Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прымусовая дабрачыннасьць — галоўная рыса беларускай эканомікі”


Валянцін Жданко, Менск

Тэма, якая ўжо цягам многіх гадоў у тым ці іншым выглядзе закранаецца амаль у кожным лісьце нашых слухачоў — беларуска-расейскія дачыненьні, бясконцыя палітычныя гульні на гэтым полі, шматгадовая кампанія пабудовы “саюзнай дзяржавы”. Ліст на гэтую тэму Леаніда Бялькевіча зь Менску, зь якога я пачну нашу сёньняшнюю размову, прыйшоў некалькі тыдняў таму, яшчэ да таго, як сталі вядомыя вынікі апошняй сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі. Слухач піша:

“Вы ўсё лаеце Лукашэнку за тое, што ён нібыта хоча “здаць” незалежнасьць. Кіньце! Беларусь на сёньня значна больш незалежная, чым Літва, Латвія, ці Польшча. Няхай паспрабуе Квасьнеўскі ці Адамкус хоць слова сказаць насуперак палітыкі NATO, Эўразьвязу ці Амэрыкі. Ды ніколі — бо яны цалкам залежныя ад Эўропы і Злучаных Штатаў.

А Лукашэнка што захоча — тое і скажа і пра NATO, і пра Буша вашага. Ён і з Пуціным ня надта цацкаецца. Распачаў Пуцін папракаць Лукашэнку ды абвінавачваць немаведама ў чым — атрымаў дастойны адказ годнага чалавека: ніколі ня будзе Беларусь суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі. Ды такога прэзыдэнта ўсе незалежнікі павінныя на руках насіць. Ваш Пазьняк даўно б ужо “здаў” Беларусь Захаду, і былі б мы беднай эўрапейскай ускраінай, сьметнікам для нізкаякасных прадуктаў і тавараў.

Апошнім часам падобныя ацэнкі гучаць усё часьцей. І падзеі нібыта пацьвярджаюць іх: у мінулы чацьвер у менскім аэрапорце Лукашэнка сапраўды выглядаў незалежнікам, калі катэгарычна адвяргаў прапанову Пуціна. Але паспрабуем разабрацца, чаму стала магчымай такая прапанова — пра паглынаньне Беларусі Расеяй, ператварэньне незалежнай краіны ва ўскраіну імпэрыі.

Сапраўды, немагчыма ўявіць, каб падобнае было прапанавана, напрыклад, Літве, Украіне ці Польшчы. Сама такая прапанова з вуснаў прэзыдэнта ёсьць прыніжальнай, абразьлівай для народу, якому адрасуецца. Але першапрычынай таго, што яна зьявілася, стала палітыка самога Лукашэнкі, ягоныя навязьлівыя прапановы Маскве, ягонае відавочнае жаданьне атрымаць дывідэнды на расейскім палітычным полі. І ён, як кажуць цяпер, атрымаў адэкватны адказ: яго загналі ў кут ягонымі ж мэтадамі. Наўрад ці Пуцін спадзяваўся, што ягоны сцэнар будзе прыняты. Аднак папрокі Лукашэнкі пра тое, што Расея не жадае ствараць адзіную дзяржаву, пасьля ўсяго гэтага наўрад ці будуць гучаць пераканаўча.

У лісьце Ільлі Копыла зь Менску таксама закранаецца тэма беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў і некаторых адметнасьцяў палітыкі маскоўскага кіраўніцтва. Ільля Копыл піша:

“Мне сьмешна, калі я чую словы асуджэньня тэрарызму з вуснаў такіх асобаў як Ясір Арафат, Муамар Кадафі, Фідэль Кастра ці Аляксандар Лукашэнка. У гэты сьпіс я, дарэчы, без ваганьняў паставіў бы і Ўладзімера Пуціна. Ён, як ніхто іншы, скарыстаў тэракт супраць ЗША ў сваіх ўласных мэтах, дзеля вырашэньня чачэнскага пытаньня. Калі раней яму ўдавалася зь вялікімі цяжкасьцямі даказваць кіраўнікам іншых краінаў, што ў Чачэніі ён ваюе не з вызвольнай чачэнскай арміяй, а з тэрарыстамі, дык пасьля тэракту рукі ў яго сталі разьвязаныя, і ён гатовы весьці вайну да апошняга чачэнца. Ён так і робіць. Вядзецца суцэльнае вынішчэньне чачэнскага мужчынскага насельніцтва. Тэрарыстамі аб’яўленыя нават дзеці, пачынаючы з шасьцігадовага ўзросту.

Пуцін вядзе двайную гульню. Як можна адначасова гаварыць аб разьвіцьці дэмакратыі і ствараць саюз зь беларускім дыктатарскім рэжымам, апраўдваць злачынныя дзеяньні Ясіра Арафата, Садама Хусэйна, а раней — і Слабадана Мілошавіча? Калі Пуцін быў зь візытам у Польшчы, дык заявіў, што, маўляў, нельга ставіць на адну дошку масавыя забойствы людзей нямецкімі фашыстамі й расстрэл палонных палякаў (і беларусаў, дарэчы таксама) у Катыні савецкімі карнымі органамі ў 1940 годзе. Можа, Пуцін лічыць, што, атрымліваючы кулю ў патыліцу не ад немца, а ад савецкага энкавэдыста, палякі адчувалі задавальненьне?

І Пуцін жа абараняе карніка-партызана Конанава, які асуджаны ў Латвіі за забойствы мірных грамадзянаў. Дык хто ён, Пуцін — прыхільнік дэмакратыі ці заступнік тэрарыстаў?” — задае пытаньне наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску.

Думаю, спадар Ільля, цяперашняга кіраўніка Расеі нельга назваць узорам дэмакратычнага лідэра (некаторыя прычыны гэтага вы самі назвалі), але нельга лічыць і заступнікам тэрарыстаў. З пункту гледжаньня заходніх стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека, да палітыкі Пуціна, сапраўды, можна прад’явіць шмат прэтэнзіяў.

Хоць, з другога боку, нельга ня ўлічваць, што гісторыя Расеі, мэнталітэт расейскага насельніцтва, расейскія палітычныя традыцыі ня дужа спрыяюць імкліваму стварэньню грамадзянскай супольнасьці і прававой дзяржавы. Але параўнайце палітычныя рэжымы, сытуацыю са свабодай слова ды іншымі грамадзянскімі правамі ў Расеі і Беларусі. Зусім відавочна, на чыю карысьць будзе параўнаньне.

Віктар Баранаў з Рагачова напісаў свой ліст пад уражаньнем нядаўняй “бітвы за ўраджай”. Слухач піша:

“Ва ўсіх іншых краінах жніво, а ў Беларусі — палітычны спэктакль. Калі збожжавыя ўжо пасьпелі і калгасы пачалі іх убіраць, Аляксандар Рыгоравіч раптам аб’яўляе надзвычайнае становішча, паказвае на ўсю краіну сэлектарную нараду, лае сваіх чыноўнікаў. Дзеля чаго ён гэта робіць? Напэўна, дзеля таго, каб паказаць усім сваю значнасьць — глядзіце, маўляў, безь мяне нічога тут ня зрушыцца зь месца.

Я так лічу: кепская ацэнка ўраду — гэта найперш кепская ацэнка самому прэзыдэнту. А ён усім сваім ўрадам увесь час дае такія ацэнкі, накіроўвае іх у адстаўку, а сам ніякай адказнасьці не нясе. Суседнія краіны даўно пайшлі наперад, а мы ўсё марым, калі ж у нас будзе стодаляравая зарплата. Ёсьць сродкі на лядовыя палацы, на славянскія базары, а вось на зарплату грошай няма.

Лічыцца, што бітва за ўраджай пасьпяхова завершаная. І ніхто ня кажа, што ў нас, на ўсходніх тэрыторыях, усё выгарала ад засухі. Ясна, што кошты на харчаваньне будуць высокія. А ўлады нічога ня робяць, каб яны зьніжаліся. Днямі размаўляў з прадаўцом прыватнай крамы. Высьветлілася, што гомельскія ўлады забараняюць купляць больш танныя харчы ў іншых рэгіёнах рэспублікі, прымушаюць купляюць сваё, мясцовае. Дзеля чаго ўсё гэта робіцца?” — пытаецца Віктар Баранаў з Рагачова Гомельскай вобласьці.

Вырашэньне эканамічных праблемаў шляхам правядзеньня надзвычайных кампаніяў — ня ёсьць вынаходзтвам Аляксандра Лукашэнкі. Усе гэтыя “бітвы за ўраджай”, “працоўныя вахты”, “пяцігодкі якасьці” — савецкі прапагандысцкі арсэнал. Неэфэктыўная савецкая эканоміка мела вострую патрэбу ў рэфармаваньні. Савецкія лідэры гэта ўсьведамлялі, але замест рэальнага рэформаў, якіх баяліся, спадзяваліся на адміністратыўныя рычагі ды гэтую так званую “мабілізацыю мас” пад сьцягамі разнастайных кампаніяў.

Магчыма, на першым часе, у 20-30-я гады эксплюатацыя энтузіязму і давала нейкі плён — былі стаханаўцы, былі камуны, якія, зрэшты, хутка разваліліся. Але пазьней, у брэжнеўскю эпоху, усе гэтыя кампаніі ператварыліся ў аб’ект кпінаў і цікавілі хіба толькі тых, хто прафэсійна займаўся палітычнай агітацыяй і атрымліваў за гэта грошы. Казаць пра які-небудзь рэальны эканамічны эфэкт гэтых кампаніяў не выпадала. Наступны эканамічны крах савецкай імпэрыі толькі пацьвердзіў гэта.

На заканчэньне — ліст Аксаны Новікавай зь Менску, якая разважае ў сваім лісьце пра інвэстыцыйны клімат у Беларусі, і ў прыватнасьці — пра канфлікт паміж “МакДональдзам” і Белдзяржунівэрсытэтам, які гвалтам вырашыў пабудаваць на тэрыторыі рэстарана свой навучальны корпус. Аксана з гэтай нагоды піша:

“Складана нават уявіць, што былы камсамольскі функцыянэр Казулін, вядомы тым, што заўсёды “вагаўся разам з генэральнай лініяй”, з уласнай ініцыятывы мог раптам, так бы мовіць, “наехаць” на “МакДональдз”, які ёсьць адным з найбуйнейшых інвэстараў у Беларусі. У беларускіх умовах гэта азначае, што ў рэктара Казуліна існуе дамоўленасьць калі не з самім Лукашэнкам, дык з кім-небудзь з уплывовых чыноў адміністрацыі.

Беларусь — дзяржава бедная і карумпаваная. Грошы ў казьне тут скончыліся яшчэ пазаўчора — з прычыны адпаведнага гаспадараньня. У выніку квітнее так званая прымусовая дабрачыннасьць — падатак няпэўнага памеру, які накладваецца тут на ўсіх, хто спрабуе хоць нешта рабіць.

Згадаем кіёскі, якія можна было паставіць, купіўшы іх толькі ў пэўнай фірмы і папярэдне абсталяваўшы аўтобусны ці тралейбусны прыпынак. Згадаем касавыя апараты, з прычыны якіх пэрыядычна страйкуюць прадпрымальнікі. Гучыць нібыта прыгожа: касавыя апараты патрэбныя, каб засьцерагчыся ад тых, хто імкнецца схавацца ад падаткаў.

Але і падаткавікі, і самі прадпрымальнікі выдатна ведаюць, што сёньня ў Беларусі ад касавых апаратаў падаткі не ўзрастуць. Расьці ім няма з чаго: купляюць людзі мала, грошай няма. Вось і атрымліваецца, што пакупка гэтых самых касавых апаратаў у вызначаных уладамі фірмаў — гэта проста дадатковы разавы падатак.

Мэр Менску Паўлаў (і, вядома, ня толькі ён) паслухмяна выконвае ўсе распараджэньні Лукашэнкі, рэалізуе ягоныя “мэгапраекты” ва ўмовах неэфэктыўнай эканомікі. Без прымусовых ахвяраваньняў тут не абысьціся. Таму складана сказаць, на каго і ў якой форме можа быць накладзены чарговы падатак. У гэтых сытуацыях улады спалучаюць бізун і пернік, так званыя “асабістыя гарантыі” і адкрыты падман. Тыя інвэстары, якія працуюць ці зьбіраюцца працаваць у Беларусі, ведаюць пра гэты фактар і ўлічваюць яго, а дзе нельга ўлічыць — спадзяюцца дамовіцца з уладамі. У асноўным і дамаўляюцца. Але бываюць і такія выпадкі, як цяпер з “МакДональдзам”, — напісала Аксана Новікава зь Менску.

Відавочна, спадарыня Аксана, вы знутры ведаеце ня вельмі бачную звонку сыстэму дачыненьняў паміж прыватным бізнэсам і ўладай. Чым больш дзяржава заціскае прыватную ініцыятыву, тым больш узьнікае ў чыноўнікаў магчымасьцяў для злоўжываньняў і карупцыі.

Пра сапраўдныя маштабы карупцыі ў Беларусі можна толькі здагадвацца. І здагадацца няцяжка. Афіцыйныя заробкі нават высокапастаўленых чыноўнікаў вымяраюцца некалькімі сотнямі даляраў, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю ім забаронена. Між тым, пераважная большасьць іх жыве ва ўласных загарадных катэджах коштам некалькі соцень тысяч даляраў і езьдзіць на дарагіх лімузынах. І вынішчыць гэтую зьяву толькі з дапамогай татальных праверак немагчыма — найперш неабходна зьнішчаць глебу карупцыі. А такой глебай ёсьць бяспраўе прыватнага прадпрымальніка і неабмежаваная ўлада чыноўніка.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Яўгенія Казлова з Воршы, Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў, Віктар Кавешнікаў зь Менску, Алесь Цадко з Маладэчна, Арсені Голубеў зь вёскі Лапаравічы Менскага раёну і Ўладзімер Мартыненка зь вёскі Яхімаўшчына Маладэчанскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG