Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няхай Расея спачатку навядзе парадак у сваёй імпэрыі”


Валянцін Жданко, Менск

Вельмі часта падставай для лістоў на Свабоду становяцца пачутыя на нашых хвалях паведамленьні і меркаваньні, зацікаўленае стаўленьне да якіх і змушае слухачоў брацца за паперу і аловак.

Да прыкладу, апошнія месяцы мы ня раз распавядалі пра становішча ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў. Спачатку ў Саюзу адабралі Дом літаратара, потым гвалтам зьмянілі кіраўніцтва літаратурна-мастацкіх часопісаў, па сутнасьці зьнішчыўшы гэтыя выданьні ў іхным ранейшым выглядзе. Цяпер дайшло да расколу ў самім пісьменьніцкім саюзе.

Наша сталая слухачка Ніна Ярмалінская з Салігорску з гэтай нагоды піша:

“З выступу Вольгі Іпатавай на Радыё Свабода даведалася пра новыя зьдзекі ўладаў з Саюзу пісьменьнікаў. То адбіралі памяшканьні і не плацілі заробкі, а то зараз апісваюць маёмасьць. У якой яшчэ дзяржаве такое стаўленьне да пісьменьнікаў і паэтаў, да нацыянальнай асьветы, культуры і адукацыі?

Усё гэта мне нагадвае падзеі, зьвязаныя зь Сяргеем Антончыкам, калі рэжым помсьціў за ягоны антыкарупцыйны даклад. Зараз Лукашэнка помсьціць Саюзу пісьменьнікаў – за творчасьць, за беларускую мову, за нацыянальную ідэю.

Саюз пісьменьнікаў – наша нацыянальная каштоўнасьць. Таму зьвяртаюся да ўсіх з заклікам абараніць яго. Абараняючы Саюз пісьменьнікаў, мы абараняем сябе, сваю чалавечую і нацыянальную годнасьць, выступаем супраць зьнявагі і нацыянальнай дыскрымінацыі”.

Пісьменьніцкі саюз, спадарыня Ніна, як і іншыя творчыя саюзы, ствараўся ў камуністычную эпоху – галоўным чынам дзеля таго, каб ажыцьцяўляць пільны ідэалягічны кантроль над пісьменьнікамі ды іншымі творцамі. Іншая рэч, што на пачатку 90-х гадоў ён выйшаў з-пад гэтага кантролю, а Лукашэнкава адміністрацыя такі кантроль вярнуць ня здолела, хоць увесь час спрабуе і працягвае спрабаваць дамагчыся гэтага.

У абароне і падтрымцы, відавочна, мае патрэбу ня столькі саюз, колькі самі пісьменьнікі – тая іхная частка, якая не зьбіраецца ісьці на паклон да ўлады і застаецца вернай свайму пісьменьніцкаму і грамадзянскаму абавязку.

Былы савецкі і беларускі вайсковец Ігар Жураўлёў, пераехаўшы ў Літву, у горад Іанава, ня можа атрымліваць пэнсію – беларускія ўлады адмаўляюцца гэта рабіць, хоць, да прыкладу, былыя расейскія вайскоўцы ў краінах Балтыі атрымліваюць пэнсіі з расейскага бюджэту. Спадар Жураўлёў з гэтай нагоды піша:

“Я, грамадзянін Беларусі, як і многія грамадзяне Расеі, якія жывуць у Літве і Калінінградзкай вобласьці – за як мага больш хуткую і поўную пабудову саюзнай дзяржавы. З усіх прычынаў скажу пра самую для сябе прагматычную. Без саюзнай дзяржавы ад такога кіраўніцтва Беларусі пенсіяў нам не дачакацца яшчэ гадоў пяць-дзесяць. А так ёсьць невялікая надзея. А грамадзяне Расеі спадзяюцца, што ў саюзнай дзяржаве ім не давядзецца плаціць 25 даляраў за транзытны праезд па тэрыторыі Беларусі.

Хацелася б даведацца, чаму паміж заявамі прэзыдэнта Беларусі і меркаваньнем беларускага Саўміну ў пытаньні пра выкананьне Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы такая розьніца. На больш чым дзесяць маіх зваротаў на імя Лукашэнкі я не атрымаў ніводнага адказу. Напэўна, адзін з аснаватворных прынцыпаў Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы – павага да правоў чалавека – ня самы галоўны ў працы адміністрацыі беларускага прэзыдэнта”.

Дзеля таго, каб атрымліваць заробленую пэнсію, спадар Жураўлёў, зусім не абавязкова будаваць саюзную дзяржаву. Дастаткова таго, каб дзяржава як належыць ставілася да сваіх грамадзянаў – незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Сваю пэнсію вы зарабілі і маеце на яе права, нават пераехаўшы жыць за мяжу.

Але беларускія ўлады па старой савецкай завядзёнцы імкнуцца эканоміць на вас і на такіх, як вы. Практыка абсурдная і несправядлівая. Але тое, што вы не атрымліваеце адказу на свае звароты да найвышэйшых беларускіх кіраўнікоў, сьведчыць пра тое, што практыка гэтая ўхваленая і падтрымліваецца “зьверху”.

Мікалай Іваноўскі з Горадні піша:

“Вось ужо больш як восем гадоў Лукашэнка ня можа дамовіцца з Украінай наконт яе даўгоў Беларусі – гэта нешта каля ста мільёнаў даляраў. А ў адносінах з Расеяй Беларусь штогоду губляе каля мільярда даляраў – і Лукашэнка церпіць, бо Крэмль заахвочвае ягоныя махінацыі ўнутры Беларусі з выбарамі, ды і ў міжнародных адносінах.

Расейскія шавіністы, камуністы ды іхныя памагатыя часта кажуць, што без Расеі, маўляў, Беларусь ня выжыве, бо ў яе мала энэрганосьбітаў. Гэтую хлусьню трэба часьцей выкрываць, чаго, на жаль, ня робяць нават незалежныя газэты і вы, Радыё Свабода...

У розныя гады Лукашэнка па-рознаму казаў пра форму саюзу Беларусі й Расеі, але найчасьцей паўтараў, што гэта павінна быць нешта накшталт Савецкага Саюзу, але яшчэ больш цеснае. Але ўсе памятаюць, што гэта быў за саюз. Некаторыя кажуць, што ў складзе СССР невялікія рэспублікі “расьцвілі” ў эканамічных ды культурных адносінах. Але возьмем, да прыкладу, Якуцію. Яе землі багатыя вуглем, алмазамі, золатам, лесам, футрам. Усё гэта бессаромна забіралі маскоўскія правадыры, а якуты жылі й жывуць у беднасьці, і іх становіцца ўсё менш. Такое будзе і зь Беларусьсю.

Цяпер усё больш беларусаў, палякаў выступаюць супраць аб’яднаньня з такой Расеяй і хочуць жыць сваім розумам, паводле ўласных законаў. Няхай Расея лепш навядзе парадак у сваёй імпэрыі і пачынае няхай з саюзу з Чачэніяй, дзе ўжо больш як дзесяць гадоў топіць у крыві рух чачэнскіх барацьбітоў, якія адстойваюць незалежнасьць сваёй краіны”.

Тое, што Беларусь здольная існаваць і разьвівацца як самастойная незалежная дзяржава – сёньня ўжо ня мае патрэбы ў доказах і пацьверджаньнях, спадар Іваноўскі. Як няма сэнсу сёньня выкрываць тых, хто прагне рэваншу і трызьніць пра аднаўленьне Савецкага Саюзу.

Дарэчы, пра савецкую мадэль не адважваецца ўжо гаварыць нават Аляксандар Лукашэнка – памятаеце, якую спрэчку выклікала цьверджаньне Ўладзімера Пуціна пра тое, што Лукашэнка хоча стварыць нешта накшталт Савецкага Саюзу. Так што вашыя папрокі на наш адрас наконт гэтага наўрад ці справядлівыя – праблема гэтая засталася хутчэй у мінулым.

Ліст ад супрацоўнікаў аднаго са шпіталяў Берасьця. Ліст не падпісаны, таму называць шпіталь і прозьвішча галоўнага лекара не выпадае. Тым ня менш, ліст я цытую, бо ў ім, на маю думку, досыць цікава адлюстраваныя норавы, якія пануюць цяпер у сфэры дзяржаўнай мэдыцыны. Ананімныя аўтары пішуць:

“У нашага галоўнага лекара сёлета юбілей. З гэтай нагоды з усіх загадчыкаў аддзяленьняў шпіталю і паліклінікі ў загадным парадку на сьвяткаваньне зьбіралі па 20 даляраў, а са старшых мэдсясьцёр – па 10 тысяч рублёў. У рэстаране на вакзале адбыўся банкет, на якім прысутнічалі 125 чалавек (гэта пры тым, што зарплата ў галоўнага лекара – 116 тысяч).

Мы напісалі скаргу – прыехаў правяральшчык. Але ён замест каб пагутарыць з работнікамі шпіталю сам-насам, разам з адміністрацыяй па адным выклікаў загадчыкаў аддзяленьняў , і яны пісьмова павінныя былі пісаць абвяржэньні – нібыта збор грошай не праводзіўся. Але няўжо людзі, якія цалкам залежныя ад галоўнага лекара і баяцца страціць працу, маглі ў такой сытуацыі паступіць па-іншаму?

Галоўны лекар езьдзіць на нарады ў Менск на службовай машыне, хоць таньней было б карыстацца дзеля гэтага чыгункай. У гаражы шпіталю адкрытая майстэрня для рамонту ў рабочы час іншамарак прыватных асобаў. Машыны зьнікаюць, як толькі паступаюць паведамленьні аб хуткай праверцы.

Прэміі разьмяркоўваюцца толькі набліжаным і патрэбным галоўлекару асобам. Іншыя гэтых прэміяў увогуле ня бачаць”.

Заканчваюць свой ліст ананімныя аўтары тлумачэньнем – маўляў, прозьвішчы свае не называем, бо баімся перасьледу з боку галоўнага лекара.

Лічыцца, што ў Беларусі створаная жорсткая сыстэма дзяржаўнага ўліку і кантролю. На гэта трацяцца вялізныя бюджэтныя сродкі, задзейнічаная разгалінаваная сыстэма разнастаўных кантрольных органаў зь вялікімі штатамі супрацоўнікаў. А вось як дзейнічае гэтая сыстэма, наколькі яна эфэктыўная – пра гэта сярод іншага сьведчыць і працытаваны ліст зь Берасьця. Апісаная схема працы правяральшчыкаў стандартная – такі ж лёс многіх скаргаў, якія мяхамі прыходзяць у дзяржаўныя канторы.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аксана Новікава, Генадзь Банкевіч і Мікалай Слуцкі зь Менску, Генрых Коўзан з Ашмянаў і Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

XS
SM
MD
LG