі менавіта нашага ўсходнеэўрапейскага рэгіёну. Любы адрыў ад Расеі лягічна сілай цячэньня нясе краіну да Эўразьвязу і NATO — паводле мадэлі паса дзяржаваў ад Эстоніі да Баўгарыі.

Думаю, што ў бездань Лукашэнка ня скочыць. Але ці прыме для сябе беларускае грамадзтва хоць калі-небудзь гэтыя ўсходнеэўрапейскія стыль жыцьця і альгарытм разьвіцьця?”

Пра верагоднасьць павароту Лукашэнкі тварам да Захаду пачыналі гаварыць кожны раз, як толькі паміж Менскам і Масквой узьнікалі сур’ёзныя супярэчнасьці. І ніколі гэтыя прагнозы ня спраўджваліся. Наадварот, беларускі кіраўнік спальваў за сабой апошнія масты. І сёньня, падчас, магчыма, самага глыбокага крызысу ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, пра гэтае зьнешне найбольш лягічнае выйсьце Лукашэнка нават не вядзе размову.

Выглядае, ня толькі іншыя — ён сам зьмену курсу лічыць ненатуральным для сябе, глыбока супярэчным для ўласнай натуры крокам. Дзеля гэтага спатрэбілася б разбурыць усё тое, на чым трымаецца ягоная ўлада, — усю сыстэму, якую ён ствараў восем гадоў і безь якой яго немагчыма ўявіць.

На тэму так званага “саюзнага будаўніцтва” напісаў і Георгі Белаконь з Калінкавічаў:

“Уважліва сачу за парожняй балбатнёй наконт так званай “саюзнай дзяржавы”, якая б складалася зь дзьвюх незалежных дзяржаваў. Па-мойму, гэта нейкае глупства: гісторыя такіх прыкладаў ня ведае. Тым больш, калі аб’ядноўваюцца такія несувымерныя краіны.

Памятаю, у юнацтве на ўроку грамадазнаўства выкладчык тэхнікуму тлумачыў нам, чаму СССР у 1940 годзе захапіў Прыбалтыку — маўляў, неабходна было зрабіць бясьпечнымі свае межы. Я падняў руку і задаў сустрэчнае пытаньне: калі кіравацца такой лёгікай, дык цяпер зноў трэба некага далучаць?

У выніку менавіта ўсе гэтыя далучэньні, чужыя каштоўнасьці ды ідэалёгіі, якія насаджаліся гвалтам, і прывялі да канца СССР.

Распад Расейскай імпэрыі пачаўся ў 1917 годзе, калі адпалі Польшча, Прыбалтыка, Фінляндыя. У 1991 годзе адпалі ўсе саюзныя рэспублікі. З вайной у Чачэніі пачаўся трэці пэрыяд распаду.

Ніякая сіла ня здолела аднавіць ні Рымскую, ні Бізантыйскую, ні Асманскую, ні Брытанскую — і ніякія іншыя імпэрыі. Проста яны вычарпалі свой патэнцыял — і адышлі ў нябыт”.

Такія ці падобныя высновы робіць, відавочна, кожны, хто старанна вывучаў гісторыю. Заўважым: стварэньне СССР таксама было спробай рэанімаваць імпэрыю. І, здавалася, яна пачала паўставаць: пад крыло Расеі гвалтам былі вернутыя краіны Балтыі, Малдова, Заходняя Беларусь і Ўкраіна. Пазьней у залежнасьць да СССР трапіла ўся Ўсходняя Эўропа... І як імкліва ўсё рухнула ў 1991-м. Выглядае дзіўным, што пасьля ўсяго гэтага спробу аднавіць імпэрыю робіць чалавек, які пяць гадоў у інстытуце вучыў гісторыю і павінен ведаць яе законы.

Наш сталы слухач Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну пасьля доўгага перапынку зноў даслаў ліст. Гэтым разам ён піша:

“Вось я і на волі, адседзеў на “хіміі” — і хутчэй на Сойм БНФ. І што ж я там чую? Самае страшнае і жудаснае — гэта гульня ў палітыку. На працягу ўсяго паседжаньня Сойму вялася гаворка наконт падрыхтоўкі да выбараў у мясцовыя саветы. Казалі выступоўцы: калі выйдзе ў дэпутаты нават невялічкая колькасьць нашых людзей — то ўжо і гэта будзе перамогай.

Тое, што дзеля гэтага давядзецца марнаваць час і сілы шараговым сябрам партыі, партыйных чыноўнікаў не турбуе. Яскрава было бачна на Сойме — ідзе праца ня дзеля перамогі, а дзеля таго, каб была бачнасьць працы. Гэта пацьвердзілася і ў папярэднюю прэзыдэнцкую кампанію: усе аб’ядналіся дзеля перамогі, але хапіла розуму і мудрасьці дапусьціць у свае шэрагі некалькі “траянскіх коней”. І ўся праца была змарнаваная”.

Калі я вас правільна зразумеў, спадар Мікалай, вы лічыце, што дзеля некалькіх дэпутацкіх месцаў няма сэнсу траціць партыйныя сілы і час. У ідэале, вядома, кожная партыя ставіць на мэце поўную перамогу на выбарах. Але ці рэальна гэта ў сёньняшніх умовах для Беларускага Народнага Фронту?

За апошнія восем гадоў БНФ выкарыстоўваў розную стратэгію падчас выбарчых кампаніяў. Ня раз выбары спрабавалі байкатаваць. Але тое, што ў выбарных органах улады ўвогуле няма прадстаўнікоў апазыцыі, дзейнасьці апазыцыйных партыяў наўрад ці спрыяе. Відавочна, якраз пра гэта вашыя партыйныя паплечнікі й вялі размову на Сойме.

На заканчэньне — ліст ад Іны Шынгаровай зь Менску:

“Часам здаецца: лепш гвалтоўнае аднаўленьне справядлівасьці, чым поўная яе адсутнасьць, якая спараджае беспакаранасьць. Пасьля распаду КПСС і СССР законы аб люстрацыі прынялі толькі ў Прыбалтыцы. А монстар ня зьнік, ён проста набыў іншыя формы. Не былі пакараныя нават кіраўнікі сілавых структураў (апроч ГКЧП, якога зьлёгку папалохалі). Размову пра тое, што варта было б судзіць нават рэдактараў газэты “Правда” і часопіса “Коммунист”, якія палівалі краіну ідэалягічнымі памыямі, у нас увогуле палічылі б недапушчальнай.

У будучыні Беларусі, я думаю, патрэбны будзе закон аб люстрацыі, які б улічваў мясцовую спэцыфіку і не дазваляў пранікненьню ва ўладу былых прыхільнікаў рэжыму.

Заклікі пра “ўсёдараваньне” і пра тое, што “трэба пакінуць прафэсіяналаў, якія сумленна працавалі на сваіх месцах”, заўсёды якраз і сыходзяць ад тых, хто найбольш цесна супрацоўнічаў з былым рэжымам”.

Абмеркаваньне гэтай праблемы ў сёньняшняй Беларусі, сапраўды, выглядае ня надта своечасовым і актуальным. Хоць яна існуе, і рана ці позна яе давядзецца вырашаць. Ня думаю, што трэба пачынаць з рэдактараў камуністычных газэтаў ды часопісаў.

У Беларусі не прыцягнуты да адказнасьці ніводзін з тых, хто падпісваў сьмяротныя прысуды бязьвінным ахвярам бальшавізму, хто расстрэльваў людзей у Курапатах, хто праводзіў “раскулачваньні” і высылкі беларускіх сялянаў. Тут, у Беларусі, знайшлі прытулак і высокія пасады тыя, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады ў краінах Балтыі, спрабуючы задушыць іхнае змаганьне за незалежнасьць. З такім грузам ня выяўленых і не пакараных злачынцаў наўрад ці магчыма будаваць новую Беларусь.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Міцкевіч з Браслава, Віктар Шульга зь Мёраў, Марыя Леваценка зь бэльгійскага гарадку Сант-Ніклаас і Аксана Новікава зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG