Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не пераможам, пакуль на вуліцы ня выйдзе ўвесь люд…”


Валянцін Жданко, Менск

Большая частка нашай пошты апошняга тыдня па-ранейшаму прысьвечаная беларуска-расейскім супярэчнасьцям. Ідэя, якую некалькі тыдняў таму агучыў расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін – пра скасаваньне незалежнай беларускай дзяржавы і ператварэньне яе ў шэсьць расейскіх абласьцей, а таксама наступная хваравітая рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі – выклікалі шмат слухацкіх ацэнак і прапаноў. Вось што напісаў нам з гэтай нагоды Ільля Копыл зь Менску:

"Мяне вельмі палохае і зьдзіўляе бесклапотнасьць і самазаспакоенасьць нашай беларускай творчай і палітычнай эліты, зь якімі яна ўспрыняла заяву Пуціна пра далучэньне Беларусі да Расеі шасьцю абласьцямі. У СМІ, у тым ліку і на Радыё Свабода, многія выступоўцы гэтую заяву Пуціна пачалі тлумачыць на свой лад, як каму падабаецца. Адны кажуць: Пуцін гаворыць адно, а думае зусім па-іншаму. Другія – што ён проста хоча перахапіць ініцыятыву інтэгратара. Трэція – што Пуцін хоча прымусіць Лукашэнку дакладна вызначыцца ў пытаньні аб'яднаньня... Я мяркую, што ўсе гэтыя выказваньні прытупляюць нашую пільнасьць.

Трэба зыходзіць з таго, што Пуцін сказаў тое, што сказаў. А выказаў ён тое, што хоча пачуць кожны расеец – ад прэзыдэнта да апошняга бамжа.

Народ любой іншай краіны, пачуўшы такое, як мы пачулі ад Пуціна 14-га жніўня, выйшаў бы на вуліцы і скінуў тое кіраўніцтва, якое гандлюе сваёй краінай. Грош цана апазыцыйным партыям, якія нават не паспрабавалі паклікаць народ на вуліцы. Эх, быў бы тут Зянон Пазьняк...

Што б зараз ні казаў Лукашэнка пра недапушчальнасьць анэксіі – мы ведаем, які кошт маюць ягоныя словы і запэўніваньні. Калі толькі ён апынецца ў такім жа бязвыходным становішчы, як, напрыклад, югаслаўскі дыктатар Мілошавіч – тут жа забудзе пра ўсе свае запэўніваньні.

Таму заклікаю ўсіх грамадзянаў Беларусі быць пільнымі і абараняць сваю Айчыну ўсімі магчымымі сродкамі".

Сапраўды, спадар Ільля, вельмі многія ўспрынялі словы Ўладзімера Пуціна не як рэальную пагрозу і не як замах на незалежнасьць Беларусі – а толькі як удалы тактычны ход у палітычнай гульні з Лукашэнкам. Паглядзіце: нацыянальна-патрыятычны пафас Лукашэнкі, ягоныя патэтычныя выказваньні пра недатыкальнасьць беларускай незалежнасьці і ганебнасьць памкненьняў Пуціна ня выклікалі колькі-небудзь прыкметнай кансалідацыі вакол яго нацыянальна-дэмакратычных сілаў. І на тое ёсьць простыя тлумачэньні. Вось што піша з гэтай нагоды Мікалай Слуцкі зь Менску:

"Я згодны са словамі спадара Хадыкі, якому спадабаліся выказваньні Пуціна, і з ацэнкамі спадара Ярашука пра тое, што цяпер пагроза незалежнасьці Беларусі стала нерэальнай. Пуцін адказваў на дэмагагічныя заявы Лукашэнкі пра тое, што Беларусь пойдзе ў справе саюзу з Расеяй гэтак далёка, як да таго гатова Расея. Пуцін у адказ зрабіў відавочна нерэальную, непрымальную для Беларусі і Лукашэнкі прапанову пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі. І тым прыціснуў Лукашэнку да сьцяны, прымусіў яго заявіць, што незалежнасьць Беларусі недатыкальная.

Сам Пуцін нядаўна пагадзіўся, што палова жыхароў Беларусі супраць уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі.

Нягледзячы на ўвесь дэмагагічны некампэтэнтны шум палітыкаў і мэдыяў у Беларусі і па-за яе межамі, відавочна, што Беларусь застанецца незалежнай. Галоўная задача – як пазбавіцца нелегітымнай гвалтоўнай дыктатуры, што чыніць шкоду эканоміцы, рэпутацыі, будучыні Беларусі".

Гісторыя зь беларуска-расейскім яднаньнем, відавочна, яшчэ будзе мець працяг. Але палітычны патэнцыял гэтай гульні ў асноўным ужо вычарпаны – ёю так доўга забаўляліся, вакол яе плялі так шмат інтрыгаў, стваралі міты, прыдумвалі рытуалы і клятвы – што ўрэшце яна надакучыла нават галоўным яе ўдзельнікам. Прынамсі, гэта датычыць расейскага боку. А безь яго гульня траціць усялякі сэнс – гэта ўсё роўна што гуляць у хакей з самім сабою.

Алесь Цадко з Маладэчна піша, што стала слухае Беларускую Свабоду з канца 1960-х гадоў, з таго часу, калі ва ўсю працавалі савецкія "глушылкі". Гэтым разам спадар Цадко разважае пра выбары ў мяцовыя саветы, што маюць адбыцца ўвесну наступнага году:

"Апазыцыйныя партыі на гэтыя выбары, хутчэй за ўсё, пойдуць – пад ціскам заходнеэўрапейскіх структураў. Але ці варта гэта рабіць, калі ўжо сёньня ясна, што выбары гэтыя рэжым будзе праводзіць у адпаведнасьці з даўно адпрацаванай бальшавікамі формулай "падман плюс гвалт".

…Апазыцыйныя сілы на месцах нешматлікія, а сям-там іх і зусім няма. Хтосьці зь мясцовых дэмакратаў, адчуўшы дух вечнага паражэнства, адышоў ад палітыкі; камусьці надакучылі пастаянныя кпіны з боку знаёмых і калегаў; хтосьці баіцца; хтосьці страціў працу... Паспрабуй уладкавацца на добрае месца ў малым горадзе. Які кіраўнік не пабаіцца на сваё ліха ўзяць апазыцыянера

Ёсьць варыянт, калі апазыцыя падтрымае незалежных кандыдатаў, як гэта рабіў БНФ у Маладэчне на пачатку 1990-х гадоў. Але баюся, што цяпер многія зь іх, баючыся страціць свае пасады, адмовяцца ад гэтай падтрымкі. Ды, як паказвае досьвед, многія абраньнікі пасьля перамогі адхрышчваюцца ад сваіх апекуноў.

Што ж рабіць? Замест гэтай гульні трэба рыхтаваць і шырока прапагандаваць восеньскі марш "Так жыць нельга-2" (а потым і 3, і 4...) – пакуль на вуліцы ня выйдзе ўвесь люд. Бо, як паказаў папярэдні марш (няхай і нешматлюдны) – на месцах ён з прычыны сваёй сацыяльнай акрэсьленасьці, зразумеласьці меў шырокі розгалас.

Цяпер надышоў такі час, калі народ чакае свайго абаронцу-адваката, за якім можна было б пайсьці".

Ня думаю, спадар Цадко, што эфэктыўнай і плённай можа быць толькі нейкая адна форма палітычнай барацьбы. Досьвед апошніх гадоў сьведчыць пра тое, што апазыцыі не прынёс вялікага посьпеху ні байкот выбараў, ні чынны ўдзел у іх. Але рана ці позна менавіта праз выбары (але выбары свабодныя, справядлівыя, дэмакратычныя) павінна адбыцца зьмена ўлады ў Беларусі.

Што да маршаў, то вы самі ж распавялі ў сваім лісьце пра тое, чаму яны ня могуць сёньня быць масавымі, асабліва ў рэгіёнах. Слабасьць дэмакратычных суполак, жорсткі перасьлед уладамі палітычнай апазыцыі, запалоханасьць людзей – гэта ня поўны пералік прычынаў...

На заканчэньне – ліст праваслаўнага сьвятара Арсеня Голубева зь вёскі Лапаравічы Менскага раёну:

"Тры гады таму я вярнуўся дамоў з Адэсы, дзе служыў у храме Ўсіх Расейскіх Новапакутнікаў. Да таго змусілі сямейныя абставіны – хвароба і старасьць маці. Грошы хутка скончыліся (было іх 200 даляраў). Неабходна было знайсьці працу. Зь міласьці Божай трапіў я на працу ў рэдакцыю "Вячэрняга Мінска" – раз на месяц рыхтаваць праваслаўную старонку "Звоньніца". А да таго была ў нас з уладыкам Філарэтам дамоўленасьць – што ўступлю я ў клір Мінскай епархіі і замяню аднаго сьвятара падчас ягонага навучаньня. Тады ж я паставіў сваю умову – прызначэньне павінна быць недзе недалёка ад маршруту майго аўтобуса, бо я штодня павінен быць дома, даглядаць маму.

Мінуў год, другі – прыходу я так і не атрымаў. Больш за тое – з 8-га па 12-ы мой прыезд у Мінскую епархію мне так і не ўдалося сустрэцца з уладыкам Філарэтам. Кожны раз мяне сустракаў сакратар Іарым (Хама) і казаў, што ўладыкі няма. Не было адказу і на два мае лісты.

Не змаўчу і пра наступнае. У рэдакцыі адказную за "Звоньніцу" Раісу Паўлаўну замучылі тэлефанаваньнямі. Званілі зь епархіі, званіў сьвятар айцец Мікалай з Заслаўя і па ягонай просьбе іншыя людзі – прасілі, каб мяне адхілілі ад працы, бо я ня маю блаславеньня ўладыкі Філарэта. Я мусіў сысьці, каб не пакутавалі іншыя.

Але за што гэтая траўля? Не, каб дапамагчы – яны падалі мне камень замест хлеба і зьмяю замест вады. І гэта духоўныя настаўнікі, пастыры Божыя. Да таго ж, я – клірык Рускай Праваслаўнай Замежнай Царквы. Вось дзе, калі на тое пайшло, павінен быў бы я браць блаславеньне. Апроч усяго, "Вячэрні Мінск" – не царкоўная газэта, а дзяржаўная".

У асаблівых камэнтарах гэты ліст, на маю думку, патрэбы ня мае. Нават калі зь якіх-небудзь прычынаў кіраўніцтва епархіі адмовілася ад сваіх ранейшых абяцаньняў і раздумала даваць прыход сьвятару – ён меў права атрымаць пэўны і аргумэнтаваны адказ. А ня езьдзіць безвынікова на прыём да Філарэта 12 разоў, кожны раз атрымліваючы адказ, што таго нібыта няма на месцы.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў, Ніна Ярмалінская з Салігорску, Алесь Недабіты, Аксана Новікава і Канстанцін Міронаў – зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG