Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Змагацца зараз з Лукашэнкам – значыць, змагацца супраць незалежнай Беларусі...”


Валянцін Жданко, Менск

Амаль ва ўсіх лістах, дасланых нам на мінулым тыдні, у той ці іншай форме абмяркоўваецца ідэя, якую некалькі дзён таму агучыў расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін – пра скасаваньне незалежнай беларускай дзяржавы і ператварэньне яе ў шэсьць расейскіх абласьцей. Слухачы адрэагавалі на гэта супярэчлівымі ацэнкамі і прапановамі. Да прыкладу, Віктар Кавешнікаў зь Менску лічыць, што ў такіх умовах перад пагрозаю расейскай анэксіі трэба забыцца на ўсе крыўды і аб’яднацца вакол Аляксандра Лукашэнкі, які, на думку слухача, ёсьць цяпер абаронцам і гарантам незалежнасьці:

“Беларуская апазыцыя ў такіх умовах павінна падтрымаць прэзыдэнта Беларусі – лепей “трасянкавая” незалежнасьць, чым “кіраваная” дэмакратыя ад расейскага ФСБ. Я таксама за дэмакратыю, але за дэмакратыю для беларусаў, а не безь беларусаў.

Нацыянальная катастрофа, якая набліжаецца, патрабуе забыцца пра зьніклых палітыкаў – лёс нацыі важнейшы. Вашае радыё і дэмакратычныя газэты павінны перастаць рабіць з прэзыдэнта маргінала. Змагацца зараз з Лукашэнкам – значыць, змагацца супраць Беларусі. Калі прэзыдэнт атрымае гарантыі асабістай бясьпекі з боку апазыцыі і з боку Захаду – толькі тады ён стане сапраўды незалежным ад Масквы. Лукашэнка ня вечны, але наша краіна і наша незалежнасьць павінны быць вечнымі.

Вашыя нэйтральныя камэнтары наконт расейскай акупацыі – гэта не паліткарэктнасьць, а дапамога ў зьнішчэньні беларускай дэмакратыі і правоў беларусаў, якія вы нібыта абараняеце. Нарэшце, варта даць слова на вашых хвалях Зянону Пазьняку.

...Расейскія акупанты не задаволяцца адной Беларусьсю – перад імі адчыніцца ўся Эўропа. Крэмль будзе падпарадкоўваць Эўразьвяз звыклымі мэтадамі – эканамічным шантажом і палітычнымі правакацыямі.

Аншлюс Аўстрыі скончыўся 2-й усясьветнай вайною. Чым скончыцца аншлюс Беларусі?”

Мне ўжо даводзілася, спадар Кавешнікаў, выказвацца наконт магчымасьці ператварэньня Аляксандра Лукашэнкі ў абаронцу незалежнасьці. На маю думку, тут варта памятаць, чаму ўзьнікла сама гэта праблема? Ці існавала б яна ўвогуле, каб ня восем апошніх гадоў няспынных палітычных гульняў у аб’яднаньне? І ўрэшце, хто распачаў і вёў гэтыя гульні? Да таго ж, Лукашэнка і сёньня зусім ня супраць аб’яднаньня з Расеяй (а значыць, і фактычнага зьнішчэньня незалежнай беларускай дзяржавы). Ён толькі супраць той формы, пры якой асабіста яму і ягонаму атачэньню ня знойдзецца месца ля руля гэтай новай гэтак званай “саюзнай” дзяржавы – а фактычна – пашыранай расейскай імпэрыі.

І няма ніякіх падставаў дзеля таго, каб забываць і дараваць усе тыя цёмныя плямы, якія азмрочваюць беларускую гісторыю апошніх гадоў – у тым ліку і лёсы зьніклых беларускіх палітыкаў.

Зусім іншы, чым у Віктара Кавешнікава, погляд на расейска-беларускі разлад у нашай слухачкі Аксаны Новікавай зь Менску:

“Гэта – звычайная гэбэшная правакацыя з мэтаю надаць Лукашэнку імідж змагара за нацыянальную незалежнасьць і тым самым выбіць глебу з-пад ног у тых, каго яны называюць “нацыяналістамі”. Мэта – яшчэ большы раскол і без таго расколатага апазыцыйнага лагера. Ад апазыцыянэраў чакаюць, што частка зь іх (дэмаралізаваная) увогуле пачне падтрымліваць “бацьку” ў ягонай “барацьбе за незалежнасьць”; частка пачне даказваць, што незалежнасьць, за якую яны змагаюцца – іншая... А электарат, чарговы раз зьбіты спанталыку, з энтузыязмам будзе пляскаць у ладкі “змагару за незалежнасьць”.

Больш важнае наступства – тое, што Захад вымушаны будзе салідарызавацца з наваяўленым незалежнікам Лукашэнкам. А гэта – крок да прызнаньня. Часам падобныя манэўры ўдаваліся Лукашэнку.

Кадравы КГБэшнік Пуцін разумее, што ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі шасьцю абласьцямі, нават шляхам рэфэрэндуму, зь нелегітымным рэжымам – такое ж нелегітымнае, як сам рэжым. Доўгачасовыя наступствы таксама сумнеўныя – аж да партызанскай вайны пад кіраўніцтвам ужо ня гэтых лідэраў. І галаўны боль будзе нашмат большы, чым цяпер.

Усё гэта ёсьць спробаю ўмацаваць беларускі рэжым, а не дэстабілізаваць яго”.

Ня думаю, Аксана, што ўлада мае цяпер вострую неабходнасьць у яшчэ большым расколе апазыцыйных сілаў і дзеля гэтага гатовая на такія рызыкоўныя інтрыгі, пра якія вы пішаце, і нават на істотнае пагаршэньне дачыненьняў з Масквою. Не даводзіцца чакаць і кардынальных зьменаў у стаўленьні Захаду да рэжыму Лукашэнкі. Зусім не антырасейская рыторыка і не раптоўныя незалежніцкія лёзунгі ёсьць для Лукашэнкі пропускам у Эўропу. І няма ніякіх падставаў дзеля таго, каб меркаваць, што ранейшыя ўмовы Захаду зьмяніліся пасьля таго, як Лукашэнка пасварыўся з Пуціным.

Наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску адгукнуўся на ліст магілёўца Паўла Лупсякова, які прагучаў на хвалях Свабоды 26 ліпеня. Павал Лупсякоў заклікаў усіх, каму дарагая незалежнасьць Беларусі, аб’яднацца вакол Лукашэнкі і ўсяляк дапамагаць яму у барацьбе з ворагамі незалежнасьці. Спадар Павал таксама лічыць, што “калі-небудзь на пляцы Незалежнасьці ў Менску насупраць помніка Леніну абавязкова будзе стаяць помнік першаму прэзыдэнту”.

Адметна, што гэты ліст быў агучаны за некалькі тыдняў да скандальнай прапановы Пуціна і наступных незалежніцкіх выказваньняў Лукашэнкі. Тады, 26 ліпеня, мы казалі пра тое, што ініцыяваная Лукашэнкам кампанія інтэграцыі прынесла зусім ня той плён, на які ён разьлічваў, і што, сапраўды, настаў час, калі выглядае зусім верагодным паступовы вымушаны пераход Лукашэнкі на пазыцыі прыхільніка незалежнасьці Беларусі. Але гэта зусім не азначае, што можна перагледзець і забыць усю папярэднюю нядаўнюю гісторыю – маршы Свабоды за незалежнасьць супраць саюзу з Расеяй, якія гвалтам разганяла ўлада; забарону нацыянальнай і аднаўленьне савецкай дзяржаўнай сымболікі; разгон дэмакратычна абранага парляманту...

Ільля Копыл, палемізуючы з Паўлам Лупсяковым, піша:

“Вы скардзіцеся, што на Лукашэнку нападаюць з усіх бакоў, што Беларусь засталася адна ў гэтым “бязьлітасным сьвеце капіталу і нажывы”... Але гэта ня так – ёсьць жа і іншыя краіны-ізгоі – Ірак з Садамам Хусэйнам, Куба з Фідэлям Кастра, Паўночная Карэя з Кім Чэн Ірам, Лівія з Муамарам Кадафі...

Лукашэнка не ў ізаляцыі, а ў самаізаляцыі. Гэта вынік ягонай папулісцкай барацьбы з пасламі за Дразды, з апазыцыяй, з незалежнымі мэдыямі, з NATO, з Эўразьвязам і гэтак далей... Барацьба з кім-небудзь – гэта ягоны натуральны стан. За восем гадоў прэзыдэнцтва ён больш нічаму не навучыўся.

14 жніўня, калі Пуцін параіў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі шасьцю абласьцямі, Лукашэнка ў адказ у прысутнасьці Пуціна нічога не сказаў. Вось вам і барацьбіт за незалежнасьць. Штосьці ўжо прамовіў толькі пасьля прылёту ў Менск.

А калі першаму прэзыдэнту Беларусі і паставяць помнік, то людзі ўскладуць да яго вянок з калючага дроту, як клалі ў свой час да помніка Леніну”.

Сапраўды, спадар Копыл, у прысутнасьці Пуціна 14 жніўня Лукашэнка змаўчаў, але, будзем аб’ектыўнымі, прыляцеўшы ў Менск, ён апошнім часам ледзь не штодня вяртаецца да гэтай тэмы і даволі рэзкі ў выказваньнях. Прапановы Пуціна ўжо названыя і непрымальнымі, і зьняважлівымі, і абсурднымі – нават такімі, да якіх не дадумаліся Ленін і Сталін.

На заканчэньне – ліст ад Марыі Леваценкі з Бэльгіі, зь мястэчка Сант-Ніклаас:

“Ужо на працягу пяці месяцаў штодня адкладваю ўсе справы, сустрэчы на дзьве гадзіны, каб нішто мне не перашкаджала і не адцягвала ўвагі ад тых падзеяў, што адбываюцца на Радзіме. Пра іх я даведваюся з перадачаў Свабоды. Я ўжо сем месяцаў за межамі Беларусі, а душа, сэрца, пачуцьці, думкі – усё засталося там. Дзякуючы вам, не адчуваю інфармацыйнага голаду. Усё пачутае прапускаю праз сябе – то сьмяюся, то плачу, то спачуваю, то абураюся, то пратэстую, то ганаруся.

Зусім ня згодная зь Ільлём Копылам, які крытыкуе сынхронны пераклад расейскамоўных удзельнікаў перадачаў. Лічу вашыя дзеяньні слушнымі. Сорамна мусіць быць тым беларусам, якія на працягу свайго жыцьця так і не навучыліся карыстацца роднай моваю.

Беларуская Свабода ёсьць часткаю маёй сапраўднай краіны пад назваю Беларусь. Вы дапамагаеце мне сьвята верыць у перамены да лепшага – усяго беларускага грамадзтва, усёй краіны. Я спадзяюся, што дажыву да тых часін, калі кожны беларус будзе ганарыцца роднай моваю, а не саромецца размаўляць па-беларуску”.

Дзякуй, спадарыня Марыя, за добрыя словы і за такую высокую ацэнку нашай працы.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Валеры Марозаў з Магілеву і Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Удзячныя усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG