Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У беларускіх дзіцячых садках малыя тыднямі ня бачаць мяса і рыбы…”


Валянцін Жданко, Менск

У гэтыя верасьнёўскія дні многія згадваюць драматычныя падзеі, якія год таму адбываліся ў Злучаных Штатах і пасьля якіх у сьвеце зьмяніліся многія ранейшыя ўяўленьні пра міжнародную бясьпеку, рэальныя і ўяўныя пагрозы, сапраўдныя і выдуманыя каштоўнасьці. Што да Беларусі, то тут ёсьць і яшчэ адна нагода згадаць пра верасень 2001 году. Піша Канстанцін Міронаў зь Менску:

“Набліжаюцца дзьве цяжкія і сумныя даты з гісторыі зусім нядаўняга мінулага — 9 верасьня для нас і 11 верасьня для амэрыканскага народу. Хоць падзеі гэтыя, на першы погляд, і непараўнальныя, у маёй памяці яны стаяць поруч. Справа нават ня ў тым, што мы прайгралі выбары 9 верасьня. У тых умовах іх прайграў бы нават Біл Клінтан, калі б ён быў адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Пройгрыш быў запраграмаваны. “Вэртыкаль” загадзя ведала, на якіх участках мусіў быў перамагчы Лукашэнка і якой колькасьцю галасоў.

У той час, калі Бін Лядэн, відаць, аддаваў апошнія распараджэньні наконт атакі на Злучаныя Штаты, у нас на выбарчых участках адбывалася грубае фальшаваньне.

Як мог чалавек, які ў 1994 годзе разам зь 10 памочнікамі займаў некалькі пакояў у Доме ўраду, ужо ў 1997 годзе дыктаваць сваю волю краіне і не лічыцца пры гэтым з законамі? — задае рытарычнае пытаньне Канстанцін Міронаў зь Менску, і сам жа на яго адказвае: “Віна ў гэтым наша, агульная. Відаць, мы нешта ня так людзям тлумачылі, або спалохаліся самі. Так, вынікі выбараў былі сфальшаваныя, але дзе былі тыя людзі, якія галасавалі супраць Лукашэнкі? Чаму ня выйшлі на плошчу перад рэзыдэнцыяй Лукашэнкі хаця б сто тысячаў чалавек? Нашая памяркоўнасьць аказвае нам кепскую паслугу. Мы ўсяго баімся і змагаемся з дыктатураю так, каб ня дай Бог гэтая самая дыктатура не падумала, што мы ўсур’ёз зь ёю змагаемся.

Калі б Злучаныя Штаты гэтак жа змагаліся з тэрарыстамі, то ў Белым доме ўжо даўно сядзеў бы Бін Лядэн ці хто-небудзь падобны.

...Дзякуй амэрыканскаму народу за тое, што ягоныя лідэры не падмяняюць барацьбу за дэмакратыю наборам слоў”.

Шмат такіх і падобных пытаньняў і развагаў гучала летась, пасьля паразы апазыцыі на выбарах. Такія спасылкі і папрокі, зрэшты, гучаць кожны раз пасьля няўдачаў, калі настае час асэнсоўваць новыя рэаліі, шукаць прычыны, рабіць высновы. А высновы галоўным чынам падобныя і зводзяцца да нараканьняў на грамадзкую апатыю і палітычную несьвядомасьць.

Наш сталы слухач Віктар Скараход зь Менску бачыць і іншую прычыну:

“У далёкія часы майго школьніцтва мы, падлеткі, пацяшаліся з чэхаўскага “унтэра”, які на вуліцах свайго “акалотка” ў кожнай купцы людзей бачыў ворагаў улады і тут жа разганяў іх камандаю “Нар-р-од, р-р-азайдзісь!”

Тады нам думалася, што унтэр той — набытак расейскай гісторыі XIX стагодзьдзя, што ён адышоў навекі... Але мы памыліліся: сёньняшняя Беларусь наскрозь нашпігаваная такімі ж унтэрамі, якія сваімі дубінкамі ламаюць чарапы талерантным і годным беларусам на гарадзкіх пляцах і вуліцах; якія зьдзекуюцца над нацыянальнымі паважанымі пісьменьнікамі; пазбаўляюць нацыянальную Акадэмію навук яе права на самастойную дзейнасьць; пазбаўляюць Інстытут сацыялёгіі права на свабоднае апытаньне грамадзтва...

Такую разбуральную сілу займелі ў цывілізаваны час у Беларусі унтэры-невукі і фэльдфэбэлі-самадуры. А мы маўчым, церпім, а то й хвалім іх”.

Відавочна, спадар Віктар, ня ўсе маўчаць і ня ўсе хваляць. Тым больш, што эканамічныя ўмовы, у якіх даводзіцца жыць, мяняюцца, і гэта самым непасрэдным чынам адбіваецца на грамадзкіх настроях. Вось які ліст зь некаторымі назіраньнямі жыцьця ў правінцыі даслала Яўгенія Казлова з Воршы:

“Я часта размаўляю зь людзьмі. Адчуваецца, што жыцьцё пагаршаецца. Але ня ўсе разумеюць — чаму. Многія апасаюцца, што цяперашні кіраўнік правядзе яшчэ адзін рэфэрэндум, перапіша Канстытуцыю і зробіцца пажыцьцёвым дыктатарам.

Я ў роспачы. Баліць душа. У нас быў такі патэнцыял — а яго змарнавалі.

Што засталося ад беларушчыны!.. У дзіцячых садках (і то ня ў кожным) ёсьць гэтак званыя “беларускія куткі”. Беларушчыну яны загналі ў кут. Сымбалічна для сёньняшняга кіраўніцтва.

Няма духоўнай ежы ў дзяцей. За апошнія 6–8 гадоў значна пагоршылася і харчаваньне звычайнае. Я часта бываю ў садках па абавязках службы. Вывучаю мэню–раскладку. Дык вось, нормы харчаваньня заніжаныя, і ўсё роўна не вытрымліваюцца. Мяса і рыбу дзеці ў дзяржаўных садках (ад ГарАНА) атрымліваюць у лепшым выпадку раз на тыдзень. А бывае, што й па два тыдні няма ні мяса, ні рыбы. Нават бульбы сьвежай уволю няма, ня кажучы пра садавіну. Ужо нават стаіць пытаньне пра пераход на аднаразовае харчаваньне. А ў многіх сем’ях дзяцей няма чым карміць. Заробкі нізкія, ды й тыя выплочваюць нясвоечасова.

...Божа, дапамажы нам! Але Бог дапамагае тым, хто сам сабе ня вораг і хто змагаецца за лепшае, Боскае, сьветлае...”.

Так, спадарыня, Яўгенія, вы маеце рацыю, спадзявацца даводзіцца галоўным чынам на ўласныя сілы, уласнае імкненьне да справядлівасьці і годнага жыцьця. Абапіраючыся на разьняволеную асобу, на прыватную ініцыятыву, на асабістую зацікаўленасьць кожнага будавалі свой дабрабыт усе заходнія дзяржавы, у якіх сёньня дасягнутыя высокія стандарты жыцьця.

* * *
Па-ранейшаму значную частку нашай пошты складаюць лісты на тэму беларуска–расейскіх супярэчнасьцяў, разладу паміж Пуціным і Лукашэнкам. Разважае на гэтую тэму і Генадзь Банкевіч зь Менску:

“3 жніўня ў аглядзе пошты чуў меркаваньні слухача Кавешнікава наконт расейскай пагрозы для Беларусі. Абсалютна слушна. Я — таксама былы вайсковец, падпалкоўнік ваенна-паветраных сілаў. Ведаю на справе пра падступнасьць расейскага кіраўніцтва. Калі Расея сапраўды гэтак клапоціцца пра славянскае братэрства, дык чаму адразу не дапамагчы адшукаць зьніклых палітыкаў? Абавязкова трэба ехаць у Маскву і прасіць?

І чаму Пуцін летась падтрымаў пераабраньне Лукашэнкі? Адкуль ідзе пагалоска, што цяпер Расея хоча замяніць Лукашэнку? Нават калі гэта й так, то на ягонае месца яна паставіць ня лепшага. Бо Масква сьпіць і бачыць, як паглыне Беларусь, карыстаючыся бязьдзейнасьцю Захаду. Але чаму пра гэта маўчыць Беларуская Свабода?”

Генадзь Банкевіч таксама выказвае заўвагі да маіх камэнтароў:

“Камэнтары спадара Жданко вядуцца бяз клопату пра Беларусь, як быццам збоку. Між тым, рэдакцыя павінна, крытыкуючы, прапанаваць выйсьце са становішча тым, хто напісаў ліст у рэдакцыю. А пазыцыя рэдакцыі часам незразумелая”.

Я ня стаўлю на мэце, спадар Банкевіч, даваць гатовыя адказы на ўсе пытаньні, якія задаюць у сваіх лістах слухачы, ці ўказваць нейкае пэўнае, адзіна правільнае выйсьце са складаных жыцьцёвых сытуацыяў. Хоць бы з тае прычыны, што простых рэцэптаў вырашэньня складаных праблемаў найчасьцей не існуе, а самаўпэўненасьць і катэгарычнасьць — кепскія памочнікі ў любой размове — тым больш, у размове зь людзьмі, якім шчыра хочаш дапамагчы і якімі хочаш быць зразуметым. Я імкнуся разважаць разам з вамі, і ня думаю, што маю права павучаць або навязваць уласны пункт гледжаньня.

Адгукнуўся на апошнія скандальныя навіны ў беларуска–расейскіх стасунках і Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў:

“Лукашэнка дужа захапіўся гульнёй у інтэграцыю. Але ў палітыцы галоўнае — не гульня, а вынік. Вось ён гэты вынік і атрымаў ад прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Дзеля выратаваньня Беларусі, дзеля будучыні нашых дзяцей Лукашэнку трэба папрасіць прабачэньня ў народа і перадаць уладу сумленным і пісьменным апазыцыйным палітыкам. Яны вернуць Беларусі нашы нацыянальныя сымбалі, усталююць сувязі з ЗША, Эўразьвязам, NATO, а таксама нармалёвыя міждзяржаўныя дачыненьні з Расеяй. Адновяць эканоміку, дадуць людзям выбар працы, добрыя пэнсіі ды заробкі”.

Думаю, спадар Мікалай, вы і самі разумееце, што ў сёньняшніх умовах добраахвотная адмова Лукашэнкі ад улады выглядае немагчымай, неверагоднай. Ёсьць сумнеў нават у тым, што Лукашэнка пагодзіцца адысьці ад улады і ў 2006 годзе, пасьля 12-гадовага прэзыдэнцтва. Прынамсі, многія палітыкі і аналітыкі лічаць, што менавіта шляхам інтэграцыйнага будаўніцтва Лукашэнка імкнецца яшчэ больш падоўжыць сваё палітычнае панаваньне — калі не ў Беларусі, дык у гіпатэтычнай аб’яднанай дзяржаве.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікола Турыскі зь Віцебскай вобласьці, Сяргей Кавалёў зь Віцебску, Чэслаў Хвайніцкі са Смаргоні, Віктар Кавешнікаў і Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG